Ахілесава пята многіх адмыслоўцаў — ня ўмеюць пісаць. Дакладней, пішуць сумна. Напрыклад, фраза "такой ёсьць новая Беларусь у ее біфуркацыйнай ідэнтычнасьці" сама па сабе наўрад ці натхніць чытача.

Але раскрываю карты: тут я правакацыйным чынам, дзеля інтрыгі вышмаргнуў зусім не тыповы паводле стылю радок з выдатнага сьвежага артыкулу нашага эканаміста Леаніда Заікі.

Насамрэч ён ашаламляе малавядомымі лічбамі і фактамі. Ці чулі вы, напрыклад, што мы (у сэнсе краіна :-) закупляем францускае далікатэснае мяса па 62 цэнты (Br1330) за кілё? І што цукар, у сваю чаргу, "прадаваўся ў 3,5 раза таньней для жыхароў Эстоніі, чым як для ўласных грамадзян"? Што сёлета ў Нямеччыне закупленыя нейкія таямнічыя аўтамабілі адмысловага прызначэньня амаль што па мільёне даляраў за штуку?

Канцоўка артыкулу — жорстка-публіцыстычная: "Бюракратыя і ўлада сталі экспрапрыятарамі. Ціха і нахабна. Спачатку раённая намэнклятура, што прыйшла да ўлады, баялася саму сябе. Дакладней, разумела сваю ўласную малаадукаванасьць і непаўнацэннасьць. Потым, бачачы прыпужаную інтэлігенцыю і трохі разгубленую сталічную намэнклятуру, раённая эліта стала пачувацца болей упэўнена. Улада і грошы надалі вагі ўласнай непаўнацэннай значнасьці. Прыгнутае грамадзтва дазваляла рабіць што заўгодна. (…) Зараз пачаўся росквіт гэтага нахабства ды бессаромнасьці".

Пачытайце гэты артыкул, які, канешне ж, выходзіць за межы эканамічнага агляду. Гэта хутчэй дыягназ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?