Расея здабыла падтрымку Нямеччыны ў справе пабудовы газаправоду па дне Балтыйскага мора.

Польшча, Літва і Латвія загадзя крытыкуюць праект як палітычную акцыю, што мае на мэце маргіналізаваць і падпарадкаваць Усходнюю Эўропу. Украіна лабіруе альтэрнатыўны праект.

Заходнія краіны схіляюцца да падтрымкі пабудовы нітку газаправоду, што злучыць па дне Балтыйскага мора Санкт-Пецярбург і нямецкі Грайфсвальд (зямля Мэкленбург — Пярэдняя Памэранія). Хоць канкрэтных дамоваў пакуль няма, гэты праект ужо выклікаў занепакоенасьць Польшчы, Літвы й Латвіі.

Урады Польшчы, Літвы і Латвіі мяркуюць, што пракладаньне труб абыдзецца значна даражэй, чым па сушы, будзе чыста палітычнай акцыяй ды небясьпечнае ў экалягічным пляне. Яны нават называюць праект новым пактам Молатава—Рыбэнтропа, які спрычыніцца да перадзелу Эўропы, гэтым разам на энэргетычныя анклявы.

Прэм’еры трох краін зьвярнуліся зь лістом да старшыні Эўракамісіі Жазэ Мануэла Барозу. Яны просяць ЭЗ падтрымаць пляны пабудовы альтэрнатыўнага газаправоду праз Польшчу. Газаправод «Amber» («Бурштын») мае цягнуцца з Расеі праз Латвію, Літву, Калінінградзкую вобласьць, Польшчу ў Эўропу.

Аб’ёмы перапампоўваньня газу па абодвух праектах аднолькавыя — 20—30 млрд кубамэтраў у год. Але пабудова «марскога» газаправоду будзе каштаваць на 7 млрд даляраў болей (10,3 млрд супраць 3,3 млрд). Колісь у «Газпрому» былі пляны па пабудове газаправоду праз Польшчу, але яны засталіся на паперы.

У Расеі свая рацыя. Яны даводзяць, што пры будаўніцтве газаправоду праз Польшчу і краіны Балтыі ўзьнікне «рызыка ў гэтых краінах». Таму канцэрн «Газпром» пачаў актыўна лабіраваць «марскі» праект у Нямеччыне, Францыі і Вялікабрытаніі, куды і плянуецца пампаваць газ. Зерне ўпала на ўрадлівую глебу, і шмат хто з заходнікаў ужо лічыць новапрынятыя краіны Эўразьвязу ненадзейнымі, далучаючыся да расейскай прапановы.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0