Чаму матэрыялы крымінальнай справы Ягора Рыбакова былі засакрэчаныя, а іх разгляд у Вярхоўным судзе адбываўся за зачыненымі дзьвярамі? Адказ — у зьмесьце гэтых матэрыялаў.

Журналісту Сяргею Сацуку ўдалося пазнаёміцца зь імі. Яны выяўляюць мэханізмы ўзбагачэньня вышэйшага кола чыноўнікаў. Норавы, якія пануюць сярод іх. А таксама мэханізмы фінансаваньня рупараў улады. Мы перадрукоўваем гэты артыкул з «БДГ. Для служебного пользования».

Пачатак

Пра тое, што Рыбакоў бярэ «адкаты» са зьдзелак, ведалі многія. Галоўны тэлевізіёншчык краіны нават не спрабаваў гэтага ўтойваць. Рыбакоў пачаў свой «бізнэс», яшчэ не абжыўшыся як сьлед у новым крэсьле, калі быў в.а. старшыні НДТРК, 15 чэрвеня 2001 г. У той дзень у кампаніі адбывалася пасяджэньне тэндэрнай камісіі на пастаўку абсталяваньня для нелінейнага мантажу для карэспандэнцкага пункту БТ у Маскве. Напярэдадні пасяджэньня Рыбакоў сустрэўся з дырэктарам ВПУП «Валідыя» Сяргеем Ганчаровым і адкрыта прапанаваў яму выйграць конкурс пры ўмове 10% «адкату» ад кошту зьдзелкі. Умовы джэнтэльмэнскага пагадненьня былі прынятыя, і тэндэр выйграла фірма «Валідыя», якая абавязалася прадаць патрэбнае абасталяваньне за 62 973 даляры на ўмовах аплаты па факце пастаўкі. Рыбакоў асабіста ўзяў удзел у пасяджэньні камісіі, забясьпечыўшы патрэбны вынік для прыватнага прадпрыемства і камісійныя для сябе.

Ганчароў таксама ня лыкам быў шыты. Каб ня траціць грошы на 10-працэнтным «адкаце», ён уключыў яго у кошт абсталяваньня і крыху прыбавіў. Такім чынам, празь дзесяць дзён пасьля элегантнай перамогі прадпрыемства «Валідыя» на тэндэры в.а. старшыні НДТРК падпісаў зь фірмай дагавор №127, паводле ўмоў якога абсталяваньне пастаўлялася ўжо па цане 128 263 740 рублёў (93 283 даляры).

Рыбакоў нават не спрабаваў неяк прыкрыць недапушчальныя парушэньні ўмоў тэндэру. Больш за тое, яму так карцела атрымаць «заробленыя» грошы, што ўжо 29 чэрвеня ён аддае распарадчай дырэкцыі Белтэлерадыёкампаніі загад аб пераводзе завышанай сумы кантракту на разьліковы рахунак ВПУП «Валідыя», пасьля чаго ў працоўным кабінэце атрымлівае ад Ганчарова 9 тыс. даляраў гатоўкай. Само абсталяваньне паступіла ў НДТРК толькі 29 жніўня.

Падчас атрыманьня першага хабару паміж Рыбаковым і Ганчаровым была дасягнута чарговая дамоўленасьць: «Валідыя» выйграе тэндэр на пастаўку тэлевізійных журналісцкіх камплектаў для Агенцтва тэлевізійных навін на тых жа ўмовах — 10% «адкату» ад зьдзелкі.

Сказана — зроблена. 3 жніўня 2001 г. прыватнае прадпрыемства зноў выйграе тэндэр, прапанаваўшы журналісцкія камплекты коштам 88 627 даляраў. Гэтым разам скромнічаць у паборы з падаткаплатнікаў ня сталі ні Рыбакоў, ні Ганчароў. Яны падпісалі дагавор №142, дзе цана абсталяваньня была завышана ў параўнаньні з тэндэрнай на 37 тыс. (!) даляраў. З гэтай сумы 11 тыс. гатоўкай атрымаў Рыбакоў, які забясьпечыў пералічэньне сродкаў ужо праз тры дні пасьля падпісаньня кантракту, а астатнія дасталіся фірме «Валідыя».

