Яшчэ адзін падатак на людзей

У «жыроўках» зьявіцца дадатковая графа — зямельны падатак. Пачынаючы з красавіка, плаціць яго будуць жыхары шматпавярховак. Памер падатку будзе вылічвацца наступным чынам: плошчы, якія займаюць дамы, разьмешчаныя на тэрыторыі адной жыльлёва-эксплюатацыйнай службы, будуць складзены, разьлічана агульная сума падатку, а потым падзелена на колькасьць кватэр. У сярэднім сума падатку на кватэру складзе ад 100 да 250 рублёў штомесяц.

Тэкстыльныя абдымкі

Урад зьменшыў на 20—40% стаўкі мытнай пошліны на турэцкі тэкстыль. Гэта крок у адказ на тое, што Анкара павысіла квоты на пастаўку беларускага тэкстылю ў 2,2—3,7 разу. Такім чынам, Беларусь мае права прадаць у Турцыю да 250 тон бавоўны, 1100 тон ільну, 50 тон воўны. Вялікую частку тэкстылю, імпартаванага з Турцыі ў Беларусь, будзе складаць вопратка.

Экскурсіі без сэртыфікату

Абавязковая сэртыфікацыя экскурсійных паслуг часова адменена. Сёлета мусяць прайсьці абавязковую сэртыфікацыю ўсе турапэратары, а налета — усе турагенцтвы (фірмы, якія перапрадаюць гатовыя туры). Плянавалася, што сёлета на права праводзіць экскурсіі таксама спатрэбіцца сэртыфікат, але Нацыянальнае агенцтва па турызьме вырашыла інакш: не падрыхтавана нарматыўная база.

Новыя паслабленьні прадпрымальнікам

Нацбанк прапанаваў камэрцыйным банкам палегчыць працэдуру выдачы крэдытаў індывідуальным прадпрымальнікам. Будзе спрошчана працэдура афармленьня крэдыту ды скарочаны тэрмін выдачы грошай. Плацежаздольнасьць прадпрымальнікаў будуць разьлічвацца гэтаксама, як і плацежаздольнасьць фізычнай асобы, а вяртаць крэдыт можна будзе гатоўкай у касу банку.

Новыя вагоны

Менскі мэтрапалітэн набудзе шэсьць новых цягнікоў на $12,8 млн. Кіраўніцтва мэтро замовіла па тры саставы мыцішчанскаму «Мэтравагонмашу» ды санкт-пецярбурскаму «Вагонмашу». Новыя паязды будуць езьдзіць па Аўтазаводзкай лініі.

Без прэтэнзій

Падаткавікі адклікалі прэтэнзіі на $13 млн да «Захад-Транснафтапрадукту». Даччынае прадпрыемства расейскай кампаніі «Транснафтапрадукт» падпала пад падазрэньне ў лютым, бо нібыта займалася гаспадарчай дзейнасьцю без рэгістрацыі. Падатковая інспэкцыя Мазыра не паведамляе прычыны адкліканьня судовых пазоваў. Кіраўніцтва «Захад-Транснафтапрадукту» зазначае, што пытаньне было вырашана «на прынцыпова іншым узроўні».

АК, АФН, Інтэрфакс

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0