У артыкуле Алеся Аркуша «Рызыкоўная барацьба намэнклятуры» (НН, №7 за 18 лютага) зноў актуалізуецца пытаньне: ці існаваў «Саюз вызваленьня Беларусі» ў рэальнасьці? І ці маглі нацыянал-дэмакраты ўзяць уладу ў свае рукі на мяжы 1920-х і 1930-х? З Алесем Аркушам палемізуе Анатоль Сідарэвіч.

Перш чым паспрабаваць выказацца на гэтую тэму, адзначу недакладнасьці. Аўтар піша, што ў 1930 г. «межы закрыліся». Нават вельмі яшчэ не закрыліся. Пра гэта мы можам прачытаць, напрыклад, ва ўспамінах Мікалая Ўлашчыка (гл.: Улашчык М. Выбранае. Менск: Беларускі кнігазбор, 2001. С.365—366). У 1930—1931 г. нямала сялян уцяклі цераз гэтую мяжу ад высылкі на Поўнач. «На замок» мяжу ўзялі к 1933 г. Гэтаму паслужыла ня толькі ўзмацненьне яе аховы і «тэхнічныя мерапрыемствы», але і ўвядзеньне ў 1932 г. пашпартнай сыстэмы ў памежнай зоне. А таксама арышты мужчын у памежных вёсках (да 80 адсоткаў). Другая заўвага: такая арганізацыя, як БПС-Р «Маладая Беларусь», не існавала.

А лідэр хто?

Аўтар спрабуе пабудаваць гіпотэзу, што «нейкая закансьпіраваная арганізацыя, без фармальнага сяброўства для неўтаямнічаных сымпатыкаў, усё ж існавала», і стараецца знайсьці сярод дзяржаўных дзеячаў БССР магчымага правадыра «СВБ». Аднак неабходных падстаў, патрэбных для гіпотэзы, А.Аркуш не прад’яўляе. Таму пагодзімся, што мы маем справу адно толькі з праблемаю.

Апавядаючы нам пра Алеся Адамовіча, Антона Баліцкага ды Ўсевалада Ігнатоўскага, мімаходзь закрануўшы Аляксандра Чаравякова, А.Аркуш так і не паказаў нам, ці праводзілі гэтыя дзеячы нейкія нарады, ці хадзілі яны ў адну лазьню, ці ладзілі застольлі «для сваіх». «На агеньчык да Баліцкага» заходзілі адны людзі, а да Купалы завітвалі і тыя, хто хадзіў да Баліцкага (напрыклад, наркамзем Зьміцер Прышчэпаў). А да каго хадзілі Вацлаў Ластоўскі ды Аляксандар Цьвікевіч?

Тут паўстае і такое пытаньне: лідэр пэўнага гуртка (а мы бачым толькі гурткі) быў лідэрам ex officio ці з прычыны сваіх маральна-інтэлектуальных якасьцяў? У выпадку Купалы ў нас няма ніякіх сумненьняў: «старога» паважалі за тое, што ён Паэта. Аднак ён ня быў палітыкам. І хоць сустрэчы за ягоным сталом пазьней кваліфікавалі як нелегальныя сходы, гутаркі там вяліся адкрытыя. Пра тую ж мангалаізацыю Беларусі. А вось Баліцкі? Ці разглядалі наркама асьветы як лідэра? Сьцяпан Некрашэвіч, Зьміцер Жылуновіч, Міхась Кудзелька маглі заходзіць да яго і таму, што ў ягоным ведамстве знаходзіліся і выдавецтвы, і галоўліт, і галоўмастацтва, і музэі, і Інбелкульт (потым Акадэмія). Чаму ж было не зайсьці, каб вырашыць пэўныя пытаньні ў нефармальнай размове? Ці заходзілі ўсе названыя дзеячы да Баліцкага пасьля таго, як ён перастаў быць наркамам? Калі так, то ГПУ павінна было б арыштаваць яго адным зь першых.