Люты апэтыт

Апэтыт Ягора Рыбакова яшчэ больш узрос, калі гаворка пайшла пра новыя буйныя кантракты. У жніўні 2001 г. НДТРК быў заключаны дагавор №0134 з ангельскай кампаніяй Continental Miсrowave на пастаўку спадарожнікавай перасоўнай станцыі коштам 481 952 даляры. Інтарэсы ангельскай кампаніі ў Беларусі лабіравала тая ж «Валідыя» ў асобе Ганчарова, зь якога Рыбакоў запатрабаваў 12 тыс. даляраў. Дырэктар ПП перадаў «просьбу» ангельцам, але тыя катэгарычна адмовіліся даваць хабар. Замежнікі, што зь іх узяць! Нежаданьне замежных партнэраў «дзяліцца» толькі раззлавала Рыбакова. Ён націснуў на Ганчарова і змусіў яго выкласьці 5 тыс. даляраў. Гэта каля 1% ад сумы зьдзелкі. На момант атрыманьня гэтых грошай Рыбакоў быў ужо паўнапраўным старшынём НДТРК, без ранейшай прыстаўкі «в.а.». Задаволіцца толькі адным адсоткам замест ранейшых дзесяці было неяк несамавіта, і колішні в.а. запатрабаваў ад Ганчарова штомесячных выплат па 2,5 тыс. даляраў. Так цягам студзеня—ліпеня 2002 г. старшыня НДТРК атрымаў гатоўкай яшчэ 17 500 даляраў.

Калі грошы пачалі цячы пастаянна і ў вялікай колькасьці, Рыбакоў азадачыўся іх улікам, захоўваньнем і разьмеркаваньнем. Ён запатрабаваў ад Ганчарова набыцьця сыстэмы «Банк—кліент» і адкрыцьця рахунку на падстаўную кампанію ў адным з замежных банкаў. Выконваючы заданьне, кіраўнік прадпрыемства «Валідыя» накіроўваецца ў Маскву, купляе дакумэнты аб заснаваньні кампаніі Sable Corporation зь юрыдычным адрасам у ЗША і банкаўскім рахункам 1-469-0023303-0201, адкрытым у АТ Aizkraukles banka. Ганчароў набывае Рыбакову за 1200 даляраў сыстэму «Банк—кліент» і ноўтбук «Сымэнз» для кіраваньня сыстэмай.

Калі ўсё гэтае дабро трапіла ў распараджэньне Рыбакова, у яго разгарэўся люты апэтыт да фінансавай дзейнасьці. Ён ужо не задавальняецца «адкатамі» і займаецца адкрытым вымаганьнем. Штучна стварае сытуацыю з затрымкай аплаты па кантрактах зь фірмамі, якія прадстаўляў Ганчароў, і патрабуе за вырашэньне пытаньняў зь неплацяжамі вялізных грошай.

Як было ўстаноўлена сьледзтвам, НДТРК ня мела недахопу ў сродках, а вось сума запазычанасьці кампаніям Ганчарова складала некалькі мільёнаў даляраў. Гэта вымушае Ганчарова зноў плаціць. Паводле падлікаў сьледчых, са жніўня 2002 г. па кастрычнік

2003-га на рахунак Рыбакова ў Aizkraukles banka паступіла 119 446 даляраў. Акрамя таго, Ганчароў за гэты пэрыяд перадаў гатоўкай яшчэ 10 тыс. Але Рыбакову гэтага было мала. Пагражаючы не рабіць аплаты па раней заключаных і выкананых дагаворах з ганчароўскімі прадпрыемствамі, ён патрабуе давесьці пазначаныя вышэй сумы да 500 тыс. даляраў і перавесьці іх на яго рахунак.

Хатка па-над рэчкаю

Такія грошы старшыню НДТРК былі патрэбны на добрыя мэты: ён нагледзеў для сям’і дамок у Цнянцы, што пад Менскам, коштам 500 тыс. даляраў.

У лістападзе 2003 г. Рыбакоў пераводзіць на рахунак гаспадара «залатога» цераму 280 тыс. даляраў, атрыманых ім у якасьці хабару ад Ганчарова. У сьнежні спадарыня Рыбакова перадае гаспадару дома яшчэ 70 тыс. гатоўкай. Астатнія 150 тыс. Рыбаковы абавязваюцца выплаціць на працягу трох месяцаў. Іх паступленьне плянавалася ад «спагадлівага» Ганчарова.

