Валянцін Тарас. На высьпе ўспамінаў: Мэмуары. — Менск: Беларускі кнігазбор, 2004.

…or that sea-beast

Leviathan, which God of all his works

Created hugest…

Milton, «Paradise Lost», b.1. *

Выспа сп.Тараса мае нашмат большыя памеры ў часе, чымся ў прасторы. За выключэньнем апісаньняў даваеннага, часоў аўтаравага дзяцінства, Менску, успаміны ня маюць геаграфічнага вымярэньня. Іх зьмест — час і людзі, пражытыя дні і ночы, сустрэчы, уражаньні і сны, павароты і капрызы лёсу карэннага менчука, журналіста і літаратара, шарагоўца савецкай творчай інтэлігенцыі.

Даволі дзіўна, якой малой геаграфічна (Менск і ваколіцы) выйшла гэтая выспа; яна не пашырылася з партызанскіх часоў раньняга юнацтва. Побач жыла велізарная, на шостую частку сушы, краіна, адбываліся векапомныя зьезды, шамацелі магноліямі паўднёвыя курорты, грымелі гусеніцамі па дарогах сумежных краін савецкія танкі, выдаваліся разумныя і сьмелыя кніжкі — дыхаў і варушыўся агромністы Левіяфан звышдзяржавы. Выспа сп.Тараса месьцілася тут жа і не была цалкам ізаляваная ад гэтых зьяў, але паўстае перад чытачом тэрыторыяй з дакладна вызначанымі «берагамі» і строгім «мытным рэжымам». Усё, што адбываецца звонку, застаецца на другім пляне.

Вызначаючы ў «жменьцы папярэдніх слоў» мэту расказаць пра савецкую мінуўшчыну для тых, хто асабіста яе ня ведаў (унуку), сп.Тарас прапануе ўвазе чытачоў нізку эпізодаў свайго жыцьця, злучаную ніткамі ўласьцівых сталаму, навучанаму жыцьцём чалавеку разваг над дзівосамі лёсу, зь «невыпадковымі» супадзеньнямі, партрэтамі сяброў і калег, не пазбаўленую пэўнае палемічнасьці ў асьвятленьні «гарачых тэмаў» сёньняшняга дня — праўды пра вайну, савецкую культурную спадчыну, нацыянальны рух апошніх дзесяцігодзьдзяў. Гэта цікава чытаць сёньня і, думаецца, яшчэ цікавей будзе праз пэўны час, але чалавеку, які савецкія часы ў нейкай ступені памятае, відавочна, што пастаўленую ва ўступным слове задачу мэмуарыст выконваць не пажадаў. Бо пасьлядоўна (цяжка сказаць, сьвядома ці не) пазьбягае аналізу, абагульненьня, пашырэньня рамак апавяданьня, апісваючы ня столькі Левіяфана (савецкае жыцьцё), колькі сваю ўласную выспу.

Гэткі падыход цалкам ляжыць у рэчышчы пастаўленай у загаловак мэтафары. Нехта з высакадумных савецкіх пісьменьнікаў прапанаваў выраз «экалёгія душы». Чытаючы ўспаміны сп.Тараса, пачынаеш разумець яго ў нечым па-новаму. Чалавек сапраўды жыў на высьпе, сачыў за сабою, пільнаваў сваю душу, не дазваляючы, каб паскудзтва звонку забрудзіла і гэты кавалак прасторы (хутчэй, унутранай, чым знадворнай), зрабіўшы яго непрыдатным для жыцьця. Знадворны ўплыў быў усюдыісны, штодзённы, магутны (цяжка з таго дзівіцца, калі працуеш у органе ЦК КПБ), стрымліваць яго было невымоўна цяжка, і нават успаміны пра гэта не належаць да лёгкае справы.

У выніку маем тое, што маем. Чалавек выключна савецкага выхаваньня і шчыра савецкіх поглядаў на працягу гадоў перажывае глыбокую эвалюцыю, найгрунтоўнейшым чынам пераасэнсоўвае свае погляды, сам не перастае дзівіцца са сваёй эвалюцыі (наймацнейшы тут хіба разьдзел «Хлопчык са старога фатаздымка»), але не расказвае нам пра яе амаль нічога. А гэта ж найвялікшая — і найцікавейшая — таямніца савецкага грамадзтва: якім шляхам асобныя чыста савецкага выхаваньня людзі прыходзілі да адрынаньня савецкае ідэалёгіі? Як гэта адбывалася?

