Ніяк не праканаю палітычнага эфэкту ўказу аб увядзеньні для партый кніг заўваг і прапаноў (КЗП). Фэльетон Лёліка Ушкіна.

Жывём у рашучы час бітвы за фенькі славянства. Час, калі кожная калёрыя, якую вэртыкальшчык спальвае на працы, павінна ляцець у віртуальны горан вікторыі над гідрай апазыцыі. Няўжо рашэньне аб КЗП зьявілася без уліку палітычнага моманту? Ня можа быць!

Магчыма, улады мараць, што, прааналізаваўшы тэкст заўваг, яны змогуць больш даведацца аб плянах лукафобаў?

Быццам заскочыць нейкі Скрабец у «кукурузіну» да АГП і пакіне ў мясцовай КЗП пасьля сябе «цялегу»: «Кіраўніцтва АГП, мне не падабаецца сучасная схема трафіку амэрыканскіх грантаў для апазыцыі. Уношу прапанову ў наступны раз баксы перадаваць праз больш аўтарытэтную асобу, напрыклад, сп.Багданкевіча. І грошы перавозіць не празь літоўска-беларускі кардон, а праз польска-беларускую мяжу. Ваш Скрабец».

Лухта нейкая.

Тое самае з прапановамі. Ну якія прапановы могуць быць у сапраўдных апазыцыянэраў?

Толькі адна. Мы ўсе цудоўна ведаем, аб чыёй фізычнай сьмерці яны мараць і што яны могуць дзеля гэтага прапанаваць. Няўжо гэтаму палітыку, сапраўды па прыколе чытаць, як яго скланяюць на ўсе лады, то пасылаючы ў процілеглы Эўропе фізіялягічны пункт, то прапануючы аддаць яго органы заводам хлебапрадуктаў, каб на выхадзе атрымаць тавар — годны канкурэнт камбікорму.

Нешта не сыходзіцца.

Застаецца толькі піяр. Каб чарговы раз давесьці агіднасьць апазыцыі ў вачах народу, з часам па БТ могуць працытаваць тузін-другі пэрлаў з партыйных КЗП. Вось, маўляў, што думаюць пра вас, апазыцыянэры, «простыя грамадзяне».

Накшталт: «Дарагі Вячорка. Праяжджаючы праз ваш чудзесны горад з партыяй дзяўчат для гарэму пэдафіла шэйха Саламбэка, мне не было дзе перакантавацца. Дзякую сябрам БНФ, якія падабралі мяне і яшчэ пакурылі трава. Вах-вах-вах. Какіе джыгіты. Бальшой вам маджоба. Наркадылер Алі Баба. Мой адрас: Аўганістан, очан далёкі кішлак».

А можна пайсьці яшчэ далей.

Напрыклад, нечакана абвясьціць па Акадэміі міліцыі, будынак якой знаходзіцца па суседзтве з бээнэфаўскай сядзібай, загад рэктарату: «Сёньня кожны курсант павінен наведаць сядзібу БНФ, каб унесьці ў партыйную КЗП скаргу паводле наступнага трафарэту: «Сп.Вячорка. Я, просты грамадзянін, курсант кіналягічнай сэкцыі Акадэміі МУС, мушу паскардзіцца на сяброў вашай партыі, якія сваімі енкамі «Жыве Беларусь» не даюць нармальна весьці вучэбны працэс па адукацыі сабак. У сабак пачынаецца клептаманія і булімія. Калі вы ня зробіце адпаведных захадаў, я буду прасіць Мінюст забараніць вашу арганізацыю». Хто ня зробіць скаргу, ня будзе дапушчаны да сэсіі. Старастам скласьці сьпісы тых, што прафілоняць. Рэктар».

І што мусіць зрабіць Мінюст пасьля такой масавай народнай пэтыцыі? Натуральна, унесьці ў КЗП ПБНФ апошні запіс: «Ліквідаваць КЗП Партыі БНФ як арганізацыі, ліквідаванай па прапанове народу».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0