Над супрацоўнікамі газэты «Згода» навісла пагроза крымінальнае справы — паводле слыннага арт.368 КК «Абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі». Піша Аркадзь Шанскі.

Падставай для гэтага сталі вынікі ператрусу, які наладзілі 24 сакавіка ў рэдакцыі газэты міліцыянты й невядомыя ў цывільным, што не захацелі назвацца. Нібыта на падставе вуснай (!) скаргі аднаго з суседзяў на «неправамерныя дзеяньні» міліцыянты бяз санкцыі ўварваліся ў прыватную кватэру, дзе месьцілася рэдакцыя, і канфіскавалі рэдакцыйныя кампутары й каляжы, разьвешаныя на сьценах.

Галоўны рэдактар газэты Аляксей Кароль напісаў скаргу ў пракуратуру Партызанскага раёну. Але з адказу пракурора Раманоўскага даведаўся, што не міліцыянты парушылі закон, а сам ён можа стаць фігурантам крымінальнай справы. Як засьведчыў пракурор, экспэртыза выявіла, што «публічная дэманстрацыя ўказаных каляжаў можа быць кваліфікаваная як злачынства, прадугледжанае ч.1 арт.368 КК». Таму, маўляў, і кампутары затрымалі: каляжы маглі вырабляць на іх. Як у прыватнай кватэры можна наладзіць публічную дэманстрацыю, пракурор растлумачыць не захацеў.

Кароль паскардзіўся ў гарадзкую пракуратуру, патрабуючы прыцягнуць да адказнасьці, прынамсі, трох міліцыянтаў, чые імёны ўдалося высьветліць, — участковага Пятроўскага і супрацоўнікаў апэратыўна-сьледчай групы Кірылу Новікава й Дзьмітрыя Елісевіча.

Кіраўнік цэнтру прававой дапамогі пры ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Міхаіл Пастухоў перакананы, што крымінальную справу супраць блізкай да сацыял-дэмакратаў «Згоды» «замовілі». Ахвярай можа стаць галоўны рэдактар Кароль ці рэдактар Алесь Зьдзьвіжкоў.

Сам Кароль кажа, што вялікага энтузіязму сярод міліцыянтаў і работнікаў пракуратуры не назірае. Ён думае, што яны ня дужа хочуць выконваць такія брыдныя заданьні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0