Што магло б уратаваць Беларусь ад сталінскага генацыду? Паўстаньне, аддзяленьне, абвяшчэньне незалежнасьці?

Роўна 75 гадоў таму з працэсу «Саюзу вызваленьня Беларусі» пачаўся разгром нацыянальнае эліты сталіністамі. Паводле справы «СВБ» прайшло 108 чалавек. У позьнесавецкі пэрыяд дасьледчыкі выстаўлялі «СВБ» прыдумкай чэкістаў, а ягоных нібыта «кіраўнікоў» на чале з Усеваладам Ігнатоўскім — нявіннымі ахвярамі. Алесь Аркуш у артыкуле «Рызыкоўная барацьба намэнклятуры» («НН» №7, 18 лютага 2005) даказвае, што змова з мэтаю здабыцьця для Беларусі незалежнасьці ўсё ж існавала. Яму адказаў Анатоль Сідарэвіч у артыкуле «Трыюмвіры, або Помнік камісарам» (№12, 13): змовы не было, але белнацкамы сапраўды служылі свайму народу і Бацькаўшчыне. Дасьледчыца рэпрэсій, кандыдат гістарычных навук Тацяна Процька не падзяляе ацэнак Сідарэвіча й Аркуша. На яе думку, плён дзейнасьці нацыянал-камуністаў вельмі адносны. Бо нацыянальнае разьвіваецца толькі на падмурку прыватнай уласнасьці, яно патрэбна буржуазіі. Таму нацыянальная абалонка, створаная нацкамамі, хутка зьляцела.

Тацяна Процька: «Нацыяналізацыя» (у нас — «беларусізацыя») і «каранізацыя» праходзілі ў 1920-я гады ва ўсіх савецкіх рэспубліках. Бальшавікі лічылі, што ўсё павінна быць нацыянальным па форме і камуністычным па зьмесьце, — гэта і ёсьць сутнасьць працэсу беларусізацыі. У выніку ўзьнікла такая спэцыфічная зьява, як нацыянал-камунізм. Справа «СВБ» — выкараненьне нацыянал-камунізму.

Яшчэ адным кірункам дзейнасьці нацыянал-камуністаў было фінасаваньне рэвалюцыйнай дзейнасьці ў Заходняй Беларусі, што стала падставай для абвінавачаньня Ігнатоўскага. На фінансаваньне (у тым ліку на разьвіцьцё беларускай школы) ішлі значныя грошы. Гэта таксама нацыянал-камунізм — экспансія бальшавізму ў нацыянальнай афарбоўцы.

Працэс «СВБ» быў першай справай супраць нацыянал-дэмакратаў. Рэпрэсіі ішлі хвалямі: першая — «СВБ» (выкрывалі нацыянал-дэмакратаў), потым большая хваля — 1933-ці год (выкрывалі шкоднікаў і шпіёнаў), потым яшчэ большая — 1937-мы (антысавецкае падпольле). І пасьля кожнай была адліга, калі садзілі выканаўцаў. Усе таталітарныя рэжымы працуюць паводле адной схемы — спачатку ты робіш беззаконьне, а потым цябе за беззаконьне зьнішчаюць. А чалавек, які стаіць на чале ўлады, нібы заўсёды ў белым адзеньні.

Справа «СВБ» — гэта працэс супраць нацыянальнай эліты. Што далі працэсы каранізацыі й нацыяналізацыі? Сталін пісаў: мы так зрабілі, што яны хочуць самастойнасьці. Яны ня хочуць бачыць старэйшага брата й кіроўнай ролі Масквы, а хочуць нейкай незалежнасьці.

«НН»: Якія былі падставы для такога меркаваньня?

ТП:У нас была Акадэмічная канфэрэнцыя 1926 г. — вельмі важны момант у гісторыі Беларусі. Каб нашы дзеячы давялі справу да канца, усё было б іначай. Купала ўзначальваў Лінгвістычную камісію пры Акадэміі навук. У 1926-м камісія паставіла пытаньне пра пераход з кірыліцы на лацінку. Каб гэта было — у нас бы ня толькі «Atlantica» была найлепшым гуртам!

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Гутарыў Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0