2005. Лу і ліст Стрындбэрга

Нарвэскі брашурыст Эрленд Лу ў кнізе пра Фінляндыю «Найлепшая ў сьвеце краіна» адхіліўся ад тэмы і напісаў колькі словаў пра Швэцыю: «Я чуў, што ў Стакгольме на пісьмовым стале Стрындбэрга ляжыць такі неадкрыты ліст. Ён не пасьпеў ускрыць яго перад сьмерцю, а потым яго так і пакінулі. Незразумела, падабаецца мне тое ці не. Усё-такі гэта нейкая міфаманія. Цікава, што напісана ў гэтым неадкрытам лісьце? Музэйшчыкі хочуць, каб мы пра гэта думалі, начамі ня спалі, гадалі, што ж там можа быць, але мяне гэта чамусьці не хвалюе. Пляваць я хацеў, што там напісана. Мне і без таго ёсьць аб чым падумаць. Напрыклад: пра Фінляндыю». Лу думае пра Фінляндыю, а я — пра Беларусь, дзе музэйшчыкаў-міфаманаў таксама хапае. Да прыкладу: менскія музэйшчыкі хаваюць інтымны дзёньнік Максіма Багдановіча, яны таксама хочуць, каб мы начамі ня спалі, а думалі, як Максім інтыміўся з Клаваю. Менскія музэйшчыкі больш цынічныя за стакгольмскіх, бо нашыя начамі чытаюць Максімавы дзёньнікі, самі чытаюць, а народу не паказваюць. Мне, як і Лу, пляваць на міфаманію скнарыстых музэйшчыкаў, бо сам я тыя запісы праглядаў і ведаю, як Максім заінтыміўся з Клаваю. Каб ня быць у хаўрусе зь міфаманістымі музэйшчыкамі і брашурыстам Лу, які так і не сказаў чытачам пра зьмест ліста, напісанага Стрындбэргу, скажу: Максім любіў Клаву па-простаму, без вычварэньняў, цёпла любіў і радаваўся той любові.

21.04.2005

2004. Кася і 200 латаў

Паспрачацца ды выйграць — мілы ўчынак. А прайграць? Ну немагчыма заўсёды выйграваць… Але ж хочацца, і яшчэ як карціць, хоць цудоўна ведаеш: у спрэчцы заўсёды дурань прайграе падлючаму монстру. Хочацца быць монстрам зь лішкам ведаў? Так. Хацелася таго і Касі Андарсан (Нічыпаровіч). Кася даўно пераехала ў Рыгу, выйшла замуж, стала грамадзянкай Латвіі, але цікаўнасць да радзімы і белпатрыятызм ня страціла. Калі хто зь сяброў прыяжджае зь Беларусі ў Рыгу, дык чуе Касіна «як-там-у-нас?». Аднаго разу беларусачка пачула такое: «Хадзіў у менскі Макдональдс, еў дранікі…» «Жартуеш?» — «Не!» — «Ты што, нас — беларусаў зусім за лохаў абарыгеністых трымаеш? Якія дранікі ў Макдональдсе?» — «Звычайныя, з бульбы, са сьмятанаю, нават смачна! Ня верыш? Давай паспрачаемся!» Кася прайграла ажно 200 латаў з-за таго, што беларускі кулінарны патрыятызм набыў такую этнаграфічную форму, як залаты дранік у Макдональдсе.

28.04.2005

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0