Калісь дзёньнікі заводзілі, каб іх ніхто ня ўбачыў. Цяпер іх заводзяць, каб убачылі ўсе.

У сеціве існуе ўжо не адна сотня беларускіх інтэрнэт-дзёньнікаў (па-ангельску — блогаў), большасьць зь якіх гуртуецца на партале «Livejournal.com». Пяцьдзясят кілябайтаў — столькі ў сярэднім займае адна старонка блогу. У рэальным жыцьці гэта адпавядае цэламу тыдню.

Інтэрнэт-дзёньнікі – віртуальная забаўка для рэальных людзей.

Balachon

Сяргей Балахонаў салодка пацягваецца — ажно косьці хрусьцяць. Сёньня адна з тых раніц, калі ня трэба сьпяшацца на працу. Ён усьміхаецца, і заспаны манітор, які атабарыўся на раскладным стале эпохі Машэрава, паволі расплюшчвае сваё электроннае вока. Мадэм верашчыць, спрабуючы прабіцца ў сеціва праз павуціньне гомельскага тэлефоннага дроту. Але «пан настаўнік» не нэрвуецца і не сьпяшаецца. Навокал — працоўны вэрхал. Справа — кубак з гарбатай, зьлева — сподачак з «вычварэнскімі бутэрбродамі» (белы хлеб з маслам, кілбасой, сырам і крабавымі палачкамі). А яшчэ чырвоны нататнік, дыск з антывіруснымі праграмамі, кніга Хадановіча «Старыя вершы», 18-ты выпуск «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы», нямецка-расейскі слоўнік, старонкі гомельскіх газэт, шпулька з капронавымі ніткамі, пустая піяла, бутэлечка з клеем ПВА. Давяршае карціну тоўсты сшытак зь незавершаным творам.

Нарэшце, злучэньне наладжана. Сяргей Балахонаў зьнікае — замест яго зьяўляецца Balachon, аўтар дзёньніку «Вяртаньне на крукі свая».

Папяровы дзёньнік Сяргей Балахонаў пачаў весьці яшчэ ў 1995 г. Летась даведаўся ад Тасі, сяброўкі па ліставаньні, пра інтэрнэт-дзёньнікі, якія можа прачытаць хоць мільён чалавек. «Гэтага немагчыма дасягнуць, ведучы дзёньнік папяровы», — скеміў Сяргей Балахонаў. Так нарадзіўся Balachon. Ён ідзе па жыцьці нясьпешна, прыглядаючыся. Убачыў, падумаў, запісаў. Вось, напрыклад, суботнік правялі. Чым не нагода для разваг? «Як на добры розум, талака магла б стаць часткай беларускага карнавалу: з ранку работы на карысьць дзяржавы, а пазьней — сьвяточныя шэсьці, гульні, карагоды».

Сталы аўтар «НН», Сяргей Балахонаў інтуітыўна падзяляе ўражаньні: «Гэта — для чарговага эсэ ў «Нашу Ніву», а гэта — у «Вяртаньне на крукі свая». Самацэнзура? Не — дыфэрэнцыяцыя.

Марыйка

Летась, калі Марыйка стварала свой дзёньнік, за акном ішоў восеньскі дождж. Ёй захацелася сонца — так нарадзілся яе Мэсгана, Марыйчына інтэрнэт-пераўвасабленьне. Такім чынам, у жыцьці яна асьпірантка філфаку БДУ ды перакладчыца, а ў сеціве — афрыканка, якая жыве на старонцы з назвай «Маё Кіліманджара».

Пад дахам свайго дзёньніку Марыйка-Мэсгана стварыла яшчэ й жаночы інтэрнэт-клюб. «Чытаць гэтыя запісы могуць толькі паненкі або мужчыны, якія віртуальна «апранаюцца» ў кабет. Там я пішу і абмяркоўваю зь сяброўкамі ўсялякія бздуры пра касмэтыку, абноўкі і хлопцаў». Вядома, гэтыя тэмы падступна перапаўзаюць і на асноўныя старонкі дзёньніка: «22 сакавіка, 6:52 pm. Зім, а зім… А можа, пайшла б ты ўжо, га? Я сёньня купіла на ўсю стыпэндыю файны палітончык і хачу ў ім фарсіць! І бяз шапкі!!!»

Але ўсё-такі цэнтрам плянэтарнай сыстэмы Марыйчынага дзёньніка зьяўляецца зорка Літаратура — менавіта вакол яе, нібы чародка астэроідаў, круціцца большасьць запісаў. «Беларускі народ — народ вельмі дзіўны і ў пэўным сэнсе першабытны. Гэта народ, які не разумее прозы. Калі хочаш данесьці да людзей ісьціну — напішы верш», — піша Марыйка ў дзёньніку. Тым творцам, якія ня могуць данесьці да нас праўду па-беларуску, Марыйка дапамагае — у дзёньніку стала зьяўляюцца яе пераклады.

«Кожнага разу, як выцягваю з шафы дарожную зялёную касмэтычку з аранжавай мыльніцай унутры, настрой паляпшаецца. А яшчэ чорны заплечнік», — занатоўвае Марыйка і марыць пра лета.

Zmila

Зьміцер Лапцёнак — праграміст, і кампутар для яго — галоўны інструмэнт. Праца не перашкаджае яму весьці інтэрнэт-дзёньнік, нават наадварот. Zmila піша паведамленьні перад працай, пасьля, у перапынках. Здараецца — і замест яе. Умовы ідэальныя: чысьцюткі офіс, ультрасучасны пляскаты манітор, падзеленая на дзьве часткі эрганамічная клявіятура, адмыслова падагнаная да ягоных рук. Акрамя тэхнікі, на стале нічагуткі.

Зьміцер нават і ня памятае, калі пачаў весьці першы дзёньнік — два гады таму, тры?.. «Для мяне гэта хобі, забаўка, вясёлае марнаваньне часу». Першы ягоны блог быў цалкам на эспэранта, цяперашні — дзьвюхмоўны.

Зьмітровы запісы — гэта караценькія бразготкі-цікавосткі, найчасьцей лінгвістычныя. Zmila любіць гульні са словам. «Раваруцыя, пра якую так доўга казалі байкевікі, свелопедилась!» — такім моўным фаервэркам адсьвяткаваў ён набыцьцё новага ровара.

Але самыя элегантныя камбінацыі літар ды сэнсаў прыходзяць да Зьмітра на эспэранта. Але, каб іх належным чынам ацаніць, трэба мець адпаведныя веды. Таму, калі Zmila не жадае, каб ягоныя запісы чыталі выпадковыя людзі, ён пакідае іх безь перакладу. Пачытаўшы дзёньнік, нават той, каму раней да эспэранта не было ніякай справы, міжволі пачынае адчуваць цікавасьць да гэтай мовы. Ну хто з нас ведае, што ў новым блякбастэры «Блэйд: тройца» дзеяньне адбываецца ў невядомым горадзе, дзе ўжываюцца дзьве мовы — ангельская ды эспэранта? Праўда, Зьміцер заўважыў толькі адзін такі надпіс: «Policejo» (паліцыя). Хто пойдзе на фільм, хай прыглядаецца!

Rydel

Ягоны першы сапраўдны францускі пацалунак надарыўся ў ЗША зь ВІЧ-інфікаванай дзяўчынай.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0