Пратэст нямецкай амбасады

Дыпляматычнае прадстаўніцтва Нямеччыны выступіла ў сувязі з публікацыяй у «Советской Белоруссии», у нумары за 10 сакавіка, артыкулу «Дранг нах Остэн-2». Аўтар артыкулу на першай паласе, што падпісаўся як Вольга Нікіціна, папракнуў немцаў у падрыхтоўцы «інструкцыі для рэвалюцыі» ў Менску. Нямецкія дыпляматы спрабавалі адшукаць карэспандэнта, але высьветлілася, што журналіст з указаным прозьвішчам раней у газэце не друкаваўся і рэдакцыі невядомы. Адказу з «СБ» таксама няма.

Газ падаражэе

Кіраўніцтва «Газпрому» абяцае налета падняць цэны на газ для Беларусі. Хутчэй за ўсё, за тысячу кубамэтраў давядзецца плаціць $55—60 замест $46,68. «Газпром» вымагае ад расейскага ўраду 22-адсоткавага павышэньня ўнутраных тарыфаў на газ ці наагул адмены рэгуляваньня газавых цэнаў. У такім выпадку непазьбежны рост цэнаў на экспартаваны з Расеі газ. Пытаньне цэнаў на наступныя два гады вырашаецца ў Маскве гэтымі днямі.

Лёс лётчыкаў

На просьбу беларускага боку для правядзеньня консульскіх дзеяньняў і афармленьня неабходных дакумэнтаў у Мванзу (Танзанія) камандзіраваны консул расейскай амбасады ў Дар-эс-Саляме. 23 сакавіка ў Танзаніі разьбіўся самалёт малдаўскай авіякампаніі. З васьмі чалавек экіпажу шасьцёра былі грамадзянамі Беларусі. Дастаўка на радзіму цел загінулых магчыма толькі пасьля расшыфроўкі «чорных скрыняў», апазнаньня і афармленьня ўсіх дакумэнтаў.

Штрафы і пэнсіі ўзрастуць

1 красавіка, паводле пастановы Саўміну, на 6,25% павышаюцца тарыфная стаўка першага разраду й базавая велічыня. Базавая велічыня складзе 25 500 рублёў (была 24 тыс.), тарыфная стаўка — 51 000 (48 тыс.). Павысяцца з 1 красавіка і пэнсіі. Максымальная зараз складзе 309,3 тыс. руб. ($143,7), мінімальная працоўная — 96,6 тыс. ($44,9).

Грып адступіў зь Менску

З 30 сакавіка ў сталіцы адменены супрацьэпідэмічныя меры, выкліканыя пад’ёмам узроўню колькасьці захворваньняў на грып і ВРВІ.

Украінскі досьвед

Трое абвінавачаных ва ўчыненьні фальсыфікацыяў падчас выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі ва Ўкраіне атрымалі ад трох да трох з паловай гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай прысуду. Усе яны вінаваціліся ў спробе арганізацыі так званых «арэляў» — галасаваньня па фальшывых бюлетэнях.

АГ, svаboda.org, afn.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0