Крычаўскі райаддзел міліцыі 12 красавіка адмовіў рэдактару незарэгістраванай газэты «Вольны горад» Сяргею Няроўнаму прыцягнуць да судовай адказнасьці за паклёп і абразы намесьніцу старшыні райсавету Зінаіду Скачкову. Напярэдадні давыбараў у аблсавет яна надрукавала артыкул, дзе цьвердзіла, што Няроўны ідзе на выбары з падказкі «дзядзькі Сэма». Міліцыя палічыла, што Скачкова выказала «сваё меркаваньне». Няроўны будзе скардзіцца ў пракуратуру.
Падчас раздачы незагістраванай газэты «Выбар» 12 красавіка ў Менску былі затрыманыя актывісты незарэгістраванай арганізацыі «Зубр» Павал Бараноўскі, Васіль Жакаў, Ягор Красьнік, Зьміцер Папок, Аляксей Шыдлоўскі, Павал Юхневіч. У Магілёве ў гэты дзень затрымалі Максіма Дварэцкага.
Адміністрацыйная камісія Барысаўскага гарвыканкаму аштрафавала 12 красавіка актывістаў «Зубра» Васіля Габрыленку, Аляксандра Маўчанава, Міхаіла Старавойтава на 60 тыс.руб. кожнага за ўдзел у акцыі 31 сакавіка ў падтрымку Міхаіла Марыніча.
Актывісту «Маладога фронту» Паўлу Каранюхіну 12 красавіка пагражалі адлічэньнем з вучэльні алімпійскага рэзэрву за сяброўства ў арганізацыі і ўдзел у несанкцыяваных акцыях.
Суд Смаргонскага раёну 12 красавіка адмовіў у пазове падатковай інспэкцыі да прадпрымальніцы Куняўскай, якая займалася рэклямай і распаўсюдам недзяржаўнай «Местной газеты».
Актывіста Свабоднага прафсаюзу зь Берасьця Валянціна Лазарэнкава 13 красавіка аштрафавалі на 20 базавых велічыняў (510 тыс. руб.) — за арганізацыю несанкцыяванага сходу ў час страйку прадпрымальнікаў. Лазарэнкаў цьвердзіць, што яго запрасілі на сход.
Вярхоўны суд 13 красавіка пакінуў у сіле папярэджаньне, вынесенае АГП за рэгістрацыю філіяў у жылым фондзе. Аднак суд вынес прыватнае вызначэньне на адрас Мінюсту за няўмелую падрыхтоўку дакумэнтаў і няякасную працу чыноўнікаў. 14 красавіка ў сіле было пакінутае папярэджаньне Партыі БНФ. Вярхоўны суд таксама вынес прыватнае вызначэньне на адрас Мінюсту за парушэньне заканадаўства пры рэгістрацыі філіяў БНФ.
З прадпрымальнікам Аляксандрам Васільевым 13 красавіка ў турэмнай больніцы сустрэўся кіраўнік Офісу АБСЭ ў Менску Эбэргард Гайкен.
14 красавіка гарадзенскія ўлады адмовілі ініцыятыве грамадзкаму аб’яднаньню Polska Macierz Szkolna na Białorusi, што сабрала каля дзесяці тысяч подпісаў за наданьне адной з вуліцаў гораду імя Яна Паўла ІІ.
Журналістка «Народнай Волі» Вольга Класкоўская 14 красавіка падала заяву ў рэспубліканскую пракуратуру з просьбай даць прававую ацэнку выпадкам парушэньня журналісцкіх правоў міліцыянтамі падчас вулічнай акцыі 25 сакавіка ў Менску.
Адміністрацыйная камісія Наваполацкага гарвыканкаму 14 красавіка аштрафавала сябра ПБНФ Аляксея Трубкіна на чатыры базавыя велічыні (102 тыс. руб.): яго затрымалі ў Полацкім унівэрсытэце, калі ён прыйшоў павіншаваць з 25 Сакавіка рэктара.
У дачыненьні да Аксаны Новікавай 14 красавіка ўправа міліцыі Койданаўскага раёну распачата крымінальная справа: яе вінавацяць у спробе атрыманьня падробленага пашпарту. Пры канцы 2004 г. у пашпартным стале Савецкага раёну Менску ёй паказалі анкету на імя Ірыны Шынгаровай на атрыманьне пашпарту. У анкеце быў фатаздымак Новікавай.
Штрафам у 150 б.в. (3,825 млн.) пакараў суд Кастрычніцкага раёну Менску 14 красавіка актывіста АГП Аляксандра Бяспалага за распаўсюд інфармацыйных улётак пра Генадзя Карпенку.
У Ваўкавыску 14 красавіка была спыненая галадоўка пратэсту таксоўшчыкаў і Мікалая Аўтуховіча, рахунак фірмы «Ніка-Транс» разблякаваны.
15 красавіка Слонімскі райвыканкам зьняў з уліку мясцовую філію БАЖ праз адсутнасьць юрыдычнага адрасу.
Граф Аляксандар Прушынскі 15 красавіка аштрафаваны на 150 базавых велічыняў (3,825 млн. руб.) за ўдзел у вулічнай акцыі 25 сакавіка.
Гарадзенская міліцыя 18 красавіка адмовілася завесьці крымінальную справу паводле скаргі журналісткі газэты «Згода» Алёны Андрэевай у дачыненьні да старшыняў і сакратароў акруговай і трох участковых выбарчых камісіяў: падчас парлямэнцкіх выбараў журналістку не пускалі на выбарчыя ўчасткі. Хоць скаргу яна направіла ў пракуратуру, адказ прыйшоў зь міліцыі: міліцэйская праверка ня выявіла «крымінальна караных дзеяньняў» з боку чальцоў камісіяў.
Напярэдадні 19-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС у Магілёўскім дзяржаўным унівэрсытэце імя А.Куляшова сябры незарэгістраванай арганізацыі «Зубр» наладзілі адмысловую акцыю. На вялікім перапынку яны раздавалі студэнтам улёткі, дзе акцэнтавалася ўвага на праблемах, выкліканых чарнобыльскай бядой, ды прымусовым разьмеркаваньні студэнтаў у забруджаныя рэгіёны. Нікога падчас акцыі не затрымалі.
Падчас распаўсюду газэты «Выбар» у Менску 17 красавіка затрыманыя актывісты «Зубра» навучэнцы політэхнічнай гімназіі №6 непаўналетнія Мікіта Шуцянкоў і Ільля Палонскі. 19 красавіка дырэктар гімназіі Валеры Шмачынскі выклікаў іх да сябе і прапанаваў рыхтавацца да адлічэньня.