22 красавіка ў Канадзе на 86-м годзе жыцьця памёр Барыс Рагуля (нар. 1 студзеня 1920 году), намесьнік старшыні Рады БНР.

Ён пражыў поўнае прыгод і небясьпекі жыцьцё. У вайну ствараў беларускае войска, на чужыне стаў вядомым лекарам. Б.Рагуля не лічыў сябе героем, сьціпла казаў, што зрабіў для беларускай справы ўсё, што мог. І ўсё ж хацеў зрабіць больш.

Ён быў харызматычны лідэр, які ў час нямецкай акупацыі здолеў запаліць агонь беларускага патрыятызму ў сэрцах наваградзкай моладзі. Ягоны конны «швадрон», укамплектаваны нацыянальна сьвядомымі хлопцамі з настаўніцкай сэмінарыі, быў пасьпяховым прапагандысцкім праектам. Людзі, упершыню ўбачыўшы сваё беларускае войска, верылі, што калісьці будзе і свая беларуская ўлада.

Барыс Рагуля вельмі любіў спорт. У 1942 годзе на наваградзкім стадыёне ён бег стомэтроўку з найлепшым у раёне на гэтай дыстанцыі — Кастусём Рамановічам. Цікава, што нарадзіліся яны ў адзін дзень — 1 студзеня, толькі ў розныя гады. На фініш прыйшлі плячо ў плячо. А сёлета амаль адначасова пакінулі гэты сьвет…

Апошняе інтэрвію з Б.Рагулем у пачатку гэтага году запісаў журналіст зь нямецкага Ростаку Аляксандар Адзінец. У сакавіку ён зьвязаўся зь ім зноў, каб задаць яшчэ некалькі пытаньняў, але Рагуля ўжо быў вельмі слабы. «Мне надышоў час зьбірацца ў дарогу», — сказаў Барыс Рагуля, калі апошні раз тэлефанаваў мне з Канады.

Сяргей Ёрш

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0