Мяркуючы па выступах і інтэрвію, ня ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ўсьведамляюць складанасьць будучага збору подпісаў.

Адна рэч была сабраць тысячу подпісаў у адной менскай акрузе на выбарах у парлямэнт, і зусім іншая — сто тысяч у краіне. Нават у сьветлай памяці 2001 годзе гэта ледзь што ўдалося толькі двум дэмакратам. Можна сабе ўявіць ціск налета: «Ты супраць каго подпіс паставіў!..»

Кампаніі Сініцына й Марыніча ў свой час паказалі, што вялікіх грошай для якаснага збору подпісаў таксама недастаткова. Трэба мець ідэю і адданых ёй зборшчыкаў. Прычым нават тысячы іх можа аказацца малавата. Але і пры самым аптымістычным сцэнары наяўнасьць некалькіх кандыдатаў спакусіць Лукашэнку на сэлекцыю. І зробіць немагчымым шантаж байкотам.

Кандыдат можа быць адзіны — або ня будзе ніводнага. Высновы аналітыкаў.

АДЧУЖЭНЬНЕ АД ПАЛІТЫКАЎ. З допісу Руслана Равякі з Баранавічаў: «Па тэлебачаньні падлічваюць пераможныя лічбы народнай гаспадаркі. У гэты ж час радыё «Свабода» агучвае лічбы галасаваньня на нейкай абласной канфэрэнцыі за адзінага кандыдата. Адсоткі, адсоткі, адсоткі…» Але і там, і там — палітыка суцэльна расейскамоўная.

МАЕМ СУРОВАГА ПАПУ. На апошняй напярэдадні канкляву імшы кард.Ратцынгер прамовіў надзвычай рэзкую, можна сказаць папулісцкую казань. Усе чакалі знаку надзеі, a пачулі цьвёрдыя і горкія словы асуджэньня i сумневу ў харастве гэтага сьвету. «Які тоне ў граху і распусьце, які аддаліўся ад навукі Хрыстовай». Кардынал змаляваў сьвет як узбуранае мора, на якім патанае човен Касьцёлу. Кардынал убачыў грэх скрозь, дзе чалавек аддаліўся ад рэлігіі, заняўся асабістымі і індывідуальнымі пошукамі. Добра — але трыццаць гадоў таму, калі амэрыканцы палівалі дэфаліянтамі Віетнам, а камуніст Пол Пот забіваў мільёнамі? 60 гадоў таму пры Гітлеру і Сталіну? А мо 200 гадоў таму ў блаславёныя часы нявольніцкага гандлю? А мо 1000 гадоў таму?.. І менавіта на аўтару гэтых рэзкіх на адрас сьвету словаў спынілі выбар кардыналы. Пра новага — суровага — папу піша Сяргей Харэўскі.

Вучыцца ў Вільні. Аптымістычная навіна тыдня — 9 чэрвеня ў Вільні адновіць сваю працу зачынены Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. Дзякуючы літоўскім уладам і прэм’еру Бразаўскасу. Калыска беларускага адраджэньня будзе ўзгадоўваць новыя пакаленьні беларусаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0