Cяргей Балахонаў
БЕЛАЯ РЭВАЛЮЦЫЯ
(рэп)
Белы сьвет
Белы дзень
Белы сьнег
Квецень белая дрэваў вішнёвых
Я чакаў
Я шукаў
Шпарка бег
Памыляўся я ў справах і словах
Белы сон
Белы час
Белы твар
Цела белае першай любові
Я дайшоў
Я знайшоў
Колер мар
Я сягоньня да волі гатовы
Час надышоў і пачуцьці сасьпелі
Колер маёй рэвалюцыі белы
Час надышоў і пачуцьці сасьпелі
Колер маёй рэвалюцыі белы
Белы Бог
Белы хлеб
Белы сьпеў
Крылы белыя велічных птахаў
Я кахаў
Я трываў
Я пасьпеў
Аж дарэшты пазбавіцца страху
Белы рух
Белы шыхт
Белы плён
Беларускіх вачэй прасьвятленьне
Гэты дзень
Гэты час
Гэты звон
Вызваленьне ідзе. Вызваленьне
Час надышоў і пачуцьці сасьпелі
Колер маёй рэвалюцыі белы
Час надышоў і пачуцьці сасьпелі
Колер маёй рэвалюцыі белы
■
Алесь Кушнер
КАХАНАЙ ПРЫСЬВЯЧАЮ
Заплюшчыў вочы на імгненьне.
Ізноў вяртае памяць мне
То красавіцкае памкненьне,
Што прынясло мне ў дар цябе.
Стаяла ты у промнях сонца
Ля уваходу у мэтро,
Вачыма — зоркі дзьве зялёныя,
Якіх я не забуду ўжо.
Ты мне адразу спадабалася,
Твой выгляд непаўторны быў,
І я адчуў у самым сэрцы,
Што жыць мне нельга безь цябе.
Гады імгненна пралятаюць,
Зьмяняючы нам і наўкола ўсё,
Але ня згубім мы каханьня,
Нідзе, ніколі, ні за што!
■
Аўген Зубовіч
МОВА
Магутны Божа, мілы мой!
О, зьлітуйся зь Літвы сваёй!
Дай не памерці краю, слову,
Ўзрадзі вялікай нашу мову.
Табой ў стагодзьдзях мы пісалі,
Табой пачуцьці абуджалі,
І ты адна вяла ў бой,
Ад сну ратуючы сабой.
Цябе любілі каралі,
І гаварылі «на зямлі».
Напеўнай самаю гучыш.
Чаму ў народзе ты маўчыш?
Чаму ж цябе забыў народ,
Закінуў ужо колькі год?
Магутны Божа, мілы мой!
О, з мовы зьлітуйся маёй!
■
Сяргей Макарэвіч
ПАМЯЦІ ЎЛАДЗІМЕРА ДУБОЎКІ
У сьпіс ён патрапіў апошнім з прысудных,
А выйсьці ня здолеў першым.
Шмат гадоў ён адбыў пакутных
У лягерах, адкуль выйшаў бязгрэшным.
Адкуль выйшаў бязгрэшным, нявінным,
Дзе патраціў сваю маладосьць,
Дзе на сьвет ён глядзеў дзіўным
Позіркам праз краты ўноч.
Яго Пушкіным звалі ў вочы,
Ды прарочылі жыць у вяках.
А між тым ён сяньня ў змрочы:
Пазабыты… Успамінаецца толькі ў снах.
Дык шануйце, браты, нашых продкаў!
Вы нясіце нашчадкам ўспамін.
Памятайце: Ўладзімер Дубоўка
У гісторыі быў не адзін!
■
Юлія Альшэўская
Я СЬНІЛА СОН...
(К.Каліноўскаму)
Я сьніла сон, што ты жывы
І тваё сэрца зноў гарыць,
Гарыць свабодаю, Радзімай,
Палае прагай барацьбы.
Ўжо больш стагодзьдзя прамінула,
А ты ня можаш дараваць
Ні таго часу, ні той волі,
Ні той зямлі пад зорным сьцягам.
Блакіт нябёс, дубровы, нівы
Яшчэ дагэтуль у вачох
І, мабыць, зь іх ужо ня зьнікнуць,
Бо стаў свабодны ты ад часу.
