Цэны на газ стануць сусьветнымі

«Беларусі трэба быць гатовай да ўсясьветных цэнаў на газ, нягледзячы на часовыя пагадненьні з Расеяй, — заявіў агенцтву «Інтэрфакс» Анатоль Паўловіч, які ўзначальвае ў палаце прадстаўнікоў камісію, што займаецца пытаньнямі прамысловасьці і энэргазабесьпячэньня. Паўловіч сказаў, што як толькі Расея далучыцца да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі (а гэта можа адбыцца ў 2006-м), яна падыме цэны на газ для Беларусі да ўсясьветнага роўню.

Рэканструкцыя рынкаў

У чэрвені распачнецца рэканструкцыя трох менскіх рынкаў — Чэрвенскага, Чыжоўскага ды Курасоўшчынскага. Так, Чэрвенскі рынак ператворыцца ў шопінг-цэнтар, дзе пад адным дахам будуць знаходзіцца і гандлёвыя залі, і офісы, і паркінг. Каштаваць мадэрнізацыя будзе $30 млн, але перабудова не павінна прыпыніць працы гандляроў.

Засолім і перасолім Расею

«Мазырсоль» пашырае дылерскую сетку ў Расеі, дзе і прадае большую частку прадукцыі. Летась у Расею прадалі 173 тыс. тон солі. Прадпрыемства рыхтуецца завесьці дылераў у тых рэгіёнах Расеі, да якіх беларуская соль яшчэ не дабралася, — на Далёкім Усходзе і Поўдні. У гэтым выпадку пастаўкі мазырскай солі ў Расею павысяцца да 190 тыс. тон.

Залатыя рэйкі

Праз рост цэн на чорны мэтал у Расеі Беларуская чыгунка ня можа набыць патрэбнай колькасьці рэек. Тона рэек каштуе $585 (летась — $394). Ужо бракуе тысячы тон рэек і адпаведнай колькасьці мацаваньняў. Праз рост цэн будзе набыта толькі 12 тыс. тон замест заплянаваных 30 650 тон.

Прагнозы МВФ

Экспэрты Міжнароднага валютнага фонду лічаць, што сёлетні рост беларускай эканомікі складзе 7,1%. Урадавы прагноз — 8—10%. МВФ лічыць, што інфляцыя складзе 12%, а Саўмін разьлічвае на 8—10%. Паводле МВФ, эканоміка краіны будзе ўсё часьцей сутыкацца з рызыкамі празь зьмяншэньне станоўчага ўплыву замежных фактараў — у прыватнасьці, праз падаражаньне расейскага газу. Праўда, улічваючы абяцаньне Крамля не павышаць у 2006 г. цаны на блакітнае паліва, прагнозы МВФ ураду ўжо ня страшныя.

Стаўка зьніжана

Нацыянальны банк зьменшыў стаўку рэфінансаваньня на адзін працэнт. З 6 красавіка яна складае 15% гадавых. Нацбанк разьлічвае на такое зьніжэньне тэмпаў інфляцыі, якое дазволіць яму сёлета давесьці стаўку рэфінансаваньня да ўзроўню 9—12%.

Скардзьцеся, на здароўе!

Палата прадстаўнікоў ухваліла прэзыдэнцкі дэкрэт «Аб удасканаленьні працы з насельніцтвам». Цяпер ня толькі дзяржаўныя арганізацыі, але і індывідуальныя прадпрымальнікі павінны будуць мець кнігі скаргаў, заўваг ды прапаноў. Парушэньне правілаў вядзеньня кнігі можа прывесьці да адміністрацыйнай адказнасьці. Скаргі павінны разглядацца цягам пятнаццаці дзён.

АК, АФН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0