25 красавіка ў Магілёве пачаўся судовы працэс у справе маладафронтаўца Сяржука Нягаціна, абвінавачанага ў распаўсюдзе друкаваных матэрыялаў, якія ганьбяць дзяржаўны лад, а таксама ў дробным хуліганстве і супраціве міліцыянтам. Яго затрымалі 23 красавіка ўвечары: у хлопца парваўся пакет, зь якога пасыпаліся на тратуар каля 300 асобнікаў розных дэмакратычных газэт, што й прыцягнула ўвагу міліцэйскага патруля.

Экс-дэпутат Сяргей Скрабец 25 красавіка накіраваў у пракуратуру Беларусі і старшыню КДБ заявы «пра злачынствы» — так ён ацаніў заявы спэцслужбаў пра затрымку двух кур’ераў зь Літвы, якія везьлі яму 200 тыс.даляраў.

Офіс берасьцейскай філіі БСДП (НГ) 26 красавіка наведалі міліцыянты з упраўленьня па барацьбе з абарачэньнем наркотыкаў. Наркотыкаў не знайшлі, але ўзялі некалькі асобнікаў віншавальных улётак з нагоды 1 траўня. На каардынатара руху «Воля народу» па Берасьцейшчыне, актывіста БСДП Ігара Маслоўскага склалі пратакол за дзеяньне ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Прэзыдыюм Выканаўчага бюро мае намер накiраваць афiцыйны лiст мiнiстру ўнутраных спраў, каб прыцягнуць да адказнасьцi берасьцейскіх мiлiцыянтаў за перавышэньне iмi паўнамоцтваў i парушэньне заканадаўства.

У Магілёве 26 красавіка міліцыянты перашкодзілі правесьці Чарнобыльскую акцыю, прэвэнтыўна затрымаўшы сяброў ПБНФ Рыгора Костусева і Зьмітра Салаўёва, сябра БСДП Паўла Вусава, сябра АГП Уладзімера Шанцава. Затрыманых адпусьцілі празь некалькі гадзін, не складаючы пратаколаў.

Студэнтку Аксану Цімчанку й кіраўніка арганізацыі «Сузор’е» Зьмітра Шыманскага затрымалі ў Берасьці 26 красавіка падчас акцыі «Сьвечка памяці»: яны раздавалі ўлёткі з інфармацыяй пра вынікі Чарнобыльскай катастрофы. На дзяўчыну склалі пратакол за незаконнае распаўсюджваньне друкаванай прадукцыі.

Гарадзенскую журналістку Ірыну Чарняўку 26 красавіка выклікалі ў абласную пракуратуру й прымусілі даць тлумачэньні па скарзе намесьніка міністра па падатках і зборах Васіля Каменкі. Ён лічыць, што журналістка ў артыкуле «Праверкі ў падатковай» («Народная воля», 5 красавіка

2005 г.) раскрыла таямніцу папярэдняга сьледзтва. Журналістка растлумачыла, што карысталася адкрытымі крыніцамі.

У Менску падчас Чарнобыльскай акцыі 14-гадоваму школьніку Данілу Барысевічу, актывісту незарэгістраванай арганізацыі «Зубр», пашкодзілі зьвязкі на руцэ.

27 красавіка асуджаны ўдзельнікі Чарнобыльскай акцыі — грамадзяне Ўкраіны: Андрэй Бокач — на 15 сутак, Аляксандар Машлай, Андрэй Грымалюк і дэпутат Луцкага гарсавету Ігар Гузь — на 10 сутак кожны, Аляксей Панасюк — на 9 сутак. 10 сутак арышту атрымаў карэспандэнт часопісу «Русский Newsweek» Аляксей Амётаў, 8 сутак — журналіст газэты «Московский комсомолец» Міхаіл Раманаў. На суды да расейцаў і ўкраінцаў не пускалі дыпляматаў, парушаючы гэтым Венскую канвэнцыю аб консульскіх адносінах ад 1963 г. 30 красавіка пасьля ўмяшаньня расейскіх дыпляматаў асуджаныя грамадзяне Расеі былі адпушчаны і вывезены на радзіму.

«Маладафронтаўцы» Кірыла Шымановіч і Алег Гнедчык атрымалі 27 красавіка за Чарнобыльскую акцыю па 10 сутак арышту. На столькі ж быў асуджаны кіраўнік БПС Сяргей Высоцкі, а таксама Мікіта Дзядзюшка і Анатоль Бякасаў. Асуджанага па той самай справе Сяргея Лісічонка ў ноч на 1 траўня даставілі са спэцпрыёмніку ў інфэкцыйную больніцу.

