У нядзелю ў шатляндзкім Пэйсьлі завяршылася сусьветнае жаночае першынство па кёрлінгу.

Выйграла яго зборная Швэцыі. А ўжо 2 красавіка ў Вікторыі (Канада) стартуе мужчынскі чэмпіянат сьвету. На заходнім узьбярэжжы Канады зьбяруцца 12 наймацнейшых камандаў плянэты — Аўстралія, Новая Зэляндыя, Канада, Шатляндыя, Фінляндыя. Гульні будзе трансьляваць канал «Эўраспорт».

Новыя тэндэнцыі ў спорце

У сьвеце расьце цікавасьць да экзатычных відаў спорту — сплаву на байдарках па горных рэках, гарадзкога альпінізму, сэрфінгу, снаўборду або папулярнага апошнім часам цюбінгу. Прымета пераходу якога-небудзь віду з экзатычных у масавыя — уключэньне ў алімпійскую праграму.

Яшчэ адна з апошніх тэндэнцый — індывідуалізацыя ці зьмяншэньне колькасьці ўдзельнікаў таго ці іншага спаборніцтва. Прасьцей аматару-пачаткоўцу адшукаць аднаго напарніка і двух супернікаў для пляжнага валейболу, чым фармаваць дзьве каманды па шэсьць чалавек для яго клясычнага субрата. Або навошта ствараць хакейную каманду з дваццаці чалавек, калі можна «зьбіць» дружыну з чатырох чалавек для гульні ў кёрлінг. Пагатоў і пляцоўка трэба меншых памераў.

Нядобразычліўцы кажуць, што кёрлінг — страшэнна нудная гульня. Нехта асьцярожна пуляе камень па лядовай пляцоўцы, а іншыя апантана ў гэтым момант шуруюць лёд швабрамі. Аднак варта ўсяго раз паглядзець гульню, каб захварэць на яе.

Свой/чужы дом

У кёрлінг гуляюць дзьве каманды па пяць чалавек (чатыры асноўныя і адзін запасны) — скіп (капітан), віцэ-скіп, лід (вядучы) і сэканд (другі). У залежнасьці ад катэгорыі спаборніцтваў гульня складаецца з васьмі—дзесяці эндаў (пэрыядаў), у кожным зь якіх запускаецца па восем камянёў.

Задача кожнай з каманд — паставіць як мага болей сваіх камянёў-бітаў у дом, дыямэтар знадворнай акружнасьці якога складае шэсьць футаў (182 см), як мага бліжэй да цэнтру. І заадно па магчымасьці павыбіваць адтуль камяні супернікаў. Маса каменя — 44 фунты (19,95 кг). Кіруюць дзеяньнямі скіпы — мозг і штаб каманды. Яны вырашаюць, як найзручней «трапіць» у дом, уваход куды можа быць зачынены камянямі суперніка.

Гульцы каманды па чарзе — лід, сэканд, віцэ-скіп, скіп — пускаюць камень. Двое калег у гэты момант апантана паліруюць лёд шчоткамі-мётламі, ствараючы адмысловую дарожку, коцячыся па якой, камень ня толькі павялічвае свой шлях, але нават мяняе траекторыю.

З радзімы піктаў

Радзіма кёрлінгу — Шатляндыя. Паводле адных зьвестак, кёрлінг прыдумалі горцы, якім трэба было неяк бавіць час у перапынках паміж войнамі з англічанамі. Паводле другой вэрсіі, гульню прыдумалі манахі, якія ня ведалі, куды сябе падзець доўгімі каледонскімі зімамі. Першыя зафіксаваныя згадкі пра гульню адносяцца да 1511 г. На адной з гравюр, датаванай гэтым годам, і быў адлюстраваны «камень у руху». Пазьней Пітэр Брэйгель-старэйшы адлюстраваў гульню на карціне, а шатляндзкія паэты раз-пораз праслаўлялі яе ў вершах.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0