У дзявятай клясе ў нас зьявіўся новы прадмет — «НВП». «Ваенрук», прапаршчык у адстаўцы, на першым жа ўроку разьвеяў усе нашы аблуды што да мэтаў і задачаў сярэдняй адукацыі.

— Дзяржава марнуе грошы й навучае вас расейскай мове не дзеля таго, каб вы пісалі любоўныя цыдулкі, а каб вы пэўна й дакладна разумелі загады камандзіраў. Вас навучаюць матэматыцы, каб вы маглі пералічыць патроны, а геаграфіі — каб вы добра арыентаваліся на мясцовасьці ў часе бою.

Шмат хто з маіх аднаклясьнікаў-хлапчукоў цягнуўся да зброі. Яны абступалі настаўніцкі стол і з захапленьнем вывучалі мэханіку АКМ. Мяне ж больш цікавіла іншае: я лічыў за лепшае схавацца ў прыбіральні зь сябрам Сярожкам і вывучаць парнаграфічныя паштоўкі.

— Прыглядайце за гэтымі двума, — сказаў «ваенрук». Ён паставіў нас перад шыхтам. — Яны патэнцыйныя дэзэрціры.

Аднаго марознага студзеньскага дня «ваенрук» вывез нашу клясу ў найбліжэйшы вайсковы гарнізон, каб мы маглі азнаёміцца з армейскім побытам.

Казарма мне не спадабалася: было халодна, мы мерзьлі ў сваіх куртках, з рота валіла пара… А людзі тут спалі.

Салдацікі з тонкімі шыямі ў цяжкай мехаватай вопратцы не хадзілі, а неяк лёталі са спалоханымі тварамі. Паміж імі ўпэўнена пахаджалі суворыя камандзіры й нешта цадзілі праз зубы то адной, то другой купцы ваеннаслужачых.

У збройні нам прадэманстравалі розныя віды стралковай зброі.

— Вось, — сказаў афіцэр, зь любасьцю пагладжваючы рулю снайпэрскай стрэльбы. — Зь яе можна лёгка за кілямэтар трапіць чалавеку ў галаву.

І гэта казаў дарослы мужчына, які пэўна меў жонку й дзяцей.

Мне захацелася дахаты…

Імкліва набліжалася лета. Яно абяцала стаць незабыўным. Мы зь Сяргеем меліся сплысьці на плыце ўніз па Бярэзіне ў кампаніі дзьвюх аднагодак. Нас чакалі дзікія пясчаныя пляжы, празрыстыя затокі, усеяныя жоўтымі гарлачыкамі, фантастычныя захады сонца над плёсамі, а галоўнае — ночы ў намёце. Пра ўсё было даўно дамоўлена. Згараючы ад нецярплівасьці, мы ўжо ня чулі настаўнікаў — мы лічылі дні, якія аддзялялі нас ад вакацыяў.

Пры канцы навучальнага году хлопцаў вывезьлі за горад на тыднёвыя вайсковыя зборы. І ў першы ж дзень на паласе перашкодаў я пасьлізнуўся на мокрым бервяне, няўдала ўпаў і пачуў, як хруснула пада мной сухая галіна. Падняцца я ўжо ня здолеў. Правую нагу заліў пякельны боль.

— Адкрыты пералом абедзьвюх костак лыткі, — канстатаваў доктар.

Усё лета я пракачаўся ў больніцы, косткі не хацелі зрастацца. Мне зрабілі дзьве апэрацыі. Месяц я ляжаў «на выцяжцы». На сьпіне зьявіліся адлежыны, якія начамі не давалі заснуць… Мне здавалася — лепш памерці, чым прасіць маладзенькую санітарку выносіць судна. Нага безупынку сьвярбела пад гіпсам. Пачухаць яе не было ніякай магчымасьці.

Толькі ў верасьні я ўпершыню выйшаў на сьвежае паветра. Бледнатвары, доўгавалосы, аслабелы ад доўгага знаходжаньня ў ложку, я асьцярожна кульгаў з дручком па двары.

Па Бярэзіне зь Сяргеем паплыў іншы хлопец. Калі яны, пасталелыя, загарэлыя, зьявіліся да мяне, зь іхных бліскучых вачэй і ўпэўненых дарослых жэстаў я зразумеў, што ўсё было так, як і чакалася. Мне заставалася толькі ўяўляць, як усё гэта адбылося… Больш за ўсё мяне прыгнятала тое, што мне наканавана згінуць, так і не спазнаўшы жанчыны.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Юры Юркавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0