У сераду з нагоды дзяржаўнага сьвята Славаччыны Дня — сьвятых Кірыла і Мяфодзія — прайшла прэс‑канфэрэнцыя часовага паверанага гэтай краіны Любаміра Рэгака. Ад 1 ліпеня Славаччына прадстаўляе ў нашай краіне інтарэсы Партугаліі — апошняя старшынюе цяпер у ЭС, але ня мае ў Менску прадстаўніцтва.

Таваразварот між Беларусьсю і Славаччынай летась склаў 140 млн даляраў, сёлета ён павялічыўся на 51%. З Славаччыны ў Беларусь экспартуюць машынныя запчасткі, лічыльнікі, шыны, насосы, у адваротным кірунку ідуць нафтапрадукты, калійныя ўгнаеньні, трактары, халадзільнікі.

Сп.Рэгак лічыць, што не наладжаныя культурныя адносіны. Так, летась у Менск і Берасьце прыяжджала мастацкая выстава «Славаччына ў XVI‑XIX ст.», а вось беларусы нічога падобнага так і не зрабілі. Налета ў БДУ плянуецца адкрыцьцё катэдры славацкай мовы. Між іншым, цягам прэс‑канфэрэнцыі сп. Рэгак размаўляў на выдатнай беларускай мове.

Рэгак заявіў, што славацкае пасольства будзе рабіць усё магчымае, каб наладзіць дыялёг між Эўропай і беларускімі ўладамі, рабіць усё магчымае для паляпшэньня палітычнага клімату ў краіне. Закрануў ён і пытаньне пазбаўленьня Беларусі гандлёвых прэфэрэнцыяў: «Кепска, што беларускі бок зьмірыўся зь іх стратай. Любыя зрухі да лепшага ў пытаньні абароны правоў працоўных, прымусяць Эўракамісію пачаць адваротны працэс. Гэта ня выгадна нікому. Гадзіну таму я размаўляў з адным славацкім прадпрымальнікам, які займаецца бізнэсам у Беларусі. Цяпер яму даводзіцца плаціць павышаныя кошты на славацкай мытні. Гандляваць зь Беларусьсю цяпер таксама цяжка, як з Кітаем».

Сп.Любамір выказаў спадзеў, што найбліжэйшым часам у Беларусі запрацуе прадстаўніцтва Эўракамісіі. Таксама ён закрануў пытаньне візаў, з 1 студзеня 2008 г. Славаччына далучаецца да шэнгенскай зоны. Рэгак сказаў: «Не лічу, што гэта неяк нэгатыўна адаб’ецца на нашых адносінах. Увогуле, я лічу візы перажыткам мінулага і раблю ўсё, што ад мяне залежыць, каб зьмякчыць візавы рэжым».

Дарэчы, 5 ліпеня ў касьцёле сьвятых Сымона і Алены з нагоды славацкага нацыянальнага сьвята — Дня Кірылы і Мяфодзія — пройдуць набажэнствы па‑славацку і на латыні. Удзел у службах возьме апостальскі нунцый Марцін Відавіч.

Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0