Баварскія і флямандзкія традыцыі

У сярэднявеччы пшанічнае піва лічылася прэрагатывай багатых. Дзейнічаў нават адмысловы закон, які вызначаў, што галоўнымі інгрэдыентамі мусяць быць ячмень, хмель і вада. Потым была зроблена саступка, і пшанічнае маглі пакаштаваць простыя сьмяротныя. Аднак зь цягам часу маштабы варэньня пшанічнага піва заняпалі, і да сярэдзіны ХХ ст. яно амаль зьнiкла з рынку. Толькi дзе-нiдзе ў Нямеччыне i Фляндрыi жменька пiвавараў упарта яго варыла. І потым аўтаномна адзін ад аднаго зьявіліся два дзівакі — баварац Вэрнэр Бромбах i флямандзец П’ер Сэлiс. Яны і кінулі выклiк сусьветнай модзе.

Дзякуючы iх шматгадовым высiлкам баварскае «Weissbier» i флямандзкае «Witbier» здолелi ня толькi вярнуць сабе былую славу, але i зрабiць някепскую кар’еру.

«Weissbier» мае шчыльнасьць 11—14% i мацунак 5,5% і варыцца з пшанiчнага (ня менш за 50%), а таксама ячнага соладу. Празь перавагу пшанiцы i малую колькасьць хмелю яно саладзейшае за большасьць звыклых ячных гатункаў. Больш пашыраная назва стылю — «Hefeweizen» (дрожджы+пшанiца), і такое піва ў Баварыі сустрэнеш спрэс.

Флямандзкае «Witbier» — больш мудрагелiстае. Вараць яго з сумесi ячнага соладу i несалоджанай пшанiцы, часам з дабаўленьнем невялiкай колькасьцi пшанiчнага соладу i аўса. Хмелю таксама дадаецца зусiм крыху, затое шчодра ўжываюцца розныя араматызатары — каляндра, iмберац, духмяныя перцы i, як у лiкёры «Кюрасао», сушаныя апэльсiнавыя лупiны з Антыльскiх выспаў.

П’ер Сэліс, праўда, стаў ахвярай папулярнасьці ўласнага твору і ня вытрымаў канкурэнцыі з гігантамі індустрыі. Прадаўшы брэнд транснацыянальнай карпарацыі «Interbrew», зьехаў за акіян, дзе частуе традыцыйным флямандзкім тэхаскіх каўбоеў.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0