Карэспандэнт газэты «Чеченское общество» наведаў Ічкерыю, задаўшы пяцідзесяці чалавекам розных узростаў і прафэсій пытаньне, што яны думаюць пра гібель Аслана Масхадава і пра далейшую сытуацыю ў Чачэніі.

Пераважная большасьць людзей выказалі шкадаваньне з прычыны сьмерці Масхадава. Зь іх тры чвэрці растлумачылі гэтае шкадаваньне тым, што забіты чачэнец і чалавек, астатнія — што забіты менавіта прэзыдэнт Ічкерыі. Два чалавекі сказалі, што ён гэта заслужыў.

Большасьць людзей знаходзяцца ў падаўленым стане, бо ўпэўнены, што сытуацыя ў Чачэніі пагоршыцца. Палова зь іх пераканана, што гэта адбудзецца праз тое, што на чале руху супраціву апынуцца радыкальна настроеныя баевікі. Астатнія мяркуюць, што фэдэралы зробяць больш жорсткімі рэпрэсіі ў дачыненьні да мірных жыхароў. Невялікая колькасьць чалавек мяркуе, што нічога ня зьменіцца, і толькі двое ўпэўнены, што будзе лепш.

Руслан, 35 год, былы баявік:

— Расейцы ўжо зьнішчылі аднаго прэзыдэнта Ічкерыі — Джахара Дудаева. У 1996 г. Расея думала гэтым завяршыць вайну на сваю карысьць. Але разьлік на тое, што забойства Дудаева ўнясе раскол у стан баевікоў, не апраўдаўся. Няма гарантыі, што гэта адбудзецца і цяпер, бо вайну вядуць не Дудаеў і не Масхадаў, а людзі, у якіх у руках зброя.

Шаміль Тангіеў, супрацоўнік Праваабарончага цэнтру «Мэмарыял» у Грозным:

— Забойствам Масхадава «забілі» наша волевыяўленьне 1997 г. Які б ён ні быў слабы ці яшчэ нейкі, гэта мы павінны былі вырашаць, што зь ім рабіць. Цяпер я канчаткова зразумеў, што Расея ня хоча даць нармальна жыць ні чачэнцам, ні іншым.

Усман Касаеў, 39 год, незалежны журналіст:

— Я лічу, што Масхадаў быў мужным чалавекам, якога ў народзе паважалі. Нават у гэты цяжкі для яго час ён зь яшчэ двума целаахоўнікамі свабодна жыў у вёсцы. А цяперашняе кіраўніцтва рэспублікі кроку не ступае безь дзясятка ахоўнікаў.

Абубакар Эльдарханаў, 35 год, уладальнік кампутарнае крамы:

— Я ведаю, што нешта зьменіцца. Можа, у дрэнны бок, можа, у добры, але зьменіцца.

Луіза Асаева, 33 гады, настаўніца расейскай мовы і літаратуры:

— Мне шкада Масхадава як чалавека. Калі ягоны труп паказвалі па тэлевізары, я падумала: як ягонай сям’і бачыць яго ў такім стане? Масхадаў не заслужыў такой долі.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Паводле часопісу «Чеченское общество», які выходзіць у Назрані двойчы на месяц. Выданьне атрымала сёлета нямецка-нарвэскую прэмію Буцэрыюса як «адзінае незалежнае выданьне на Паўночным Каўказе»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0