Цнянскі домік быў аформлены на нейкую грамадзянку Карашкевіч Н.І., якая ў натарыяльнай канторы паставіла свой подпіс «там, дзе сказалі». Сям’я Рыбаковых пражыла ў вёсцы каля трох месяцаў і вярнулася ў гарадзкую кватэру. Загарадную цішыню на гарадзкі шум дапамог зьмяніць Ганчароў, у якога непамерны апэтыт галоўнага тэлевізіёншчыка выклікаў абурэньне. Замест пералічэньня астатніх 150 тыс. даляраў ён зьвярнуўся ў праваахоўныя органы з заявай, якая прыйшлася вельмі дарэчы. Цярпеньне лопнула ня толькі ў Ганчарова.

На шырокую нагу

Дом у паўмільёна даляраў быў апошняй пакупкай Рыбакова, праўда, так і не даведзенай да канца. Арышт старшыні НДТРК і немагчымасьць атрыманьня астатніх 150 тыс. даляраў прымусілі цнянскага прадаўца разарваць зьдзелку. Уладальніку дома давялося вярнуць атрыманыя ім грошы, але ўжо не Рыбаковым, а ў пракуратуру.

Вось яшчэ некалькі фактаў, якія характарызуюць фінансавы лад жыцьця нашага героя. Джып «Судзукі Гранд Вітара ХЛ 7» абышоўся ў 20 тыс. даляраў. Пры вобыску ў кватэры Рыбакова знойдзена ювэлірных вырабаў на 13 тыс. даляраў і амаль 40 тыс. даляраў ды 11 тыс. эўра гатоўкай. За рамонт сваёй кватэры старшыня НДТРК выклаў, як падлічылі сьледчыя, 13 тыс. даляраў. Летні адпачынак у Турцыі абышоўся яму ў суму, якая перавышае 6 тыс. даляраў. Былі ўстаноўлены два факты, калі Рыбакоў даваў у доўг па 60 тыс. і 70 тыс. даляраў.

Прыкрыцьцё

Паколькі слуханьні крымінальнай справы Рыбакова праходзілі пры зачыненых дзьвярах, назіральнікі так і не зразумелі, якія дзяржаўныя таямніцы там хаваліся і чаму Рыбакову быў вынесены такі суровы прысуд. Адказы на гэтыя пытаньні хаваюцца ў акалічнасьцях папярэдняга расьсьледаваньня крымінальнай справы і яе разгляду ў судзе.

Рыбакоў выбраў бязглуздую, калі не сказаць самазабойчую, тактыку абароны: жадаючы прыкрыць сваю сарамату, ён выставіў напаказ сарамату беларускіх уладаў, расказаўшы, як рыхтаваліся і фінансаваліся на БТ усім вядомыя спэцпраекты. Згодна са сьцьверджаньнем Рыбакова, ён штомесяц атрымліваў на спэцпраекты 6,5 тыс. даляраў і па іх выкарыстаньні даваў справаздачу асабіста прэзыдэнту. Старшыня НДТРК адкрыта заявіў сьледчым, што прысвойваў выдзеленыя на спэцпраекты грошы. Спачатку ён называў суму 140—150 тыс. даляраў, потым павялічыў яе да 160—180 тысяч.

Адбіваючыся ад абвінавачаньня ў атрыманьні буйнога хабару (ч.3 арт.430 КК РБ), Рыбакоў фактычна прызнаўся ў крадзяжы шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі (ч.4 арт.210 КК РБ). Як той казаў, хрэн за рэдзьку не саладзейшы. Па гэтых артыкулах прадугледжаны аналягічныя пакараньні — да 15 год пазбаўленьня волі. Так няўмела апраўдваючыся, падсудны рэальна рызыкаваў падпасьці пад абвінавачаньне адначасова па абодвух артыкулах, і тады кара была б яшчэ больш жорсткай. На што ж ён разьлічваў?

Усё проста. Яму не маглі прад’явіць абвінавачаньне ў крадзяжы сродкаў, якіх афіцыйна не існуе. Акалічнасьці справы Рыбакова адназначна сьведчаць, што фінансаваньне спэцпраектаў ажыцьцяўлялася не зь дзяржбюджэту, а з крыніц, падсправаздачных толькі аднаму чалавеку.

Закон ня пісаны

У справе былі «засьвечаны» і іншыя доказы «левага» валютнага фінансаваньня спэцпраектаў. Напрыклад, дакладная запіска Рыбакова на імя прэзыдэнта №36/1147 за 28 лістапада 2003 г., дзе давалася справаздача аб выкарыстаньні атрыманых даляраў. Няма неабходнасьці даводзіць, што прэзыдэнт краіны не зьяўляецца супрацоўнікам бухгальтэрыі НДТРК. Узьнікае пытаньне: чаму за расходаваньне гэтых сродкаў Рыбакоў даваў справаздачу не бухгальтэрыі, як гэта мае быць, а кіраўніку дзяржавы? І навошта прэзыдэнту справаздача па грошах, якіх ён не выдаваў?

