Зоркі спрыялі Лукашэнку ў 2004 годзе Малпы. 2006-ты год Сабакі — не ягоны. Ён спрыяе народжаным у гады Каня і Сабакі. Калі верыць клясычнай астралёгіі, ён будзе для Беларусі годам пераменаў. Самы ж небясьпечны праціўнік для Панны — Рыба. Асновы астралёгіі вывучаў Мікола Багдановіч.

Знаўцы клясычнай астралёгіі даводзяць, што чалавек, які нарадзіўся ў пэўны год ці месяц, мае толькі яму ўласьцівыя рысы. Бо зоркі, як і гадавыя і шматгадовыя прыродныя цыклы, ня могуць не ўплываць на нараджэньне і разьвіцьцё чалавека.

Дэспатычныя пераходы

Напачатку пра знакі задыяка.

Паводле астролягаў, тыранічныя рысы характару найчасьцей выяўляюцца ў людзей, народжаных пад пераходам з знаку на знак, на якіх адбіліся рысы адразу дзьвюх сумежных дэспатычных «жывёлаў». Гэта людзі, што нарадзіліся ў 20-х чыслах кожнага месяца. Плюс/мінус некалькі дзён.

Найбольш небясьпечным лічыцца пераход з сузор’я Авэна ў Цяльца (трэцяя дэкада красавіка). На думку вядомага расейскага астроляга Сяргея Вронскага, людзі, народжаныя ў апошняй дэкадзе красавіка, «на рэдкасьць ганарлівыя, самаўлюбёныя, цынічныя, з прагай пахвалы. Яны навязваюць сваю волю, капрызы і прыхамаці, эгаістычныя, карысьлівыя, жорсткія, бязьлітасныя, нягнуткія, упартыя і бескампрамісныя». Да такога пераходнага знаку належаць Адольф Гітлер (20.04.1889 даты нараджэньня даюцца паводле новага стылю), Уладзімер Ленін (22.04.1870,), Зянон Пазьняк (24.04. 1944), Уладзімер Жырыноўскі (25.04.1946), Садам Хусэйн (28.04.1937).

У адным шэрагу з Чаўшэску і Мілошавічам

Небясьпечным зьяўляецца дэспатычны пераход «Стралец—Казярог» — Леанід Брэжнеў (19.12.1906), Іосіф Сталін (21.12.1879), Мао Дзэ-дун (26.12.1893) — а таксама пераход «Казярог—Вадаліў» — Эдуард Шэварднадзэ (25.01.1928) ды Нікалае Чаўшэску (26.01.1918), што прывялі свае краіны да эканамічнага калапсу.

Прэзыдэнт Беларусі нарадзіўся пры канцы жніўня (30.08.1954), калі дзейнічае пераход «Леў—Дзева». Да гэтага пераходу належаць Напалеон Банапарт (15.08.1769), цар Іван IV Жахлівы (25.08.1530), кіраўнік ГДР Эрых Хонэкер (25.08.1912), Слабадан Мілошавіч (29.08.1941) ды рымскі імпэратар Калігула (31.08.12).

Аратары-Коні

Важную ролю ў лёсе чалавека адыгрывае і год нараджэньня. Так, на думку С.Вронскага, людзі, што нарадзіліся ў год Каня (1918, 1930, 1942, 1954, 1966, 1978), «маюць аратарскі талент, любяць вялікія відовішчы і забавы, імкнуцца быць у цэнтры ўвагі і падзей, нікога ня слухаюць, робяць, што хочуць, на сьвет глядзяць толькі са сваёй званіцы, пасьпяховыя ў палітыцы. Часам самаўпэўненасьць у іх зьмяняецца на недавер да сябе, які выклікае ўспышкі гневу і ярасьці. Яны сапраўдныя эгаісты; могуць растаптаць любога, хто апынецца на іх шляху перашкодай; любяць слухаць у свой адрас пахвалу і адабрэнне; нетактоўныя, вострыя на язык, рызыкоўныя і авантурныя».

