Згодны з Русланам Равякам (№11, «Бульбаш — і гэта прыемна?!») у тым, што ніводзін беларус, які мае хоць крыху гонару, не назаве сябе «бульбашом». Тыя, хто прыдумаў мянушку, укладалі ў яе зьняважлівы сэнс, падобны да таго, які ёсьць у мянушках «чурка», «лабус», «хахол», «бандэравец».

Не было мянушкі ў беларусаў да вайны, хоць перад вайной у Маскву са справаздачным канцэртам з БССР прыяжджалі тутэйшыя і на радасьцях, што яшчэ жывыя пасьля 1938-га году, засьпявалі: «Бульбу варим, бульбу жарим…».

Зьявілася мянушка пасьля яе, калі спатрэбілася вылучыць з «адзінага савецкага народу» ўсіх гэтых «чурак». У час тэрміновай службы ў савецкім войску да мяне таксама зьвярталіся з такой мянушкай. Маўляў, у вас, беларусаў, былі атрады «бульбашоў», якія змагаліся на баку фашыстаў. Хоць гэта ня так, гэта ва ўкраінцаў быў атаман Бульба, а не ў беларусаў. Калі я гэта растлумачыў, ім не было чым крыць.

Аднак ёсьць сёньня катэгорыя людзей, якія лічаць мянушку цалкам прыстойнай. Гэта тыя самыя, каго хвалюе лёс Курыл, хто падтрымлівае вайну супраць «чурак» у Чачні. І калі ім даспадобы мянушка, давайце як мага больш ужываць яе ў дачыненьні да іх. Каб па адным слове было відавочна, who is who. Тым больш што яны ўжо даўно пачалі сябе, любых, нават маляваць. Прыгледзьцеся да малюнка на ўпакоўцы «картофеля хрустящего», што вырабляецца ў Віцебску пад назвай «Бульбаш». Даволі самакрытычна. Зь дзяцінства запомніў такім з кніжак Іванку-дурня.

Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0