Усама (Osama)

Аўганістан—Нідэрлянды—Японія—Ірляндыя—Іран, каляровы, 83 хв.

Жанр: драма

Пад уладай талібаў удовам пагражае галодная сьмерць: паводле канонаў жанчынам нельга выходзіць на вуліцу без суправаджэньня мужоў. Каб здабыць хоць нейкія сродкі на пражыцьцё, маці пераапранае дачку ў хлопчыка Ўсаму. Але падман нельга доўга хаваць…

«Усама» — першая карціна, зьнятая ў Аўганістане пасьля падзеньня рэжыму фундамэнталістаў, якія разрабавалі кінатэатры й кінастудыю, зьнішчыўшы плёнкі й кінакамэры.

Рэжысэру Сыдніку Бармаку, выпускніку ВГІКу, дапамгаў іранец Махсэн Махмальбаф, які ўжо зьвяртаўся да тэмы Аўганістану ў сваёй карціне «Кандагар».

Бармак шукаў актораў у лягерах уцекачоў, а галоўную актрысу знайшоў сярод жабракоў.

Прызы Канаў, прэмія «Залаты глёбус».

Тэатар (Being Julia)

ЗША—Канада—Вугоршчына—Вялікабрытанія, каляровы, 2004, 105 хв.

Жанр: мэлядрама паводле раману Самэрсэта Моэма

Зорка Лёнданскага тэатру Джулія Ламбэрт знаходзіцца ў росквіце славы. Каб пазбыцца хандры й старасьці, яна кідаецца ў раман з маладым прайдзісьветам Томам (Шон Эванс), але ён аддае перавагу легкадумнай старлетцы. Помста зоркі будзе бліскучай і тэатральнай.

Рэжысэр карціны — вугорскі клясык Іштван Саба («Мэфістофэль», «Палкоўнік Рэдль»). Ролю Джуліі Ламбэрт выконвае Анэт Бэнінг, што стала знакамітай пасьля «Прыгажосьці па-амэрыканску».

Сярод іншых выканаўцаў — Джэрэмі Айранз («Лаліта», «Заручаныя насьмерць»), Мірыям Марголіс («Мадыльяні», «Гары Потэр і патаемны пакой»).

Машыніст (El Maquinista)

Гішпанія, 2004, каляровы, 102 хв.

Жанр: трылер

Трэвар Рэзьнік (Крысьціян Бэйл) ня сьпіць ужо год і пераўтварыўся ў жывы шкілет. Яму ўсё цяжэй адрозьніваць жыцьцё ад трызьненьняў. Але хто, насамрэч, ён такі?

Амэрыканец Брэд Андэрсан, які на свой праект знайшоў грошы ў Гішпаніі, наўмысна здымаў Барсэлёну як Лос-Анджэлес. «У выніку атрымаўся нейкі дзіўны паралельны сьвет», — кажа рэжысэр.

Крысьціяну Бэйлу, які сыграў «Амэрыканскага псыхапата», не прызвычайвацца да дзіўных рэчаіснасьцяў і паталёгій, але для гэтай карціны ён схуднеў болей чым на трыццаць кіляграмаў.

Амэрыканскія крытыкі назвалі «Машыніста» адным зь лепшых фільмаў 2004 году.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0