Факт, што ў НДТРК мелі месца «левыя» паступленьні валюты, якія не праходзілі праз звычайную фінансавую справаздачнасьць, пацьвердзіў і намесьнік старшыні НДТРК Аляксандар Мартыненка. Згодна зь яго паказаньнямі ў судзе, па так званым спэцпраекце ён выдаваў журналістам АТН каля 3 тыс. даляраў у месяц. Можна дапусьціць, што Мартыненка падпрацоўваў касірам у НДТРК, але нават у гэтым выпадку ён ня мог выдаваць журналістам грошы ў валюце. Гэта забаронена законам.

Небезьвядомы Рыгор Кісель, даючы паказаньні ў судзе, расказаў, што расходаваньне сродкаў па спэцпраекце кантралявалася і вялося толькі па мэтавым прызначэньні — выключна для журналістаў АТН. Зрэшты, да журналістаў даходзіла толькі частка сумы: Рыбакоў, паводле яго слоў, на спэцпраекты атрымліваў штомесяц 6,5 тыс., а Мартыненка выдаваў «чэсным» толькі 3 тысячы. Дзе ж рэшта?

Асаблівы падыход

Калі б разбор вёўся так, як таго патрабуе закон, сьледчыя і суд абавязаны былі б высьветліць, хто даваў Рыбакову і журналістам АТН валюту, зь якіх крыніц вялося фінансаваньне спэцпраекту, чаму яно не праходзіла праз бухгальтэрыю НДТРК, а калі праходзіла (ня выключана і такая магчымасьць), то якім чынам. Паколькі справаздачы па выкарыстаньні валюты Рыбакоў накіроўваў у Адміністрацыю прэзыдэнта на імя кіраўніка дзяржавы, то можна было б высьветліць сумы ўсіх выплат. Але і гэтага зроблена не было.

Справа дайшла ўвогуле да маразму. Як канстатаваў суд, прыведзеныя абвінавачваным крыніцы дастатку, якія ён хацеў выкарыстаць для пакупкі дому ў вёсцы, не пацьвярджаюцца доказамі, бо з кастрычніка 2003 г. так званы спэцпраект ужо не існаваў і Рыбакоў ня мог разьлічваць на паступленьне сродкаў зь яго. Іншымі словамі, судзьдзя толькі абазначыў часавыя рамкі паступленьня незаконнай валюты, ня даўшы гэтаму ніякай юрыдычнай ацэнкі. З такім жа посьпехам можна было не зьвяртаць увагі і на прызнаньні забойцы, робячы акцэнт на тое, што ён пазбавіўся ад прылады злачынства і больш ня мог яе скарыстаць.

Добры жарт

Паводле прыгавору зь Ягора Рыбакова была спагнана нанесеная дзяржаве шкода ў памеры 212,933 млн руб., што складае каля 100 тыс. даляраў. Як няўдалы жарт можна прымаць і пастанову суду ў той частцы, дзе асуджанаму дадзены тэрмін добраахвотнага пагашэньня шкоды ў частцы грамадзянскага іску — да 1 красавіка 2005 г. Жарт заключаецца ня ў даце, а ў тым, што ў выпадку адмовы ад добраахвотнага пагашэньня шкоды суд пастанавіў зьвярнуць спагнаньне на грашовыя сродкі Рыбакова, якія былі арыштаваныя і здадзеныя на захаваньне ў бухгальтэрыю пракуратуры рэспублікі. Гаворка ідзе пра грошы, адабраныя ў абвінавачванага пры вобыску, а таксама вернутыя прадаўцом дому. Гэта — пад 360 тыс. даляраў і 11 тыс. эўра, якія пасьля вынясеньня прыгавору павінны былі быць канфіскаваныя ў даход дзяржавы. Цяпер жа выходзіць, што Рыбакоў кампэнсуе імі нанесеную Белдзяржтэлерадыёкампаніі шкоду. Але калі грошы не былі канфіскаваны ў даход дзяржавы, а зь іх толькі 100 тыс. спагнаны на кампэнсацыю шкоды НДТРК, дык каму адышлі 260 тыс. даляраў і 11 тыс. эўра, якія засталіся?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0