Мінула дзесяць гадоў, як няма Андрэя Пяткевіча.

Андрэй нарадзіўся ў 1966 годзе ў вёсцы Ўселюб на Наваградчыне. Вучыўся ў Гарадзенскім унівэрсытэце, уваходзіў у літсуполку «Верш-гурт «Дыяген», Гарадзенскі літаратар Юрась Пацюпа ў эсэ «Постмадэрнізм, калыска мая» пісаў: «Для Андрэя Пяткевіча кінізм быў пэрманэнтным палітычным бунтам супраць таталітарнае дзяржавы, патаптаньнем нормаў філістэрскага грамадзтва. Ён, пісьменьнік, не цаніў пісанага слова, калі трэба было выбіраць паміж словам і ўчынкам... Ягоны кінізм уяўляў бунтарскі стыль паводзінаў і філязофскі лад жыцьця».

Учынкаў, зьдзейсьненых Пяткевічам, было шмат. Ён выкрываў стукачоў і несумленных людзей, бесхрыбетнікаў і пафігістаў. Пра дамаганьні гарадзенскага КДБ расказаў у артыкуле «Паэт і камітэт», надрукаваным у гарадзенскай «Пагоні».

Маленькага росту, худзенькі, сухенькі, Андрэй Пяткевіч нагадваў фальклёрнага дзядка-дамавічка, які мусіць сачыць за парадкам у хаце, а яго мала хто слухаецца. Таму ўвесь час трэба ўшчуваць і сарамаціць жыхароў дому.

Андрэй спачатку паставіўся крытычна да маёй ідэі ўтварыць Таварыства вольных літаратараў. У красавіку 1993 году ён даслаў у Полацак гнеўны ліст, у якім сярод іншага пісаў: «Ня бачу асобаў для ТВЛ, за выключэньнем трох-чатырох чалавекаў. Які літаратар ёсьць вольны? Абавязкова той, хто акрамя ўсяго іншага друкуецца толькі на тарашкевіцы й не супрацоўнічае з афіцыйнымі выданьнямі».

Упершыню ў полацкіх выданьнях вершы Андрэя Пяткевіча былі надрукаваны ў альманаху «Ксэракс беларускі». Сярод іх і праграмны: «Я сёньня быў самім сабою, у твар брыду назваў брыдою».

У яго ад нараджэньня быў парок сэрца, але сьмерць стала для ўсіх нечаканай. А пасьмяротнай кнігі няма і да сёньня.

Алесь Аркуш

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0