У сэрыі «Спадчына Полацкай зямлі», якую летась заснавалі палачане — выдавец А.Суднік і бізнэсовец А.Супрановіч, пабачыла сьвет чарговая кніга — «Езуіты ў Полацку. 1580—1820 г. Ч. 1». Зборнік складаецца з напісаных у розныя гады чатырох тэкстаў.

Адкрываецца кніга працай выкладчыка Полацкага кадэцкага корпусу Аляксея Мораля «История города Полотска и возникновение здания Полотского кадетского корпуса», надрукаванай у 1907 г. Напэўна, Мораля і меў на ўвазе Ластоўскі, калі пісаў у славутых «Лябірынтах»: «Адзін зь іх быў мясцовы чыноўнік, абруселы немец, якога я знаў з брашуры, напісанай ім, калі было яшчэ моднае і паплатнае для чыноўніцкай кар’еры русіфікатарства. У гэнай брашуры ён задаваўся мэтай давесьці, што па-расейску трэба пісаць назву гораду ня «Полоцк», а «Полотск» і што быццам у гэтым перайменаваньні простай назовы краўся сам цэнтар «абрусеньня краю».

Аднак ня спробай тлумачэньня іншага напісаньня імя гораду каштоўная праца. Мораль прыводзіць пералік разрабаванай маёмасьці полацкіх езуітаў, што часткова трапіла ў музэі і вышэйшыя ўстановы Масквы і Пецярбургу.

Расейцы знайшлі ў будынках Полацкага езуіцкага калегіюму бібліятэку, якая складалася з трох частак — галоўнай, пакаёвай і польскай. Найбольш каштоўныя кнігі забралі з сабой езуіты і піяры. Але і тое, што засталося, уражвае. Камісія налічыла 23 551 том. Пазьней 6 260 тамоў паехалі ў Санкт-Пецярбурскую публічную бібліятэку, 454 тамы — у Маскоўскі ўнівэрсытэт, 389 тамоў — у Імпэратарскую публічную бібліятэку, 3 056 тамоў — у галоўнае ўпраўленьне духоўных спраў і г.д.

Паводле Мораля, генэрал ордэну езуітаў Габрыэль Грубэр перавёз з Рыгі «многія гістарычныя паперы, якія тычыліся гісторыі балтыйскага краю. Па выгнаньні езуітаў полацкіх іх архіў перавезены ў архіў Міністэрства ўнутраных спраў. (…) У пажары

1863 г. усе паперы згарэлі».

У мінэралягічным кабінэце чальцы камісіі налічылі: 2 алмазы, 20 ізумрудаў, 5 сапфіраў, 20 амэтыстаў, 24 кавалкі тапазаў, 100 кавалкаў цыркону і г.д. А таксама самародныя зьліткі золата і срэбра, 3 біўні маманта, 8 акамянеласьцяў рыб і расьлін і іншыя экспанаты.

У карціннай галерэі захоўвалася 67 прац — сярод іх карціны Рубэнса і старажытныя копіі карцін Рафаэля і Тыцыяна, які выканаў езуіт Нядзьвецкі.

Яшчэ больш унікальная калекцыя чакала камісію ў фізычным кабінэце: галава, якая ўмела гаварыць; купідон, які мог рухацца ў калясцы; дзядок з ківаючай галавой; купец, які гандляваў у сваёй лаўцы, і іншыя дзівы мэханікі і оптыкі. У кабінэце таксама налічылі 141 навуковую прыладу. Камісіі загадалі «прылады, якія маюць на ўвазе, хутчэй, фокус, чым навуковую мэту… адаслаць у Пецярбург».

Відавочна, на вочы камісіі патрапілі далёка ня ўсе скарбы полацкіх езуітаў. З даўніх часоў паўсталі легенды, што самыя каштоўныя рэчы манахі здолелі схаваць у падземных сутарэньнях. І тры іншыя тэксты зборніка апісваюць пошукі падземных лёхаў пад езуіцкімі мурамі.

У тэксьце краязнаўцы Івана Дэйніса (1905—1985) распавядаецца пра пошукі падземнага ходу на левы бераг Дзьвіны ў 1920 г., якія ладзіліся па загаде асобага аддзелу 15-й арміі РСЧА. Чырвонаармейцы баяліся польскіх шпегаў, але лёх так і не знайшлі.

Артыкул Міхаіла Андрэева (1987) — «Пра пошук і наведаньне падземнага ходу пад ракой Заходняй Дзьвіной» — зьяўляецца апісаньнем дзіцячых вандровак у падзямельле ў сярэдзіне 1920-х.

Дасьледчык езуіцкіх скляпеньняў Андрэй Бухавецкі, які спускаўся ў полацкае падзямельле ў 2000 г., у сваім артыкуле сьцьвярджае, што полацкія лёхі былі сур’ёзна пашкоджаны выбухам сабору Сьв.Стэфана ў 1964 г.

Кніга будзе цікавай як аматарам полацкай гісторыі, так і дыгерам. Адзінае — не сур’ёзна называць езуіцкі ордэн «адыёзным», як гэта зрабілі ўкладальнікі зборніка ў анатацыі. Адыёзнымі, хутчэй, можна назваць дзеяньні рабаўнікоў Полацкага езуіцкага калегіюму і руйнавальшчыкаў сабору.

Васіль Кроква

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0