Адчуваецца, што мэмуарыст ня супраць адказаць на пытаньні. Але не адказвае. У мэмуарах увогуле вельмі мала гаворыцца пра «несавецкі» бок жыцьця аўтара, пра ягоныя роздумы, пошукі, пра неаднаразовы нялёгкі выбар (накшталт адмовы ад уступленьня ў партыю), які, у адрозьненьне ад шмат каго з аднагодкаў, урэшце прывёў яго да іншых поглядаў і каштоўнасьцяў.

Безумоўна, важкім быў уплыў сяброў, але іншы раз нават крыўдна: толькі згадваюцца гарачыя размовы і спрэчкі з А.Адамовічам, В.Быкавым, зьмест жа тых размоў застаецца «за кадрам». А гэта ж і была тая жывая матэрыя інтэлігенцкага жыцьця часоў застою! Вельмі стрымана падаюцца ваганьні наконт уступленьня ў партыю, амаль нічога — пра перажываньні (яны, безумоўна, мелі месца) супрацоўніка «Звязды», які бачыў, скажам так, разыходжаньні паміж рэчаіснасьцю і тэкстамі газэты, да якіх і сам прыкладаў руку. Аповед пра гэта, безумоўна, вымагаў бы шырэйшага асьвятленьня савецкіх рэалій, каб неабазнанаму чытачу сталі зразумелыя адпаведныя маральныя дылемы. Мэмуарыст, аднак, выразна ўстрымліваецца ад экскурсаў на тэрыторыю Левіяфана.

Праз гэтую стрыманасьць стаўленьне Валянціна Тараса да савецкага ладу вымалёўваецца даволі выразна. Дзяржава і партыя жывуць сваім жыцьцём, спадар Тарас, савецкі пісьменьнік і журналіст, — у цесным сымбіёзе зь імі, але самастойна. Самастойнасьць для яго вельмі дарагая, але на дачыненьні сымбіёзу кладзецца большая частка жыцьця, і сьмешна было б рабіць выгляд, што гэта ня так. Тым больш што сымбіёзу сп.Тарас не перарываў: гэта Левіяфан здох.

Маўчаньне адносна прыкрых бакоў блізкага сужыцьця зь дзяржпартыйным калосам можна вытлумачыць тым, што гэткія рэчы, наколькі было магчыма, не дапускаліся на выспу сп.Тараса. Хутчэй за ўсё, ён меў рацыю: адасоблены лапік незалежнай тэрыторыі мог ня вытрымаць напружаньня. Бо адчуваецца, што, нягледзячы на кола адданых сяброў, гэта была менавіта выспа ў неспакойным моры, на сэйсьмічна ненадзейнай глебе і побач з магутным зьверам. Тут трэба асьцерагацца. Але ж чытач… Чытач шмат чаго страціў.

Антаганістычныя настроі падаюцца пераважна ў сьціслым пераказе. У фокусе «біяграфічнай мастацкай прозы» (гэтак вызначае жанр сваіх замалёвак аўтар) апынаюцца менавіта праявы сынэргізму ў адносінах зь дзяржаўна-партыйным калосам. Сп.Тарас цікава і пераканаўча апісвае змаганьне з фашызмам, сьведкам і ўдзельнікам якога ён быў. Людзі баранілі свайго Левіяфана ад яшчэ больш небясьпечнага для іх стварэньня. Нават больш: для сп.Тараса менавіта досьвед ваенных гадоў стаўся падмуркам для пабудовы самастойнага сьветапогляду, вызваленьня з палону ідэалягічных догмаў.

І падчас вайны, і пасьля яе мэмуарыст не імкнуўся не заўважаць непрыемныя бакі рэчаіснасьці. Але, апісваючы савецкае жыцьцё, сп.Тарас пазьбягае змрочных фарбаў. У самай сумнай сытуацыі ён знаходзіць ракурс, зь якога яна выглядае найлепей. Нідзе ён не падае ўласныя ўчынкі як асабісты бунт супраць сыстэмы, зь вялікім задавальненьнем апісваючы, якім чынам удавалася рэалізоўваць сумленныя задумы без адкрытага канфлікту з уладай. Непазьбежныя на гэтым шляху страты і саступкі (накшталт штучных канцовак ягоных ваенных апавяданьняў) выклікаюць у яго сум, але, здаецца, ніколі — згрызоты сумленьня. Бо рэдка хто з творчых работнікаў — калі быў сапраўды творчы — не дражніў савецкага Левіяфана, але мала хто парушаў пры гэтым добра вядомыя правілы бясьпекі.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

* …Або марской пачвары, што завём

«Левiяфан», якую Бог стварыў

З усiх зьвяроў найбольшай...

Мільтан, «Страчаны рай»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0