У пакоі Ўльляны Рыгораўны два ложкі. Адзін яе, другі — пусты. На ім — фота сына ва ўніформе. Чорнай стужкі няма, толькі бел-чырвона-белы сьцяжок намаляваны ў правым ніжнім кутку. 7 траўня спаўняецца шэсьць год з дня выкраданьня Юр’я Захаранкі. Рэпартаж з Васілевіч Алеся Кудрыцкага. Васілевічы. Невялічкае палескае мястэчка — лічы, вёска. Драўляная хата ў канцы ціхай вуліцы. Шэры плот. На дрэвах ужо зьявіліся пырскі зялёнага лісьця.

У парослы травой дворык выходіць маці Юр’я Захаранкі ў блакітным фартуху, у барвовай кофце, у чорнай хустцы з малюнкам ліловых лістоў. «Дзякуй, што вы прыехалі», — увесь час паўтарае яна невялічкай групе журналістаў, юрыстаў ды сваякоў іншых зьніклых, якія, як і штогод, прыехалі яе наведаць на праваслаўны Вялікдзень. «Вось, старая стала, з кіёчкам хаджу», — кажа 81-гадовая Ўльляна Рыгораўна, павольна падымаючыся па прыступках, і плача-плача. Ульляна Рыгораўна дагэтуль чакае сына.

У хаце падлога ды мэбля засланая стракатымі кілімчыкамі, паўсюль безьліч чырвоных ды аранжавых штучных кветак. «У нас жа сем магілаў, на кожную трэба адвезьці», — кажа яна і запрашае да стала. «Стулікі стаўляйтэ, а на бухвеце чарачкі». Цярэбіць рукамі чыстую насовачку, ды прыкладае яе да губ. «Жыву я адным днём. Перажываньне такое — вось паспрабуй. Адзін сын ляжыць у магіле, другога няма. Я ж іх глядзела, расьціла, памагала ім усю жызьнь, колькі жыла. Жджом сыночкаў, усё жджом».

«Калі Юра — на парог і я гляну, у мяне сэрца адразу разарвецца, — гаворыць яна. — Колькі я выплакала… Ён заўсёды пастукае ў акно, і я ведаю, што гэта Юраў стук. А цяпер ня стукае… Гляджу на фатаграфіі ды плачу. У кожнай сям’і сваё гора. Трэба жыць як набяжыць».

Пакой Юр’я Захаранкі зусім маленечкі — ложак стаіць акурат ад сьцяны да сьцяны, толькі аднаму чалавеку і легчы. Партрэты, фота, паштоўкі, юбілейныя міліцэйскія вымпэлы, яшчэ бел-чырвона-белыя. «Юра прыяжджае — кажа: я ў мамы аддыхаю. Яна мне і зварыць, і пасьцельку пасьцеле».

У пакоі Ўльляны Рыгораўны два ложкі. Адзін яе, другі — пусты. На ім — фота сына ва ўніформе. Чорнай стужкі няма, толькі бел-чырвона-белы сьцяжок намаляваны ў правым ніжнім кутку.

Пра вайну

Хустачка Ўльляны Рыгораўны зьбіваецца назад, а пад ёй — белая каса, закручаная вакол галавы. Ульляна Рыгораўна сьпешна папраўляецца. «У мяне косы былі чорныя, як галка, віліся!» Цяпер яны ўжо зусім сівыя зрабіліся.

Муж Ульляны Рыгораўны ўжо 27 год як памёр. Таксама быў у Нямеччыне, у канцлягеры. Зусім хворы дадому вярнуўся. На сьцяне — фота брата Ўльляны Рыгораўны, Васіля Рыгоравіча Лазарэнкі, з залатой зоркай на грудзях. «Прыйшоў з хронту, сільна ранены, героя атрымаў на вайне пад Ленінградам. Танкістам працаваў, ногі перабітыя. Ехаў на матацыкле — сэрца спынілася. Два вякі ніхто не жыве, усе паміраюць».

Саму Ўльляну Рыгораўну на пачатку 1942 г. угналі ў Нямеччыну. Там яна працавала ў рэстаране ў Кёльне. «Гора і страху хапіла. Ну, рабілі, а што зробіш?» Бязьдзетная гаспадыня казала маладой Ульляне: «Вось вайна скончыцца, мы з табой паедзем да цябе дадому, а потым вернемся, ты будзеш у мяне насьледніца». А тая кажа: «Не, я тут жыць ня буду. Толькі дамоў».