З актывістамі Свабоднага прафсаюзу мэталістаў УП «Лёс» (г.Барань Аршанскага раёну) сьлесарамі Рыгорам Максіменкам, Вадзімам Дзюдзяковым і Міхаілам Воранавым 27 красавіка адміністрацыя заводу адмовілася працягваць кантракт. Яны, у сваю чаргу, накіравалі кіраўніцтву сустрэчныя заявы з патрабаваньнем скасаваць кантракт у сувязі зь невыкананьнем яго адміністрацыяй: заробкі выплачваюцца ня двойчы ў месяц, як напісана ў кантракце, а толькі адзін раз. Паколькі адміністрацыя адмовілася плаціць работнікам кампэнсацыі, яны падрыхтавалі заявы ў суд.

Першы допыт затрыманага Андрэя Клімава адбыўся 27 красавіка. Клімаў адмовіўся даваць паказаньні, заявіўшы, што не давярае сьледчаму й лічыць допыт бессэнсоўным. 29 красавіка Клімаву прад’явілі абвінавачаньне за арганізацыю акцыі 25 сакавіка. Паводле рашэньня пракурора, ён застанецца за кратамі сама меней да 22 чэрвеня.

Палітзьняволены Валер Леванеўскі, як стала вядома 28 красавіка, пачаў чытаць лекцыі па юрыдычнай тэматыцы і пытаньнях прававой дзейнасьці вязьням калёніі №22 у Івацэвіцкім раёне, дзе адбывае пакараньне.

Падчас распаўсюду незарэгістраванай газэты «Выбар» у Магілеве 27 красавіка затрыманы актывісты «Зубра» Яўген Сувораў, Мікалай Ільін і Ганна Петракевіч — на іх склалі пратаколы за распаўсюджваньне друкаванай пардукцыі без выходных зьвестак. Непаўналетнюю Ганну Петракевіч паставілі на ўлік у інспэкцыі па справах непаўналетніх і правялі зь ёй «прафіляктычную гутарку».

28 красавіка блізкія забітай журналісткі Веранікі Чаркасавай атрымалі пастанову менскай пракуратуры ад 18 красавіка, згодна зь якой зь яе сына Антона Філімонава ды айчыма Ўладзімера Мялешкі зьнятыя падазрэньні «праз адсутнасьць у іх дзеяньнях складу злачынства».

Сыны Міхаіла Марыніча 28 красавіка накіравалі ў пракуратуру Беларусі скаргу на адміністрацыю Аршанскай калёніі: яны лічаць, што там іхняга бацьку спрабавалі забіць і таму наўмысна не давалі яму лекаў напярэдадні інсульту.

У актывісткі АГП Марыны Багдановіч 28 красавіка апісалі маёмасьць без удзелу панятых: яна асуджана на 150 базавых велічынь штрафу за акцыю 26 красавіка й на 200 б.в. за акцыю прадпрымальнікаў 1 сакавіка.

У падтрымку газэты «Борисовские новости» 28 красавіка актывісты «Зубра» вывесілі расьцяжку на мосьце над шашой Менск—Масква. Міліцыянты затрымалі на 15 хвілін журналіста газэты Аляксандра Абрамовіча, які фатаграфаваў падзею. Суд над рэдактарам газэты Анатолем Букасам пачаўся 29 красавіка: яго вінавацяць у паклёпе і абразе рэдактара газэты Барысаўскага гарвыканкаму «Адзінства» Веры Пратасевіч.

Адміністрацыйная камісія пры Наваполацкім гарвыканкаме 28 красавіка разглядала справу затрыманага падчас распаўсюду студэнцкага бюлетэню студэнта Полацкага дзяржунівэрсытэту Алега Вяжэвіча. Хлопца апраўдалі «праз адсутнасьць складу правапарушэньня», а канфіскаваныя асобнікі пастанавілі вярнуць уладальніку.

Менскія гарадзкія ўлады адмовілі прафсаюзу РЭПАМ у арганізацыі 1 траўня шэсьця па праспэкце Скарыны й мітынгу на Кастрычніцкай плошчы. Афіцыйнай падставай для адмовы стала спазьненьне з заяўкай: чыноўнікі гарвыканкаму кажуць, што яна паступіла да іх 19 красавіка — менш чым за 15 дзён да мерапрыемства. Прафсаюзныя актывісты гавораць, што падавалі заяўку 15 красавіка.

У Гомелі 1 траўня прэвэнтыўна затрыманы 10 актывістаў моладзевых арганізацый, якія меліся раздаваць мінакам цукеркі «Лімонныя» і «Лімоньнік». У затрыманых адабралі партрэты Лукашэнкі, купленыя ў кнігарні, і адпусьцілі, не складаючы пратаколаў.

1—2 траўня адбылася акцыя Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі — віншаваньне на Вялікдзень. У сьпісе віншаваньня было 70 чалавек — гэта беларуская эліта, народныя пісьменьнікі, паэты, акадэмікі, навукоўцы, палітыкі, кандыдаты ў прэзыдэнты, грамадзкія дзеячы. Сэнс акцыі — прэзэнтацыя ідэй хрысьціянскай дэмакратыі. Сярод падарункаў былі музычны дыск з хрысьціянскімі сьпевамі, праграмка хрысьціянскай дэмакратыі. Затрыманьняў не было.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0