З Барысам Рагулем гутарыць Аляксандар Адзінец.

— Пасьля таго як Вы пры канцы вайны апынулiся на чужыне, у родным краi больш нiводнага разу не былi. Што гэта — трагiчнае непаразуменьне цi пячатка эпохi?

— Для мяне гэта трагедыя. На працягу ўсяго пасьляваеннага жыцьця я меў надзею ўбачыць родную Беларусь. Але, як ні шкада, не ўдалося. Аднойчы я ўжо цьвёрда для сябе вырашыў: еду! Аднак адзiн зь беларускiх дзеячаў, якi жыве ў ЗША, папярэдзiў мяне, што гэта рызыкоўная iдэя і няма нiякiх гарантый маёй бясьпекi. Хiба ж так. Калi б я меў магчамасьць там нешта зьмянiць, тады б рызыкаваў. А так…

— Якой Вам уяўляецца сёньняшняя Беларусь здалёк, з-за акiяну?

— Зь вялiкай павагай i зайздрасьцю слухаў навiны з Украiны, якая стала на шлях Заходняй Эўропы. А Беларусь i далей застаецца халуём Масквы.

— Беларусы страчваюць мову, культуру i самабытнасьць. Якiя працэсы прывялi народ да такога становiшча?

— Шматвяковы ўплыў расейскай культуры. Вазьміце майго дзядзьку Васiля Рагулю: ён быў адданым патрыётам Беларусi, адстойваў яе інтарэсы ў польскім сэнаце, але размаўляў толькi па-расейску. На iншай мове гаварыць ня мог. Але мая мацi, актыўная ўдзельнiца Грамады, вучыла мяне шанаваць беларускую мову, свабоду i дала напрамак у жыцьцi.

— Калi б мары Вашага пакаленьня ператварылiся ў рэальнасьць i Беларусь, скарыстаўшыся з сутыкненьня супэрдзяржаваў у Другой сусьветнай вайне, аднавiла сваю незалежнасьць, хто павiнен быў бы кiраваць дзяржавай, хто з грамадзка-палiтычных дзеячаў таго часу меў самую моцную харызму?

— Цяжка сказаць… Усевалад Родзька быў адным з самых здольных i таленавiтых беларускiх iнтэлігентаў на маім вяку. Менавіта Родзька ўтварыў Беларускую незалежніцкую партыю, што мела грандыёзныя пляны, і аддана кіраваў ёю. Пасьля пераезду на Захад мы рабілі намаганьні пайсьці супраць Саветаў адзіным фронтам з амэрыканцамі, аднак тыя, па сутнасьці, адмовілі нам у супрацоўніцтве. Потым у СССР забілі Родзьку, і дзейнасьць партыі канчаткова спынілася.

— Да гэтага часу шмат спрэчак выклiкае пэрсона Радаслава Астроўскага, якi ўзначальваў Беларускую Цэнтральную Раду. Што гэта быў за чалавек?

— У суме ён быў чалавек пазытыўны. Пры паляках хацеў iм падабацца, каб нешта зрабiць для беларусаў. Пры нямецкiх абставiнах ён хацеў зрабiць таксама ўсё на карысьць беларусаў. Ён дабiўся мабiлiзацыi ў Беларускую краёвую абарону. Астроўскі быў з той часткi беларускай iнтэлігенцыi, якая верыла, што ў любых умовах можна нешта рабiць на карысьць Радзiмы.

— Што абяцалi немцы акупаваным беларусам?

— «Вас чакае зямля!» Але сапраўды мы не атрымалi нiчога… Я вельмi хутка расчараваўся ў немцах. Калi ўцякаў зь нямецкага палону, перайшоў мяжу i зайшоў у адну зь сялянскiх хатаў, дык пачуў наступнае: «Дурнi, вяртайцеся да немцаў i ратуйце нас ад бальшавiкоў!» Гэта быў велiзарны шок для мяне. Пасьля ж сталася так, што не было анiводнай прычыны, каб мы падтрымлiвалi немцаў. Немцы зрабiлi ў Беларусi тую ж памылку, што Буш зрабiў у Iраку. Палітычную.

— Якой Вам сёньня ўяўляецца галоўная роля Наваградзкага швадрону?

— Галоўная роля ў тым, што беларускi жаўнер ахоўваў свой народ! Менавiта ахоўваў. У ваколiцах Наваградку, у вёсках, маiх хлопцаў прымалi, як сваiх дзяцей. Тады я пераканаўся, што, калi б мы мелi сваё войска, яно было б прыкладам аховы беларускага насельнiцтва.

— Вы, напэўна, нарадзiлiся ў кашулі, бо столькi разоў уцякалi ад сьмерцi…

— Дык добра ўцякаў! Цяжэй за ўсё даліся ўцёкі з «амэрыканкi», знакамiтай менскай турмы. Мне быў вынесены сьмяротны прысуд, я чакаў сьмерцi ў спэцыяльнай камэры на 20 чалавек. Я дапамагаў старэйшым сябрам, рабiў шахматы з хлеба. Калi нас ужо вывозiлi на сьмерць, пачалася нямецкая бамбёжка. Я кiнуўся наўцёкi. Пераседзеў колькi часу ў лесе, iшоў сьцежкамi i вярнуўся ў родны Наваградак, дзе даведаўся, што мацi забiла бомба…

— Чым цяпер займаюцца Вашы чацьвёра дзяцей — Рагнеда, Вiтаўт, Валодзя ды Андрэй?

— Дачка працуе настаўнiцай у Атаве, адзiн з сыноў таксама аддаў сябе пэдагагiчнай справе. А двое другiх паехалi ў ЗША, дзе працуюць лекарамi. Iх цiкавiць, што робiцца ў Беларусi. Аднак такога патрыятызму, як у нашага пакаленьня, у iх, ведама, няма…

— Якая навiна прынесе Вам сёньня самае вялiкае задавальненьне?

— Любая добрая навiна з Бацькаўшчыны. Веру, што Беларусь знойдзе сваё сапраўднае месца ў сьвеце, месца, якога яна заслугоўвае.

Паводле «Салідарнасці»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0