Бо з нараджэньня ты ў душы
Насіў і сэрца Беларусі,
Бо з нараджэньня яе голас
Ты чуў, і нават пад прымусам;
Ад нараджэньня і да сьмерці…
Дапамаглі табе памерці,
Але, здаецца, ты ўсё ведаў,
І іншы шлях ты не шукаў,
Бо ён адзіны да надзеі —
Шлях барацьбы, шлях да канца.
Навошта ж зараз ты прыйшоў?
Хоць і дарэмна запытала:
Глядзіш на край — вось і адказ.
Туга ў душы апанавала.
…
Сон скончыўся, а думка — не.
Дык вось каго нам не хапае...
■
Вольга Марозава
* * *
Серад ціхенькай ночы
Крыкі з сэрца на волю лезьлі.
Ты заўважыў: замерзьлі вочы.
Я сказала: душа замерзла.
■
Мікола Яўмененка
ЗІМА
У сьнежні зямля пакрываецца сьнегам
Халодным, які не кляні і ня пудзь!
Бо сьнежань — пачатак, сапраўдны калега
Зімы ў Беларусі. Пра восень забудзь!
У студзені глеба марозам і ветрам
Астуджваецца да благіх велічынь.
Хрышчэнскія сьцюжы, пранікшыя ў нетры
Зямлі, нішчаць корані дрэў уначы.
У лютым марозы слабеюць, затое
Лютуюць завеі й сугробы растуць,
Адлігі здараюцца, й дзецям праз тое
У хаце самотна, на вуліцу йдуць
Згуляць у вайну, трапна сьнежкай пацэліць
Бяскрыўднай у сябараў лепшых сваіх.
Яны таго ж самага, мусіць, хацелі
Й жадалі зьляпіць бабу сьнежную ў міг.
Улетку, увосень і нават вясною
Падобных прыгодаў для іх, дзетвары,
Няма, а таму ні з табой, ні са мною
Ня будзе іх да зімовай пары.
■
Мікалай Ільючык
БОЛЬ І ГОНАР
Шапаціць кволым лісьцем бяроза,
На граніцы халоднай чырвоныя ружы.
А у памяці боль і задушваюць сьлёзы,
Грудзі шчэміць туга і вярэдзіць душу.
Сэрца маці ніколі ня будзе ў спакоі.
Плач і енк, сьлёзы выелі вочы.
Дні пад хмарамі, чорныя мроі,
Вечны сум і бясконцыя ночы.
Гадавала і песьціла. Марыла. Сьніла.
Што сын вырасьце — ўцеха на старасьць.
Цынкаваная бляха жыцьцё скіравала
Ад дзяцінства адразу ў вечнасьць.
А зязюля куе, лічыць зноўку гадочкі,
Чаму ж мала ты ім налічыла?
Не пасьпелі займець ні сыноў, ані дочак —
Жыцьці зьмяла вайна і ушчэнт разбурыла.
Засталіся заўжды маладымі сыны.
Вас чакаюць заўсёды — прыйдзіце да нас,
У сяброў успаміны, у матчыны сны,
Добрым позіркам зь неба зірніце на нас.
Боль і гонар спавіты ў адзіны сувой
За тых хлопцаў, што ў пекла загады вялі.
А навошта? За што? Хто парушыў спакой?
І дзе праўда вайны на аўганскай зямлі?
Узгадайма усіх, хто пайшоў на спакой
Да нябёсаў у «чорным цюльпане»
І хто выжыў, скалечаны целам, душой, —
Ўсім героям павага, пашана.
■
Іосіф Масян
* * *
Зноўку ляжа на плечы
Залаты лістапад…
І сумуе аб нечым
Апусьцелы наш сад.
Прасьлязяцца нябёсы
Ўжо ня летнім дажджом.
Як і ў кожную восень,
Лес палае кастром.
Хай ад гэтай сустрэчы
Сьветлым будзе пагляд.
Зноўку ляжа на плечы
Залаты лістапад.
■
Алесь Сушчэўскі
«Я»
Я шукаю сваё «Я». «Я» шукаю.
«Я» маё мяне сабой праглынае.
Ува мне маіх нябачных «Я» — мноства.
Я за «Я» свае гатовы на помсту.
Не магу я зразумець сябе дакладна.
І таму не хачу ў размове прыватнай
Інтарэсы свае і чаканьні ад «Яў» акрэсьліць,
Са сваімі «Ямі» размову правесьці.
