Райс сустрэнецца зь беларускімі лідэрамі
21 красавіка ў Вільні мелася адбыцца сустрэча лідэраў дэмакратычнага руху Беларусі зь дзяржсакратаром ЗША Кандалізай Райс. Паводле лідэра АГП Анатоля Лябедзькі на сустрэчу ў Вільні накіраваліся сем прадстаўнікоў палітычных партый і недзяржаўных арганізацый. Імёны візытантаў, дзеля кансьпірацыі, не называліся.
Справа Чаркасавай
20 красавіка споўнілася паўгоду, як забілі журналістку газэты «Салідарнасьць» Вераніку Чаркасаву. «Сьледзтва ня зрушылася зь мёртвай кропкі», — заявіла на прэс-канфэрэнцыі 19 красавіка ў офісе БАЖ маці журналісткі. Паводле слоў Дыяны Чаркасавай, на нядаўняй гутарцы ў пракуратуры ёй задаваліся тыя ж пытаньні, што і паўгоду таму. Не зьмянілася і афіцыйная вэрсія — забойства на пабытовай глебе, а сярод падазраваных па-ранейшаму сын Веранікі Антон Філімонаў і ейны айчым Уладзімер Мялешка. Між тым сваякі падазраюць, што забойства журналісткі зьвязана зь ейнай прафэсійнай дзейнасьцю. «Белорусская деловая газета» пісала, што Чаркасава рыхтавала матэрыял пра кантакты ўладаў з рэжымам Садама Хусэйна ў Іраку.
Каталікі змагаюцца за Сьвятога Язэпа
Каталікі патрабуюць ад уладаў вярнуць сталічны касьцёл Сьв. Язэпа і кляштар бэрнардынцаў. У касьцёле сёньня — Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры й мастацтва. Будынак кляштару займае вайсковая камэндатура. Парафіяне пачалі набажэнствы проста на прыступках і маюць служыць іх штодзённа.
Перамога аўтараў «НН»
Фотакарэспандэнт «Нашай Нівы» Юлія Дарашкевіч стала пераможцам І Конкурсу лічбавай фатаграфіі «Драйв», арганізаваным творчым саюзам «Фотамастацтва». У конкурсе бралі ўдзел 86 мастакоў. Сярод пераможцаў таксама — даўні аўтар «НН» вілянчук Дзяніс Раманюк. Цырымонія ўзнагароджаньня пройдзе ў пятніцу, 22 красавіка, у кангрэс-залі гатэлю «Беларусь» (пачатак а 14-й).
Грос падаў у адстаўку
Самы малады прэм’ер-міністар Эўропы, лідэр чэскіх сацыял-дэмакратаў Станіслаў Грос падаў у адстаўку. Дзьве правыя партыі — «хадэкі» і Саюз свабоды — пагадзіліся ўвайсьці ў кіроўную кааліцыю і сфармаваць урад пры ўмове адстаўкі 35-гадовага Гроса. Колькі тыдняў таму ў Чэхіі выбухнуў палітычны крызыс: сям’я Гроса аказалася датычнай да карупцыйнага скандалу. Новы кабінэт узначаліць міністар рэгіянальнага разьвіцьця Іржы Пароўбек.
Расейцы прарываюць ізаляцыю
У сераду Менск з аднадзённым візытам наведалі міністар абароны Расеі Сяргей Іваноў і начальнік Генштабу Узброеных сілаў Юры Балуеўскі. Галоўнай тэмай сустрэчы з А.Лукашэнкам было пытаньне стварэньня адзінай сыстэмы бясьпекі саюзнай дзяржавы. На думку незалежнага вайсковага аглядальніка Аляксандра Алесіна, Расея хоча зрабіць зь Беларусі «сухапутны авіяносец».
АГ; afn.by, svaboda.org