Зымбабвэ і прэзыдэнт Мугабэ знаходзяцца ў чорным сьпісе Захаду. Але кіраўнік краіны ўпэўнена трымаецца ля ўлады. На апошніх парлямэнцкіх выбарах яго партыя — Зымбабвійскі афрыканскі нацыянальны саюз (ЗАНУ) — чарговы раз атрымала перамогу. Захад не прызнаў выбараў справядлівымі. Але пазыцыя Захаду мала хвалюе ўлады Зымбабвэ.

25 гадоў таму зьнікла апошняя брытанская калёнія ў Афрыцы — Паўднёвая Радэзія. 18 красавіка 1980 г. на сусьветных мапах зьявілася дзяржава Зымбабвэ. Аднак незалежная дзяржава прайшла шлях ад дэмакратыі да аднаасобнай дыктатуры, шмат у чым падобнай да беларускай. Нянавісьць да Захаду і ўсіх, хто «не такі, як астатнія», ляжыць у яе аснове.

Прэзыдэнт Робэрт Мугабэ — найперш антыкаляніяліст. Сёньня часта можна пачуць памылковае сьцьверджаньне, што антыкаляніялізм быў памылкай. Маўляў, лепей бы белыя засталіся ды навучылі тубыльцаў лепш кіраваць краінай. Але калянізатары рыхтавалі найперш слуг, іх навука была накіравана на адчужэньне вучняў ад усяго роднага. І Радэзія — яскравы прыклад.

Нават назву краіне далі ў гонар заваёўніка — брытанца Сэсыля Родса. А старажытная афрыканская цывілізацыя «Вялікае Зымбабвэ», што натхніла Хагарда на напісаньне «Капальняў цара Салямона», была абвешчана стварэньнем фінікійцаў. Выходзіла, што белы чалавек заўсёды быў і павінен быць гаспадаром краіны.

У другой палове ХХ ст. у краіне разгарнулася барацьба за вызваленьне, якую ўзначаліў Мугабэ. Барацьба скончылася ўтварэньнем у 1980 г. дзяржавы Зымбабвэ. Дзіва што зымбабвійцы галасуюць за чалавека, зь якім зьвязваюць вяртаньне іх радзіме незалежнасьці і гістарычнага імя.

Іншая рэч, што Мугабэ належыць да адыходзячага пакаленьня афрыканскіх палітыкаў, што склалася пад моцным уплывам ідэй марксізму і радыкальнага чорнага нацыяналізму. Апазыцыйны Дэмакратычны рух за перамены, які падтрымліваюць прафсаюзы і касьцёл, лічыць, што надышоў час самім вырашаць свае праблемы, а не абвінавачваць ва ўсім былую мэтраполію і ЗША.

Але апазыцыя ў Зымбабвэ слабая, яна мае падтрымку пераважна ў горадзе. Вёска, дзе жыве большая частка насельніцтва, галасуе за кіруючую партыю. Вяскоўцам вельмі па сэрцы ідэя падзяліць зямлю «белых» і прыхільнасьць кіраўніцтва да традыцыйных культаў. Нарэшце, усе разумеюць, што за «няправільнае» галасаваньне можна пазбавіцца матэрыяльнай дапамогі.

Таму вынікі парлямэнцкіх выбараў аказаліся прадказальнымі. ЗАНУ атрымаў 78 дэпутацкіх мандатаў, апазыцыя — 41. Гэта ўжо нямала, бо не дае Мугабэ магчымасьці мяняць канстытуцыю. Якім шляхам ён пойдзе?

Ёсьць два шляхі. Першы — «кастраўскі», калі рэвалюцыянэры не сыходзяць на пэнсію. Але тут на ўладу могуць спакусіцца маладзейшыя паплечнікі — а тады ўжо літасьці не чакай. Другі шлях — «піначэтаўскі»: прызнаньне заслуг, пажыцьцёвая недатыкальнасьць ды іншыя льготы. Але статус пажыцьцёвай недатыкальнасьці яшчэ ні пра што не гаворыць. Аўгуста Піначэт пасьля паразы на рэфэрэндуме таксама выбіў сабе пажыцьцёвую недатыкальнасьць. Што, праўда, не ўратавала яго ад судовага перасьледу ў Эўропе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0