Падзеі ў Кыргызстане БТ паставіла ў адзін шэраг зь мірнымі рэвалюцыямі ў Грузіі і ва Ўкраіне. Факты не адпавядаюць канцэпцыі? Тым горш для фактаў!

Даўно заўважана — чым далей журналіст ад месца падзей, тым прасьцей пісаць пра гэта. За савецкім часам журнуалісты-«амэрыканісты» дасканала разьбіраліся ў праблемах палітыкі рэспубліканскай або дэмакратычнай партый і зь лёгкасьцю выдавалі прагнозы на абраньне чарговага прэзыдэнта ЗША. Адказнасьці ніякай, бо міжнародныя аглядальнікі залежалі не ад гледачоў, а толькі ад начальства і лініі кіраўніцтва КПСС у той канкрэтны момант. З таго часу мала што зьмянілася, варта толькі паглядзець БТ. Навошта пасылаць карэспандэнта ў Рыгу, каб ён пагутарыў там наконт «вызваленьня Латвіі» савецкімі войскамі як з латышамі, так і з расейскамоўнымі жыхарамі? Усё значна прасьцей — бярэцца «карцінка» шэсьця вэтэранаў вафэн-СС і накладаецца прапагандысцкае клішэ: у Латвіі працьвітае фашызм.

Што ўжо казаць пра далёкі Кыргызстан? Кадры рабаваньня ўнівэрмагаў у Бішкеку ў камэнтарах расейскіх і беларускіх тэлежурналістаў адразу зьліліся ў агульную песьню на стары матыў: «Паглядзіце, што такое ваша рэвалюцыя і на што здольная ваша апазыцыя». Падзеі ў Кыргызстане імгненна былі пастаўлены ў адзін шэраг з падзеямі ў Грузіі і ва Ўкраіне. Між тым і ў Тбілісі, і ў Кіеве рэвалюцыі былі абсалютна бяскроўнымі і выключна мірнымі. Але гэтая акалічнасьць папросту ігнаруецца. Факты не адпавядаюць канцэпцыі? Тым горш для фактаў!

Шырокая кааліцыя, альбо «Тэорыя змовы»

Ва ўсіх трох выпадках ёсьць нешта супольнае, свайго роду схема ці, кажучы мовай спэцыялістаў, архетып падзей. Падставай для актыўных дзеяньняў апазыцыі становіцца фальшаваньне вынікаў выбараў (прэзыдэнцкіх ці парлямэнцкіх) з боку ўладаў. У выніку масавых акцый пратэсту частка ці большасьць чынавенства пераходзіць на бок апазыцыі, а судовыя органы ці пракуратура прызнаюць факт фальшаваньня выбараў. Вынік — падзеньне прагнілага рэжыму ды прыход ва ўладу новых (або адносна новых) асоб.

Што яшчэ кідаецца ў вочы, дык гэта шырокая кааліцыя сіл, якія ўступаюць у супрацьстаяньне з рэжымам. Пад сьцягамі апазыцыі могуць выступаць побач нацыяналісты і камуністы, тэхнакраты і лібэралы, рэлігійныя артадоксы і рэфарматары. Але гэта парадаксальна толькі на першы погляд. Бо ў аўтарытарным грамадзтве дэмакратычныя партыі ня могуць аформіцца і дзейнічаць звычайным, законным парадкам. Апазыцыянэры проста вымушаныя, каб процістаяць рэжыму, дзейнічаць разам. І аб’ядноўвае апазыцыю не абавязкова «адзіны кандыдат». Гэта можа быць і «супольны вораг», аднолькава ненавісны ўсім.

Што прыходзіць на зьмену старому ладу — асобнае пытаньне, якое кожная краіна вырашае па-свойму.

Варта адзначыць, што расейскія палітолягі і афіцыйныя асобы, уключна з прэзыдэнтам, спрабуюць звальваць усё з хворай галавы на здаровую. Паводле іх лёгікі, гэта ня ўлады мусяць несьці адказнасьць за фальшаваньне выбараў, выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу, падман выбарцаў, парушэньне закону, а апазыцыя, якая нежаданьнем прызнаць такія выбары легітымнымі дэстабілізуе сытуацыю.

Некаторыя «палітолягі» ідуць далей. Прыклад такой паліталёгіі падала нядаўна «Советская Белоруссия», апублікаваўшы аналітычную нататку нейкага навукоўца з Санкт-Пецярбургу аб сытуацыі ва Ўкраіне. Заканамернасьці, пра якія казалася вышэй і якія праявіліся падчас аранжавай рэвалюцыі, ператвараюцца ў аналітыка ў зламысны сцэнар, распрацаваны замежнымі спэцслужбамі. Гэтае адкрыцьцё мала чым адрозьніваецца ад усіх астатніх «тэорый змовы», у тым ліку тэорыі аб тым, што развал СССР быў сплянаваны і зьдзейсьнены ЦРУ (або «Масадам», або масонамі). Калі пагадзіцца са згаданай тэорыяй, дык яе аўтары павінны прызнаць, што галоўнай зброяй у руках варожых сіл былі КГБ, ваенна-прамысловы комплекс і частка кіраўніцтва КПСС, якія ўчынілі бяздарны пераварот у жніўні 1991 г.

Зразумела, што ў ЗША, як і ў ЭЗ, як і ў Расеі, ёсьць свае інтарэсы ва Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі. У.Пуцін, між іншым, днямі фактычна прызнаў, што СНД зьяўляецца на сёньняшні дзень анахранізмам. Такім самым анахранізмам трэба было б прызнаць і Дагавор аб калектыўнай бясьпецы, зь якога вынікае, што Беларусь павінна турбавацца пра ахову паўднёвых межаў Кыргызстану. А Кыргызстан тады павінен дапамагаць Беларусі ў процістаяньні NATO? Але ж яшчэ Акаеў зразумеў, што ня толькі супрацоўніцтва з Масквой, але і прыязныя дачыненьні з Вашынгтонам здольныя прынесьці карысьць ягонай краіне, і даў дазвол на разьмяшчэньне ў Кыргызстане амэрыканскай авіябазы. Пры захаваньні аналягічнай расейскай…

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0