Пасіўны Ластоўскі

У пераліку магчымых, з гледзішча ГПУ, лідэраў «СВБ» (Ластоўскі—Цьвікевіч—Смоліч) А.Аркуш прапусьціў Некрашэвіча. Паводле афіцыйнай вэрсіі, гэта ён быў кіраўніком да прыезду Ластоўскага. З Ластоўскім, праўда, ГПУ памылілася. Ідэалягічна няўстойлівы (пабыў і пэпээсаўцам, і грамадаўцам, і кансэрватарам, і эсэрам), пан Вацлаў, як паказваў Аркадзь Смоліч, «трымаўся надзвычай пасіўна». Не падыходзіў ён на ролю правадыра і таму, што зусім неймавернымі былі б зьвязкі «Ластоўскі—Купала», «Ластоўскі—Смоліч». Як і зьвязка «Ігнатоўскі—Цьвікевіч». «Карыфэй» Смоліч паводле сваіх інтэлектуальных якасьцяў мог бы падысьці на ролю лідэра, але… Паказальна, што яму, які шмат зрабіў для станаўленьня Інбелкульту і складаў характарыстыкі на кандыдатаў у акадэмікі, самому не надалі званьня акадэміка. Ці Ігнатоўскі так адпомсьціў яму за сяброўства зь Цьвікевічам?

Наступным кандыдатам на лідэра быў Ігнатоўскі, ды ён пакінуў гэты сьвет. І вось ГПУ спыняецца на постаці Аляксандра Цьвікевіча. Менавіта яму яно дае партфэль прэм’ер-міністра ва ўрадзе, які «СВБ» нібыта мерыўся стварыць разам зь «Беларускім філіялам прампартыі», «Беларускім філіялам Працоўнай сялянскай партыі» і «Беларускім філіялам меншавікоў» (падрабязна пра гэта я пісаў у «НН» за 7 студзеня сёлета).

Зь дзеячаў БССР толькі аднаго Ігнатоўскага ГПУ бачыць на чале «СВБ». І затое — чатырох дзеячаў БНР (Некрашэвіча, Ластоўскага, Смоліча, Цьвікевіча), дарма што А.Адамовіч лічыў іх ненадзейнымі палітыкамі. Пра Баліцкага як лідэра «СВБ» я не чытаў, хоць яго, як піша А.Аркуш, «пачалі шукаць».

Асаблівасьці нацыянальнага характару

Тое, што на чале «СВБ» «ставілі» менавіта дзеячаў БНР, тлумачыцца проста: «СВБ» разглядаўся як апошняе зьвяно ў ланцужку «сусьветны імпэрыялізм — польскі фашызм — беларускі нацыянал-фашызм (у Заходняй Беларусі) — нацдэмы (БССР)». Хто зь дзеячаў БССР кантактаваў з «імпэрыялістамі» і «фашыстамі»? Іншая справа Некрашэвіч, Ластоўскі, Смоліч, Цьвікевіч. Іншая справа Ігнатоўскі: і за мяжою трохі пабываў, і з многімі «нацыянал-фашыстамі» знаёмы, і, ведучы эсэраўскую працу паміж рэвалюцыямі, быў вядомы расейскім ды беларускім эсэрам, якія эмігравалі, «пайшлі на службу да імпэрыялістаў». Такога паслужнога сьпісу ня мелі ні Баліцкі, ні Прышчэпаў, ні Адамовіч. Дарма што адзін зь іх быў барацьбістам, другі эсэрам, а трэці пабываў у БСГ.

Такім чынам, А.Аркуш не прад’явіў нам неабходных фактаў для будаваньня гіпотэзы пра існаваньне нейкае закансьпіраванае арганізацыі. Арганізацыя бязь лідэра ці калектыўнага кіраўніцтва існаваць ня можа. Усе разгледжаныя аўтарам пэрсаналіі не надаваліся на такую ролю. Да таго ж і этнапсыхалёгія такая, што беларусы 1) кепска самаарганізуюцца і 2) схільныя да канфліктаў па непрынцыповых пытаньнях. Узор такога канфлікту даў Ластоўскі. Калі 18 лютага 1918 г. Беларуская Рада ў Вільні прымала прапанаваную А.Луцкевічам рэзалюцыю аб разрыве дзяржаўных адносінаў з Расеяй, Ластоўскі «прычапіўся» да аднаго слова і толькі дзеля гэтага слова адзін з усяе Рады прагаласаваў супроць рэзалюцыі. Вядома, прычынаю такіх палітычных паводзінаў было ня слова, а тое, што праект рэзалюцыі склаў Луцкевіч. І тут мы маем справу з такою рысаю беларусаў, як уменьне ставіць argumentum ad hominem па-над усімі аргумэнтамі. Схільнасьць да канфліктаў па непрынцыповых пытаньнях і да прыярытэтнага карыстаньня argumentum ad hominem уласьцівая як панам (успомнім эпоху Рэчы Паспалітае), так і мужыкам. І сам А.Аркуш вымушаны мімаходзь згадаць «праявы ўнутранай барацьбы» сярод «нацдэмаў».