Кар’ерныя цыклы

Астроляг Рыгор Кваша ў «Цыклічным гараскопе» энцыкляпэдыі гараскопаў «Знайдзі сябе па знаку нараджэньня» пайшоў далей і вызначыў нават кар’ерныя цыклы для кожнага з гадоў.

Так, з 12-гадовага цыклу для кар’еры вельмі важныя свой год, два супольныя зь ім (±4 і ±8 гадоў) і чатыры кармічныя: кармічны год (рэвалюцыйны, пераломны), год адсутнасьці слугі (другі кармічны), антыкармічны (самы пасьпяховы, але сьмяротна небясьпечны) і адсутнасьці гаспадара (другі антыкармічны, небясьпечны, але добры для кар’ернага прасоўваньня тых, у каго кар’ера адстае ад рэальных магчымасьцяў і здольнасьцяў).

Конскія посьпехі правіцеля

Праілюструем прыведзеную ніжэй табліцу. Прэзыдэнт Беларусі нарадзіўся ў 1954 г. (год Каня), стаў дэпутатам парлямэнту ў 1990 г. (год Каня), кіраўніком дзяржавы — у год Сабакі (1994), які наагул спрыяльны для гадоў гэтай тройкі «валевікоў» — Каня, Тыгра і Сабакі. 1996 год (год Пацука) быў для яго кармічным і мог або «раздушыць» імпічмэнтам, або даць новыя далягляды ўлады яшчэ на 12 гадоў. Дарэчы, апошні рэфэрэндум быў праведзены ў 2-гі антыкармічны год Малпы (2004).

Аналягічны лёс напаткаў камуністычнага кіраўніка Беларусі Пятра Машэрава, які нарадзіўся ў год Каня (26.02.1918). Гады Каня былі лёсавырашальнымі ў кар’еры: у 1942 — камандзір партызанскага атраду, у 1954 г. — другі сакратар Менскага абкаму КПБ, з 1966 г. — член Прэзыдыюму ВС СССР. У антыкармічны 1959 год Кабана Машэраў стаў сакратаром ЦК КПБ.

Пасткі для Каня

Варта таксама памятаць, што другі антыкармічны год Малпы (1980, 1992, 2004) вельмі небясьпечны для Каня. У гады Малпы памерлі Машэраў і прафэсар Міхась Ткачоў (нар. у 1942 г., год Каня, памёр у 1992 г.). Наступны небясьпечны год для людзей, народжаных у год Каня — 2016.

Але прэзыдэнт нарадзіўся таксама пад знакам Дзевы, а для такіх людзей уяўляе небясьпеку знак Рыбаў, што разьмешчаны якраз насупраць. Адлічыце шэсьць месяцаў.

Рыбы-пераможцы

Віктара Юшчанку (23.02.1954), Міхаіла Гарбачова (02.03.1931), Ваіслава Каштуніцу (24.03.1944) яднае ня толькі тое, што яны прынесьлі з сабой дэмакратыю. Усе яны нарадзіліся блізу сузор’я Рыбы (20.02—21.03 ±3дні)! Прычым Рыба-Гарбачоў прыйшоў на зьмену Дзеве-Чарненку, Рыба-Каштуніца —Дзеве-Мілошавічу.

Рыбы хоць і лічацца самым слабым знакам задыяку, але, здараецца, сам Лёс выбірае іх, каб перамагчы больш моцных.

Якія яны — рыбы?

Рыбы — інфармацыйны водны знак. Яны мяккія, лагодныя, цярплівыя, пяшчотныя, шчырыя, сьціплыя, вельмі зычлівыя і сяброўскія, ня любяць гвалту і зьдзекаў, і ў адрозьненьне ад іншых знакаў, не падпадаюць пад дэспатычныя пераходы задыяку. Рыбкі богабаязныя, часьцей праўдалюбцы, стараюцца нікога ня крыўдзіць, гатовыя бескарысьліва дапамагчы людзям, апекаваць хворых, старых і слабых, гуманныя і альтруістычныя. За ўсё гэта іх і шчыра любяць у народзе.

