Агляд падзей тыдня
У Беларусі пачаўся новы футбольны сэзон. У мінулы чацьвер завяршыліся чвэрцьфіналы Кубку Беларусі, а ўжо ў аўторак, 12 красавіка, былі згуляныя першыя паўфінальныя матчы. Менскі МТЗ-РІПА прымаў «Нёман» (Горадня), а ждановіцкая «Дарыда» — барысаўскі БАТЭ. Матчы ў адказ пройдуць празь месяц.
Аднак асноўная ўвага беларускіх заўзятараў была прыкаваная да хакейных пляцовак. Завяршыўся чэмпіянат Беларусі па хакеі з шайбай. Другі год запар залатыя мэдалі адкрытага першынства краіны заваявала менскае «Юнацтва». Праўда, перамога выхаванцаў Міхаіла Захарава ня бачыцца такой ужо бясспрэчнай. Перад фінальным матчам са сталічным «Керамінам» «Юнацтва» зрабіла дазаяўку, выклікаўшы ў клюб былых гадаванцаў, што цяпер гуляюць у расейскай супэрлізе, — Міхаіла Грабоўскага з «Нафтахіміка», Уладзімера Цыплакова з ЦСКА ды Андрэя Скабелку зь «Сібіры». Вось гэта ўдарная тройца і забясьпечыла «золата» першынства, фактычна ўтрох перайграўшы «Керамін». Такі крок «юнакоў» выклікаў шмат справядлівых нараканьняў у заўзятараў хакею. Так, на сайце www. pressbol.by у апытаньні «За каго вы будзеце хварэць у фінале», за «Юнацтва» прагаласавалі толькі восем адсоткаў наведнікаў. «За Керамін» — 30%, «не за «Керамін», але супраць «Юнацтва» — 32%.
Заўзятары наракалі на тое, што, аказваецца, можна цэлы рэгулярны чэмпіянат абыходзіцца безь легіянэраў, паклікаць іх толькі перад самым фіналам — і не пакінуць ніякіх шанцаў суперніку. Бо хакейнае першынство Беларусі куды слабейшае за расейскае, таму некалькім рэкрутам няцяжка правесьці «майстар-кляс» на лядовай пляцоўцы. Выклікала шмат заўваг і судзейства на фінальных матчах. Вось таму, відаць, сымпатыі заўзятараў і былі не на баку «Юнацтва».
Аднак несумненны плюс вынікаў беларускага чэмпіянату, дзе ўпершыню бралі ўдзел латвійскія і ўкраінскі клюб, у тым, што ўсе прызавыя месцы дасталіся беларусам. Бронзавыя мэдалі заваявала магілёўскае «Хімвалакно».
Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"