Рэха Краснапольля

26 красавіка ў Магілёўскім абласным судзе быў абвешчаны прысуд у «краснапольскай справе». 27 студзеня 2004 г. у Краснапольлі ў спартзалі школы абрынуліся перакрыцьці й забілі чатыры чалавекі. Суд прызнаў вінаватымі ў службовай халатнасьці восем чалавек, якія праектавалі й будавалі навучальную ўстанову, — ад начальніка ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва да прарабаў і майстроў. Працэс доўжыўся сем месяцаў і быў закрыты для журналістаў. Усе падсудныя атрымалі ад чатырох да шасьці гадоў пазбаўленьня волі. Пакараньне будуць адбываць у калёніі-пасяленьні для асобаў, што ўчынілі злачынства па неасьцярожнасьці. З гэтых людзей таксама будзе спагнаны мільярд рублёў для кампэнсацыі шкоды пацярпелым — а іх каля 30 чалавек.

Колькі таго лета

З 11 траўня ў Менску пачнецца традыцыйнае летняе адключэньне гарачай вады з мэтай падрыхтоўкі цепласетак. Першымі прымуць на сябе «ўдар» жыхары, што жывуць у дамах па вуліцах Кашавога, Ванеева, Даўгабродзкай, Васьняцова, Захарава, Пуліхава, Чапаева, Фрунзэ, Варвашэні, Багдановіча, Харужай, а таксама Кальварыйскай, Адаеўскага, Матусевіча, Прытыцкага, Берута, некаторых дамоў на праспэкце Пушкіна.

Рада Эўропы супраць эўтаназіі

Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) выступіла супраць легалізацыі эўтаназіі. ПАРЭ ў сераду прыняла адпаведную рэзалюцыю, што асуджае наўмыснае спыненьне чалавечага жыцьця. Парлямэнцкая асамблея, выказваючы непакой тым, што ў некаторых мэдыцынскіх установах практыкуецца эўтаназія, прапануе краінам Рады Эўропы стварыць звод правілаў па аказаньні дапамогі невылечным пацыентам, што доўга знаходзяцца ў цяжкім стане.

Ёсьць у рэвалюцыі пачатак

Каля 100 чалавек уварваліся ў сераду ў будынак Вярхоўнага суду ў Бішкеку, запатрабаваўшы адстаўкі ўсяго судзейскага корпусу Кіргізіі й старшыні Вярхоўнага суду Курманбэка Асмонава. Людзі абяцаюць, што ня сыдуць, пакуль іх патрабаваньне ня будзе задаволена. Некалькі сотняў пратэстантаў чакаюць вынікаў ля будынку. Міліцыя адмовілася ўжываць сілу супраць маніфэстантаў.

АГ; svaboda.org, afn.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0