Лукашэнка, выглядае, збаяўся адправіць Сідорскага ў Вечны Горад на пахаваньне папы.

Каб не пазнаёміўся з моцнымі гэтага сьвету. Іначай немагчыма патлумачыць, чаму ад Расеі — прэм’ер Фрадкоў, зь іншых суседніх дзяржаваў — прэзыдэнты, а зь Беларусі, якую папа хваліў за сацыяльныя стандарты, паслы ў Італіі і Швайцарыі.

ПАЛІТЫКА — ТРАЎМАТЫЧНЫ ВІД СПОРТУ. Так ці інакш, а адзіны дэмакратычны кандыдат мусіць быць вызначаны, і як найхутчэй. З калупаньнем пальцам у носе палітыка мае мала супольнага. Яна — траўматычны від спорту. З «дэмакратычнае пяцёркі»-2001 у топ-палітыцы застаецца толькі адзін. Няма сумневаў, такая ж доля — калі ня горшая, таварыш Шэйман — чакае рызыкантаў-2006. У гонцы за аранжавай майкай адзінага ў пэлетоне ўжо зьяўляюцца першыя ахвяры. Адсейваюцца пэнсіянэры і інваліды. Што вы хочаце — да палітыкаў людзі ставіліся і будуць ставіцца цынічна. Але гэта не азначае, што палітыкам трэба рабіцца немаральнымі. Людзі праяўляюць цынізм, але патрабуюць маральнасьці. Такая ўжо цяжкая ноша дэмакрата. Актывістам, па вялікім рахунку, усё адно, хто з вас стане адзіным, спадарове кандыдаты. Рэйтынгі ў вас аднолькава малыя. Абое вы рабое. Але вызначцеся з адзіным. Каб вас «зуброўцы» не замыкалі, як рымляне кардыналаў. Нішто ня мае значэньня. Толькі вашы шанцы на посьпех. Праяўляйце сябе, дэманструйце сваю жорсткасьць. Чый імпэт адчуе выбаршчык? Зь іншага боку, ад вас менавіта цяпер чакаецца максымум стрыманасьці і адказнасьці. Вось яна, цяжкая місія дэмакратычнага палітыка. Нацыянальным кандыдатам стане самы пэрспэктыўны. Астатнім наканавана або падтрымаць, або стаць раскольнікамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0