Але разам ува мне мае «Я» не тусуюцца,
У агульнага мяне не гуртуюцца.
А мне хочацца іх разам убачыць
І свае «Ям» мэты тлумачыць.
…Ну, а можа, калі «Я» мяне ўсе спаткаюць,
то мой розум «ніЯкі» зусім даканаюць…
А пакуль я зь «Я» сваімі сябрую,
У такі вось вершык шыхтую.
■
Алесь Губін
* * *
На папяровыя адзеньні
Чапляю гузікі дрымоты
І зораў-літараў падзеньне
Не выклікае мар ахвоты.
Пачуцьцяў дробныя імгненьні
Штыхі сумневу. Кволасьць цела,
Муры задушнага скляпеньня
І храпы вуліц звар’яцелых.
Мадэрнавыя героі,
Усэксапіленыя людзі,
Ня вам стаяць перад гарою
Валадара жыцьця і сьмерці.
Вайна! Даволі спаць, суседзі!
Ты чуеш?.. Вецер зь пекла золкі.
Скруці драпежнага вядзьмедзя,
Скачы да ранішняе зоркі.
Трапяткіх сэрцаў заміраньне,
Ў грудзёх зацішай асалода.
Доўгачаканае вяртаньне
Да ўпадабанае свабоды.
У места лашчыцца надзея,
Сьвятло праспэктаў залатое.
Вякоў няспынная падзея,
Ерусалімскіх брамаў мроя.
Па вокнах танчыць неба крок,
Чытаю промнямі пасланьне:
«Ты жыў ня выпадкам — знарок,
Трываў і верыў у змаганьне».
■
Валеры Барташэвіч
«К свабодзе годнасьці і званьню
Мы працярэбім сабе сьлед,
І будзе ўнукаў панаваньне
Там, дзе сягоньня плача дзед».
Янка Купала
Аб якой Беларусі марыў Янка Купала?
Панаваньне унукаў? Ці надыдзе калі?
Па-над краем навісла толькі цемры навала,
Толькі навалач правіць на пакутнай зямлі.
Зьдзірванелы абшар, курганы, камяніцы,
Адзічэлі палі, у карчах сенажаць,
Толькі рэха Чарнобылю гоніць грамніцы,
Апусьцеўшыя вёскі сіратліва стаяць.
Ці абудзіцца люд хоць на долю імгненьня?
Ці сумленьне таксама, як дзірван зарасло?
Але чую ў адказ, як зь цяжкога пахмельля, —
«Ўсё цудоўна. Галоўна, вайны б не было».
■
Андрусь Храпавіцкі
ПАКУЛЬ НАДЗЕЯ ЁСЬЦЬ…
Тэрмомэтар паказвае крыху вышэй нуля,
Кастрычнік разьвітаўся з хэлоўінскай усьмешкай,
Паціху набліжаецца, паўзе да нас зіма
Зьмяёй па ўмерзлых бульбяных пасьпешках.
На даляглядзе сонца спускаецца у твань.
Іду наперад, па калена ў балаціне,
Міраж надзеі ў сэрцы — а можа, гэта здань,
І будзе толькі чорны змрок адзіны.
Ні чалавека, ні сьвятла здалёк —
Бяскрайняя амшара бы правярае нэрвы,
Як трапіў я сюды? Ці, можа, гэта зрок
Падманвае мяне і я сяджу ў кватэры?
Працёршы вочы, бачу той жа край,
Бязьмежнае бязьлюднае балота.
Пад швэдрам майка зь лягатыпам «Выбірай!»,
Ды выбару няма — паўсюль адна пустота.
Дык, можа, не ісьці? Мо легчы і чакаць,
Пакуль жыцьцё, як дзень, ня згасьне,
Ды вецер гойдае кусты, бы хоча мне сказаць,
Што класьціся на дол яшчэ заўчасна.
Калі надзея ёсьць, пакуль хапае сіл,
Трэба ісьці наперад, варушыць балота —
Калісьці і яно, змагар, на твой капыл
Адкіне маску вечнай адзіноты.
Галоўнае паверыць, галоўнае стрываць
Часы, калі здаецца, што выйсьця ўжо ня будзе,
А тых, хто на каленях, пара пераканаць:
Вы не расьліны і ня быдла — вы, спадарства, людзі!