Добрыя аратары, разумныя, духоўна і інтэлектуальна разьвітыя, дабрадушныя і сумленныя, але адначасова і славалюбівыя, што і штурхае іх у палітыку з высакародным жаданьнем стварыць ідэальнае, гарманічнае, справядлівае грамадзтва. Бо яны — ідэалістычнага, рэлігійнага, філязофскага складу мысьленьня. Ім адкрыты невядомыя тайны прыроды і Сусьвету, астралёгіі, рэлігіі, псыхалёгіі і нетрадыцыйнай мэдыцыны. Каб усе былі «рыбкамі», не было б войнаў, бо яны не трымаюць зла нават на ворагаў. У той жа час яны ўпартыя, рашучыя і настойлівыя ў дасягненьні высакароднай мэты. Могуць стаць змагарамі і абаронцамі прагрэсіўных ідэй і глябальнай перабудовы, ахвяруючы здароўем і часам.

Фатальны дэфіцыт Рыбы

Таму можа быць прычына ў паразе выбараў-2001 у тым, што ні Домаш (02.01.1950), ні Ганчарык (29.04.1940), ні Гайдукевіч (08.09.1954) не былі паводле гараскопу Рыбамі? Мо пакуль адзіным кандыдатам ад апазыцыі ня стане «рыбка», ніякія рэсурсы й паліттэхналёгіі нам не дапамогуць? І варта зважаць ня толькі на палітычныя заслугі перад грамадзтвам, а таксама і разьмяшчэньне зорак?

Паводле астролягаў, наступны, 2006-ты, год Сабакі (1910, 1922, 1934, 1946, 1958, 1970, 1982, 1994) можа несьці рэвалюцыйныя перамены ў краіне, народжанай пад знакам Авэна (25 Сакавіка), а вось 2005 год (Пеўня) для рэвалюцый неспрыяльны.

Гады Пеўня (1909, 1921, 1933, 1945, 1957, 1969, 1981, 1993) — даволі жорсткія, рэакцыйныя, гады навядзеньня «парадку», зь цяжкай працай і пагрозай беспрацоўя, зь людзьмі ў вайсковай форме ў імя «парадку», з высокай ступеньню злоўжываньняў і злачынстваў.

Затое 2005 год спрыяльны для прыняцьця важных рашэньняў, а наступны, 2006-ты, — для іх выкананьня.

Шукаем Коней, Тыграў і Сабак

2006 год спрыяе перамогам людзей, якія нарадзіліся ў цотны год. Асабліва спрыяльным ён абяцае быць палітыкам, народжаным пад знакамі Тыгра, Сабакі і Каня.

Калі верыць клясычнай астралёгіі, няпростым абяцае быць гэты год для прэтэндэнта на званьне «адзінага кандыдата», новага лідэра сацыял-дэмакратаў Аляксандра Казуліна (25.11.1955 — Стралец-Каза). Крыху болей шанцаў у партнэраў па кааліцыі «Дзясятка» — Лябедзькі (27.06.1961, Бык) і Шушкевіча (15.12.1934, Сабака).

2006 год найбольш спрыяльны для людзей гадоў-«валевікоў»: Каня (1954, 1966), Сабакі (1958, 1970) і Тыгра (1950). Для Тыгра гэты будзе яшчэ і другі антыкармічны год — сьмяротна небясьпечны і кар’ерны, як для Юшчанкі (году Каня) быў 2004-ты год Малпы. Таму, калі апазыцыі карціць пайсьці па ўкраінскім варыянце зьмены ўлады, як мінімум, трэба вылучыць чалавека, які нарадзіўся ў год Тыгра або Сабакі. І, пажадана, пад сузор’ем Рыбы. Ну і пажадана, каб ён быў надзейным чалавекам і быў маладзейшым за сёньняшняга прэзыдэнта.

