Беларуская зборная па фрыстайле вярнулася з чэмпіянату сьвету па фрыстайле ў Фінляндыі, прывезшы толькі адзін мэдаль.

У акрабатыцы бронзавы прызэр Алімпіяды ў Солт-Лэйк-Сіці Аляксей Грышын таксама быў трэцім. Зьміцер Дашчынскі спыніўся ў кроку ад п’едэстала — ён чацьверты. Жанчынам подыюм так і не пакарыўся. Ала Цупэр заняла пятае месца, Асоль Сьлівец — дзявятая.

Ня лепшым чынам выступілі беларусы і на апошнім этапе Кубку сьвету па біятлёне ў Ханты-Мансійску. У нядзелю прайшлі эстафэты-мікст. Нашым трэнэрам праявіць бы мудрасьць і выставіць адну, але моцную зборную: дзьве жанчыны, двое мужчын. Пагатоў ёсьць з каго выбіраць. Але беларусы, як у песьні, зьляпілі з таго, што было — і выставілі цэлыя дзьве каманды. Вынік нулявы. Першая зборная ў складзе Вольгі Назаравай, Алены Зубрылавай, Аляксандра Сымана, Алега Рыжанкова заняла 11-е месца, адстаўшы ад пераможцаў — зборнай Расеі — на тры з паловай хвіліны. Другая зборная — Кацярына Іванова, Людміла Ананька, Рустам Валіулін, Сяргей Новікаў — прыйшла на фініш 12-й з 22-х каманд.

На турніры ў Ханты-Мансійску пастаўлена кропка ў біятлённым сэзоне, таму ёсьць што падсумаваць. На дзевяці этапах беларусы заваявалі два залатыя (Аляксандар Сыман, Алена Зубрылава), адзін сярэбраны (Алег Рыжанкоў) і пяць бронзавых мэдалёў. Найвышэйшы вынік у жанчын у Зубрылавай — у агульным заліку Кубку сьвету яна на сёмым месцы. Летась была дзявятай. У мужчын лепшы зь беларусаў — Алег Рыжанкоў, у якога 25-е месца. А вось Аляксандар Сыман дабіўся найбольшага прагрэсу: ён узьняўся з 59-га на 35-е месца. Колішняя надзея беларусаў — вараг Уладзімер Драчоў — за год апусьціўся з 10 па 71-е месца. Хоць бяры і назад у Расею вяртай вэтэрана зборнай.

У заліку Кубку нацый (куды сумуюцца ўсе вынікі і індывідуальных і эстафэтных гонак), жаночая і мужчынская зборная на шостым месцы. Пытаньне, якое не дае спакою перад будучымі зімовымі гульнямі: з кім будуць спаборнічаць беларускія спартоўцы? У лютым няма ні сяўбы, ні жніва, ні касавіцы. Таму калгасьнікі тут не дапамога. Магчыма, ёсьць сэнс абвясьціць спаборніцтва з камунальнымі службамі. Адна мэдаль роўная тысячы кубамэтраў прыбранага сьнегу.

У мінулую пятніцу адбылося лёсаваньне чвэрцьфіналаў футбольнае Лігі чэмпіёнаў. Інтрыгуе склад адной з параў: «Ювэнтус»—«Лівэрпуль». Дваццаць гадоў таму, у 1985 г., фінальны матч між гэтымі дружынамі на брусэльскім стадыёне «Эйзэль» прывёў да адной з найбуйнейшых трагедый у гісторыі сусьветнага футболу.

Тры трыбуны стадыёну мелі неафіцыйную назву «скотны двор», бо там былі самыя танныя месцы, і асноўная маса заўзятараў там не сядзела, а стаяла. Пакуль ня грымнуў гром, ніхто не парупіўся пра бясьпеку балельшчыкаў.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0