Але да выніку яшчэ далёка. Цішком пасоўваецца працэс пошуку дэмакратычнага кандыдата. Рэгіянальныя канфэрэнцыі прайшлі ў Гомелі, Менску ды Менскай вобласьці, Берасьці. Новыя кандыдаты не дадаліся.
Менская гарадзкая канфэрэнцыя апазыцыйных актывістаў, што адбылася 13 красавіка, сталася важным пунктам перадвыбарчай кампаніі. Вылучэньню прэтэндэнтаў на адзінага кандыдата ад сталіцы дадавала інтрыгі і тое, што сход сталічных актывістаў апазыцыі адбываўся пасьля канфэрэнцыі ў Гомелі, якая выявіла сур’ёзныя непаразуменьні паміж кандыдатамі. Гэтым разам палітыкі выразна заклікалі дэлегатаў галасаваць «за ўсіх».
Гэтае ўдакладненьне было невыпадковым: на канфэрэнцыі зьявіўся кандыдат-неспадзяванка. Юрыст зь Менску Мікалай Бусьнюк раздаваў дэлегатам раздрукоўкі з сваёй аўтабіяграфіяй і скаргай на тое, што яму так і не далі права выказацца.
Уладзімер Колас, прысутны на канфэрэнцыі, таксама папрасіў грамаду дазволіць яму выступіць, хоць ён і не падпісаў заяўку на ўдзел у працэдуры выбару адзінага кандыдата. Абсалютнай большасьцю (толькі два чалавекі ўстрымаліся) дэлегаты такі дазвол далі. Праўда, Коласа не ўключылі ў агульны сьпіс выступоўцаў, таму ён мусіў прамаўляць першым.
АНТ, пакіньце залю
Дарма тэлеапэратары СТВ ды АНТ наладжвалі сваю тэхніку: 31 голасам супраць 21 дэлегаты папрасілі іх пакінуць залю. Таму прамовы Коласа яны так і не пачулі.
Вылучэнец ад Рады інтэлігенцыі казаў, што прапанаваная мадэль адбору кандыдатаў недасканалая, таму ён і не падпісаў заяўку на ўдзел. На ягоную думку, электарат слаба падтрымлівае партыі, таму кандыдатам павінна быць кампрамісная фігура. «У мяне ёсьць плян перамогі. Ён разьлічаны на асымэтрычныя нечаканыя хады», — заінгрыгаваў слухачоў Колас.
Трымаючы ў руцэ гадзіньнік (рэглямэнт выступаў — да 5 хвілінаў), Сяргей Калякін казаў пра патрэбу яднацца, у тым ліку і на гэтай канфэрэнцыі, падтрымаўшы ўсе вартыя кандыдатуры.
Мілінкевіч разважаў пра патрэбу абудзіць людзей, прапанаваўшы ім вырашэньне надзённых сацыяльных праблемаў — адпаведную праграму ягоная каманда ўжо падрыхтавала.
Анатоль Лябедзька заклікаў дэлегатаў працаваць, «улічваючы тое, што нам трэба рыхтавацца да вуліцы». Паводле лідэра АГП, трэба даць яснае пасланьне актывістам, у якіх «ад аднаго чытаньня «Народнай Волі» і іншых газэтаў кругам ідзе галава, бо кожны дзень штосьці аб’ядноўваецца ды клануецца». Ён таксама заклікаў дэлегатаў галасаваць за ўсіх.
Ён танчыць, а я граю
Калі прамаўляў Станіслаў Шушкевіч, у памяці ўсплываў напаўзабыты голас, які часьцяком гучаў з «радыёкропкі» ў 1990-я. Моцы голасу былы сьпікер не згубіў, і абрынуў яго на Коласа. «Гаварыць, што бяз партый можна дамагчыся зьменаў, гэта абсурд!» — адрэзаў Станіслаў Шушкевіч. «А што да захадаў, у мяне будуць захады не асымэтрычныя, а эўрыстычныя!»
Нарэшце, надышла чарга прамаўляць Мікалаю Бусьнюку, якога дэлегаты таксама пагадзіліся выслухаць. Гаварыў упэўнена, па-беларуску. «Калі ён грае на гармоніку і танчыць, то я граю на гітары ды сьпяваю», — пазыцыянаваў сябе кандыдат у адносінах да гаранта канстытуцыі. Мікалай Бусьнюк апавядаў пра свой жыцьцёвы шлях, людзі слухалі, нехта ўсьміхаўся, хтосьці спрабаваў яго перапыніць. «Я выступаю, як хачу», — адрэзаў ён і завяршыў прэзэнтацыю наступнай самахарактарыстыкай: «неўласталюбівы, няпомсьлівы, з добрым чуўствам гумару».
Асымэтрычны Колас
Але сапраўды задушна ў залі зрабілася тады, калі паўстала пытаньне пра тое, каго ўключаць у сьпісы ў бюлетэнях для галасаваньня. Бусьнюк пярэчаньняў супраць таго, каб падпісаць заяўку на ўдзел, ня меў, у адрозьненьне ад Коласа. Калі таму прапанавалі паставіць свой подпіс пад заяўкай, ён сказаў, што пакуль устрымаецца ад гэтага. «З чым вы нязгодныя?» — горача пытаўся Станіслаў Шушкевіч. «Кандыдат павінен даць клятву!» — пераконваў Коласа Віктар Івашкевіч з БНФ.
Аляксандар Дабравольскі з АГП таксама казаў пра тое, што прэтэндэнт на лідэрства мусіць узяць на сябе пэўныя забавязаньні. Урэшце, пратакольны нюанс дазволіў абысьці гэтае няёмкае пытаньне: прагаласавалі не за тое, ці ўносіць прозьвішча Коласа ў сьпіс, а за зацьвярджэньне сьпісу зь пяці прозьвішчаў (Шушкевіч, Калякін, Мілінкевіч, Лябедзька ды Бусьнюк). Дэлегаты прапанову падтрымалі пераважнай большасьцю. Неўзабаве Колас сышоў.
За ўсіх і нікога
Менская канфэрэнцыя задала тон іншым сходам апазыцыйных актывістаў. І канфэрэнцыя ў Берасьці 16 красавіка, і канфэрэнцыя Менскай вобласьці 17 красавіка праходзілі пад знакам галасаваньня «за ўсіх». Праўда, берасьцейскія актывісты адмовілі ў падтрымцы С.Шушкевічу. А ў Менскай — прайграў А.Мілінкевіч.
Адзінай праблемай на менскай абласной канфэрэнцыі была прапанова ПБНФ вызначыцца з датай правядзеньня Нацыянальнага Кангрэсу. Урэшце гэтае пытаньне вырашылі ўвогуле не разглядаць.
А што кажуць нізавыя дэлегаты? Ларыса Насановіч, старшыня клюбу грамадзкіх ініцыятываў Салігорску, абвяргае думку пра тое, што ў горадзе солевых шахтаў усе атрымліваюць вялікія грошы ды не цікавяцца палітыкай. «Гэта няправільная думка. Але шахцёры ставяць простае пытаньне: што вы зрабілі за 10 год? Выніку няма. Значыцца, працуеце ня так, як трэба. Адзінае іх патрабаваньне: «Хлопцы — каб усё чэсна, і рабіце справу».