Паводле гэтага гараскопу, найлепшую для перамогі кандыдатуру трэба шукаць сярод людзей, што нарадзіліся між 20.02—25.03(Рыбы зь пераходам уАвена) у гады Сабакі й Тыгра.

Год Тыгра (1938, 1950, 1962) надзяляе людзей супрацьлеглымі характарамі — або вельмі пазытыўным, або вельмі адмоўным.

Першыя — сьмелыя, самаахвярныя і добрыя рыцары гонару і справядлівасьці, якія настойліва бароняць слабых, высакародную ідэю і справу.

Другія — ганарыстыя, самаўпэўненыя, нястрыманыя, упартыя да наравістасьці, уражлівыя, запальчывыя і раздражняльныя, жорсткія, рэзкія, канфліктныя і патрабавальныя. Яны добрыя кіраўнікі, рэвалюцыянэры, правадыры, ваяры; бываюць рызыкоўныя да безразважлівасьці; уладалюбівыя, бескампрамісныя, эгаістычныя ў дробязях, але бескарысьлівыя ў вялікім; не спыняюцца перад рангамі і герархіяй улады; выступаюць супраць кансэрватызму, бюракратызму, палітычнага дагматызму і мяшчанскага складу мысьленьня; імкнуцца наперад да недасягнутага.

Таварыскі тып самаўлюбёны, любіць быць у цэнтры ўвагі і падзей, пахвалу, лісьлівасьць і паказуху. Замкнутаму тыпу не хапае самаўпэўненасьці, неабходны мацнейшы партнэр. Затое ўсе яны любяць відовішчы, стадыёны, мастацтва і ўсё моднае. І могуць пазбавіць ад вялікіх няшчасьцяў, ад зладзеяў, хітруноў і круцялёў.

Людзі году Сабакі (1946, 1958, 1970) заўсёды на варце: абараняюць іншых, змагары за справядлівасьць, верныя, адданыя, шчырыя і справядлівыя; любяць справядліва крытыкаваць; чэпкія, ведаюць, як змагацца, і змаганьне даводзяць да перамогі; выдатныя арганізатары і кіраўнікі, людзі ім давяраюць; высакародныя, велікадушныя, сумленныя, добразычлівыя, пасьлядоўныя, цярплівыя і клапатлівыя ў дачыненьні да падначаленых, любяць дагаджаць людзям; без эмацыйных успышак; сьціплыя, задавальняюцца тым, што маюць; абавязковыя; спачувальныя; з крытычным і лягічным розумам, інтэлектуалы, філёзафы і маралісты; аскеты, якім, аднак, не праблема зарабіць шмат грошай; працавітыя і працаздольныя.

Кандыдатуру трэба шукаць найперш сярод людзей, што нарадзіліся між 20.02—24.03 (Рыбы) у 1950 і 1962 гады Сабакі, ці, у горшым выпадку, у 1958 г. Тыгра.

Віртуальны гараскоп

Табліцу знакаў гэтага гараскопу можна паглядзець на сайце: abz.narod.ru і ў энцыкляпэдыі Рыгора Квашы, якую ён стварыў, прааналізаваўшы кар’еры тысячаў людзей.

Знакі віртуальнага гараскопу будуюцца на спалучэньні вядомых задыякальнага і гадавога гараскопаў. Знак задыяка адказны за пляны, а год — за магчымасьці іх ажыцьцяўленьня.

Паводле кітайскага календара, год Сабакі пачнецца 29 студзеня 2006 году. Таму ў апазыцыйнага асяродку яшчэ багата часу, каб адшукаць «адзінага».

У астралёгію і «сумяшчальнасьць па жыцьці» можна верыць ці ня верыць. Адно факт — перш, чым галасаваць, трэба даведацца як найбольш пра кандыдатаў.

Заўвагі і пытаньні дасылайце на е-mail: [email protected].

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0