Гэтая кніга можа быць прачытаная рознымі спосабамі, аналізаваная ў розных кодах, альбо, як любіў казаць адзін зь пэрсанажаў Борхеса Анорыё Бустас Домек, — «убачаная праз розныя акуляры».

Спосаб першы, непазьбежны, хаця, можа, і ня самы цікавы — генэрацыйны. З гэтае пэрспэктывы кніга Югасі К. можа быць расцэненая як маніфэст дваццацігадовых, з усёй узроставай пазнавальнасьцю эмоцый, стаўленьняў, думак і непрадуманага. Дваццацігадовыя насяляюць гэтую кнігу ад першай да апошняй старонкі: яны размаўляюць, маўчаць, кахаюць адзін аднаго, п’юць піва, здаюць сэсію, зноў размаўляюць, пішуць казкі, фантастычныя апавяданьні й маленькія гісторыі пра самоту, чакаюць натхненьня, каханьня, грошай і тэлефонных званкоў. Пры ўсёй сваёй адрознасьці і ўнутранай канфліктнасьці яны трымаюцца разам ды не пускаюць у свой сьвет чужых. Чужыя, калі й паўстаюць на даляглядзе, дык у лепшым выпадку на правох зьвяроў-суайчыньнікаў Харэўскага: дзіўныя зьнікаючыя істоты, вартыя вывучэньня, аховы ды шкадаваньня.

Гэты сьвет можа падацца ненатуральным: мы не знаходзім у ім аніякіх знакаў беларускай рэчаіснасьці: адраджэньня, змаганьня, супраціву. Аніякіх сымптомаў адчуваньня сябе ў культурным гета. Аніякай заклапочанасьці лёсам гаротнай бацькаўшчыны і роднай мовы. Аніякіх сьведчаньняў таго, што мы лічым праблемамі выжываньня. Зрэшты, у прозе Каляды няма нават канфлікту пакаленьняў.

Дык што перад намі — утопія? Ідылія? Кіч? Ці наадварот, рэакцыя на пераўтварэньне ўсіх вышэйазначаных рэчаў (адраджэньне, змаганьне, супраціў) у культурныя штампы, непрыдатныя для літаратуры?

У параўнаньні з творчасьцю трыццацігадовых, у прозе Каляды пануе дзіўная расслабленасьць. Пасьля Бахарэвіча зь яго беларусамі на крышталёвых шарах, пасьля Евы Вежнавец зь беспрытульнымі хохлікамі, што крадуць цукар у калідорах Газэты выборчай, проза Каляды можа падацца нават сэнтымэнтальнай. Але ненадоўга.

Як бы там ні было, але ў гэтую ідылію вечнай маладосьці прарываюцца іншыя, дарослыя пэрсанажы: на самым пачатку — Палітык (які застаецца безыменным), пры канцы — выкладчык, дацэнт і адраджэнец Афанасі. Менавіта гэтая закальцаванасьць кнігі пераўтварае ўтопію ў дэтэктыў: напачатку палітык забівае ў сабе самоту (і ўскосна вінны ў сьмерці маленькай пісьменьніцы), напрыканцы Афанасі забівае ў сабе каханьне. Наратарка кнігі (яна ж аўтарка і адна з гераіняў) плянуе маштабную помсту: яна кідае два ўнівэрсытэты ды пачынае вучыцца на пракурора. Паралельна пачынае пісаць кнігу «Галоўная памылка Афанасія», у якой імкнецца зблытаць літаратуру і рэчаіснасьць (пераўтвараючы рэальных людзей у пэрсанажаў ды наадварот, нацкоўваючы пэрсанажаў на рэальных людзей) ды скіраваць чытача ў іншыя бакі. У пэўным сэнсе кніга і мусіць быць асноўнай помстай Югасі К.

Вось такая інтэрпрэтацыя.

Могуць быць і іншыя. Так, Ігар Бабкоў, якому кніга надзвычай спадабалася (хаця ён так і ня змог уцямна растлумачыць чаму), пракамэнтаваў ідэю помсты Югасі К. наступным чынам:

«Жыцьцё — гэта непазьбежная памылка, якая нас выбірае пры нараджэньні, тое, што з намі здараецца, ад чаго мы ня можам ухіліцца. Літаратура ж — салодкая помста за гэтую прамінаючую непазьбежнасьць».

Альбо, іншымі словамі:

адыходзіць жыцьцё

без адказу жыцьцё

ды любоў, ды любоў яму ўся

за пытаньне.

Францішак N.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0