Гледачы — за беларускую песьню

На І фэстывалі аўтарскай песьні ў Гомелі прыз глядацкіх сымпатый атрымала Вольга Казанцава зь Віцебску. З васьмідзесяці бардаў на фэсьце па-беларуску сьпявала толькі яна ды Зьміцер Вінаградаў з Гомелю. Вядомых беларускамоўных аўтараў-выканаўцаў (Шалкевіча, Камоцкага ці хаця б гамяльчанку Вальжыну Цярэшчанку) арганізатары не запрасілі.

Беларускія дні ў Кракаве

У Кракаве 19—23 красавіка праходзяць Дні беларускай культуры. Сярод удзельнікаў — рэдактар часопісу «Arche» Валер Булгакаў, намесьнік рэдактара «НН» Андрэй Скурко, аўтары «НН» Андрэй Хадановіч і Зьміцер Бартосік. Польскіх беларусаў прадстаўляюць Юрка Хмялеўскі (рэдактар «Часопісу»), Яўген Вапа (рэдактар газэты «Ніва»). Лекцыю «Адкрываньне беларускай гісторыі» падрыхтаваў Алег Латышонак. Музыка рэпрэзэнтаваная Вайцюшкевічавым гуртам «WZ-Orkiestra», гарадзенскім калектывам «Канкан», дуэтам «4 і 8». Сучаснае кіно Беларусі й пра Беларусь прадстаўляюць «Акупацыя. Містэрыі» Андрэя Кудзіненкі, «Партызанская школа», «Пагоня за праўдай», «Чарнобыльцы» і «Апошні дыктатар Эўропы» Юркі Каліны, «Дажынкі па-беларуску», «Графіці й кроў» ды «Іканастас і музыка» Мікалая Ваўранюка, «Жывём на краі» Віктара Асьлюка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0