Хвалю зьбілі загадзя

Давайце прымем рабочую вэрсію, што і Баліцкі, і Прышчэпаў, і Адамовіч былі лідэрамі ex officio. Рыхтуючы «рэвалюцыю зьверху», у т.л. калектывізацыю, Сталін нэўтралізаваў сваіх галоўных праціўнікаў у Маскве. Мы ведаем, што ў красавіку 1929 г. ЦК ВКП(б) змусіў Мікалая Бухарына адмовіцца ад абвінавачаньня Сталіна і яго аднадумцаў у ваенна-фэадальнай эксплюатацыі вёскі. 20 жніўня Бухарына вывелі з выканкаму Камінтэрну. А цяпер працытуем хроніку, якую вёў Луцкевіч: «Прэзыдыюм Цэнтральнага Выканаўчага Камітэту БССР (ясна: па трэбаваньні Масквы…) звальняе: 31 жніўня 1929 г. — Антона Баліцкага з становішча Народнага камісара асьветы БССР; (...); 14 верасьня — Зьмітру Прышчэпава, былага Народнага камісара земляробства БССР, з становішча намесьніка старшыні Дзяржаўнае плянавае камісіі і члена Эканамічнае нарады БССР; 17 верасьня — Зьмітру Жылуновіча, былага галаву першага ўраду Радавае Беларусі, з становішча намесьніка Народнага камісара асьветы БССР; А. Адамовіча — з стан. намесьніка Народнага камісара земляробства; Міхася Кудзельку (паэта, ведамага пад прозьвішчам Міхась Чарот, старшыню «Маладняку») — з становішча адказнага рэдактара «Савецкае Беларусі»; 10 кастрычніка — Ігната Масальскага з станов. Народнага камісара сацыяльнага забесьпячэньня БССР. А 16 кастрычніка Савет Народных Камісараў звальняе В.Ластоўскага з становішча неадменнага сакратара Беларускае Акадэміі Навук і Сьцяпана Некрашэвіча — з станов. віцэ-прэзыдэнта Акадэміі. І гэтак далей. А адначасна адбываецца выкіданьне з кампартыі найбольш актыўных камуністаў-беларусаў…» (Наперад! 1929. 12 сьнежня).

17 лістапада 1929 г. ЦК ВКП(б) выводзіць з Палітбюро Бухарына і папярэджвае Старшыню СНК СССР Аляксея Рыкава ды лідэра прафсаюзаў Міхаіла Томскага, а 19 сьнежня Бюро ЦК і Прэзыдыюм ЦКК КП(б)Б прымаюць рэзалюцыю «Аб пазыцыі тав.Чарвякова па пытаньнях барацьбы з правым ухілам і нацыянал-дэмакратызмам». 27 сьнежня «Зьвязда» друкуе ліст А.Чарвякова, які прызнае свае «памылкі». А раней — 20 сьнежня — у той самай газэце зьявіўся ліст З.Жылуновіча «Мае памылкі і іх карэньні».

Чакаць нейкага арганізаванага выступу «на хвалі незадаволенасьці калектывізацыяй», нават калі б «правыя» камуністы асьмеліліся на тое, не даводзілася. Хвалю зьбілі да таго, як яна магла ўзьнікнуць. Сталін прадбачліва нанёс прэвэнтыўны ўдар і, паўтаруся, нэўтралізаваў сваіх галоўных апанэнтаў у Маскве, а потым і ў Менску.

Нешта падобнае адбылося і ва Ўкраіне. На пачатку 1930 г. уся Беларусь лавіла весткі з працэсу «Спілки визволення Украïни». Разумныя людзі казалі: і ў нас будзе такое.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

(Заканчэньне будзе.)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0