А потым у часе авіяналёту на Кёльн бомбамі забіла і гаспадыню, і гаспадара, і афіцыянта, і ўкраінку, якая таксама там працавала. Ульляна Рыгораўна выжыла, бо пайшла па ваду. «Пачалі шукаць. Хазяйку я пазнала — у клетачку паліто сьветлае, а ў Марыйкі было цёмна-сіняе з хлясьцікам. На трупы нельга было паглядаць. Галава расплескана, як достачка. Столькі там нэрваў вытрацілі, столькі выплакалі…»

А потым Ульляна Рыгораўна трапіла ў лягер, дзе выраблялі дрот. Там яна і пазнаёмілася з будучым мужам. «Мы езьдзілі зь Юрам туды ў 1991 гаду, былі ў тых мясьцінах, немцы запрасілі, — апавядае яна. — Там былі яшчэ палякі, украінцы — 60 чалавек, што ўгналі».

Пра надзею

Вольга Завадзкая, маці Дзьмітрыя, кажа: «Матчына сэрца хоць і плача, і баліць, але яно самае надзейнае ў чаканьні ды пакутах». «Я думаю, што яны жывыя. Людзі мне без канца так кажуць», — уздыхае Ўльляна Рыгораўна. «А я таксама так думаю, — ківае Зінаіда Ганчар. — Трэба ж камусьці так думаць. А то журналісты пішуць ужо пра іх як пра памерлых».

«Я надзеюся, што я Юры дажду. Можа, іх куды пазвозілі. Я ўсё думаю, што ён жывы. Ну і ва Ўкраіне дачка сястры езьдзіла да варажыянкі. Іншая жанчына варажыла, і ёй сказалі: ты прыедзеш дамоў, а твой сын будзе мёртвы. І так было. А на Юру — «жывы-жывы», сказалі. А праўда гэта ці крыўда…» — апускае галаву Ўльляна Рыгораўна.

Пра сяброў ды ўладу

Яўген Захаранка, хрэсьнік Ульляны Рыгораўны, кажа: «Хто быў тады сябрам, тыя і цяпер сябры. А хто прышвартаваўся да генэральскіх лямпасаў…» «Сюды часта быўшыя прыяжджаюць, ваенныя, кажуць, мы зь Юрам вельмі знаёмыя, Юра вельмі харошы, — расказвае Ўльляна Рыгораўна. — Нікога ня ўбіў, ні ў кога ня ўкраў, такі быў трудзяшчы, ён і за плугам ходзе, ён і дровы коле, ён і двор падмятае, і грубку ўмее паліць, усё ўмее… Яны прастыя хлопцы, гэта не гарадзкія».

Віншавальная капэрта-трохкутнік з копіяй прэзыдэнцкага подпісу да Ўльляны Рыгораўны яшчэ не дайшла. «А клопату? Мне іх паздраўленьні… Галоўнае, каб сказалі, куды дзелі сыночка».

«Пабачце — анучкамі папрыкрывала стулікі старыя, так і жыву. Юра кажа: «Мама, я абшыю дом, а потым прыедуць, праверуць, скажуць: міністар накраў. Не хачу я. Буду бедны, як усе». А той выступаў першы раз: «Абакраў МВД!» Штоб над табой вароны каркалі…»

Аднак іншага разу Ўльляне Рыгораўне думаецца: «Здаецца, як паехаць бы ў той Крэмль, расказаць яму ўсё, так ён і памякчэў бы».

На сьцяне ў пакоі — чорна-белы фотапартрэт Юр’я Захаранкі. Знаёмыя рысы твару, тая ж лёгкая ўсьмешка, якая на здымках Юр’я схаваная ў вусах. Пад партрэтам — гадзіньнік. Сэкундная стрэлка паволі паўзе па крузе, рух мінутнай незаўважны, а гадзінная, здаецца, нерухома стаіць на месцы. Хаця з моманту зьнікненьня Юр’я Захаранкі яна прагарнулася ўжо больш за чатыры тысячы разоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0