Ад дачкі легендарнай Зоські Верас Галіны пачуў: за два-тры дні да скону яе матуля ўжо нічога ня памятала, толькі трызьніла, паўтарала, гукала: "Фабіян! Фабіян! Фабіян!"

Дачку Зоські Верас Галіну, ды ня толькі яе, уразіла, што яе матуля падчас трызьненьня гукала не сваіх дзяцей, не матулю сваю, урэшце, не свайго мужа Антона Войціка, зь якім пражыла 22 гады, а менавіта Фабіяна. Хто такі гэты Фабіян?

Адказ знаходзім ва ўспамінах Зоські Верас, а дэталі — у яе пакуль не апублікаванай перапісцы. Гаворка ідзе пра Фабіяна Гіляравага, сына Шантыра, літаратара, грамадзкага і палітычнага дзеяча. І першага — грамадзянскага — супружанца Зоські Верас, тады яшчэ Людвікі Савіцкай.

Пазнаёмілася яна зь неардынарным юнаком Фабіянам у 1915 г., неўзабаве пасьля таго, як прыехала ў Менск з Гарадзеншчыны. Фабіяну было 28, а Зосьцы Верас — 23.

«А жылі мы па-ваеннаму, — згадвала Зоська Верас, — ня разам, а асобна, і «езьдзілі да сябе ў госьці» ды пісалі амаль кожны дзень. Што перажылося — гэтага не раскажаш, не апішаш. Было ўсяго: і добрага, і благога. То сходзіліся, то разыходзіліся… Бачыце, папала каса на камень. Я не была з тых мяккіх натураў, якімі можна кіраваць, мела сваю волю, свае погляды. Да таго ж вельмі рознае выхаваньне, рознае паходжаньне… Але гэта не перашкаджала: цанілі адзін аднаго. А я і шмат выбачала, калі было патрэбна…»

У двух лістах да мяне Зоська Верас якраз згадвае пра свае сустрэчы з Фабіянам у Бабруйску, пра тагачасныя палітычныя ўмовы ў горадзе на Бярэзіне: «Ён, як ваенны, выехаць адтуль ня мог, а я не хацела кідаць свае працы ў Камітэце помачы ахвярам вайны. І вось мы час ад часу езьдзілі да сябе ў адведзіны на дзень, найбольш на два... Шпіталь на 600 ложкаў зьмяшчаўся ў крэпасьці, там жа жыў мой муж... Грубыя муры, панурыя вузкія калідоры. Але салі (залі. — Аўт.) хворых і памяшканьні пэрсаналу сьветлыя, зь вялікімі вокнамі…

Першы раз я там была ў красавіку 1917 году. Паехала разам з трупаю Ф.Ждановіча, якая мела выступіць у Бабруйску на просьбу Ф.Шантыра (маю яго ліст у гэтай справе) — са спэктаклем «У зімовы вечар» Э.Ажашковай…

Прыяжджаючы на які дзень, я часта памагала мужу ў шпітальных рахунках — шасьцьсот хворых гэта ня жарты! — або езьдзілі глядзець заарандаваныя для шпіталю сенажаці і г.д... Быў нейкі добры клюб, дзе выступала беларуская трупа Ждановіча, а артыстаў на начлег і вячэру ўладкавалі ў самім шпіталі. Вячэрай я займалася пры помачы салдата… Была там моцная бел. арганізацыя — Бел. сац. грамада, мітынгі, зьбіралася па 300 асоб. Часта лекцыі-вечарыны з выстаўкамі бел. кніг і іх прадажай. Ладзілі Купальле…».

У канцы 1918 г. Зоська Верас пакінула галодны ды халодны Менск, паехала на радзіму сваіх дзядоў на Сакольшчыну: цяжка захварэла маці.

З Фабіянам дамовіліся, што празь нейкі час, як толькі будзе мажлівасьць, прыедзе туды і ён. Неўзабаве пасьля прыезду на Сакольшчыну, прыгадвае Зоська Верас, нарадзіўся сынок… А ў даволі хуткім часе — вестка праз газэты аб сьмерці Фабіяна Шантыра. Але то была не натуральная сьмерць. Яго, 33-гадовага няўрымсьлівага экс-камісара БССРаўскага ўраду, расстралялі бальшавікі.

Больш даверліва Зоська Верас пра свае стасункі з Фабіянам Шантыром распавяла Вандзе Лявіцкай-Лёсік. І гэта зразумела: Ванда Лёсік і Зоська Верас — даўнія сяброўкі. То з кім, як ня з Вандаю, зашчыраваць, расказаць ёй самае патаемнае, чаго іншаму — ні-ні:

«Дарагая мая, мілая Вандачка!

Цікавішся, як злажылася маё жыцьцё? Ну што ж, пачну «споведзь», хоць крыху баюся, што асудзіш мяне, а мо і прыязьнь Твая да мяне аслабне…

Мушу пачаць з апошніх месяцаў у Менску 1918 г. Ты, пэўна, помніш, што я мела выходзіць замуж за Ф.Шантыра. Ён прасіў згоды маёй мамы, быў у ксяндза Гадлеўскага, каб даведацца, якія патрэбны дакумэнты і г.д. Але тут умяшаўся Р.Зямкевіч. Паехаў спэцыяльна ў Бабруйск і нагаварыў, што я вяду сябе немаральна, маю каханкаў. Ш. мне гэта выказаў, але закончыў, што ён усё ж такі жаніцца не адмаўляецца. Я, абураная, адказала, што ласкі не патрабую. Прайшоў час. Апошнія месяцы ў Менску былі для мяне страшэнна цяжкія. Мама мая хварэла, ляжала ў шпіталі, а я чулася такая загубленая, адзінокая. Хоць, праўда, Фальскі і Ксеня Сьцяпанаўна ні на хвіліну мяне не пакідалі і мамай маёй апекаваліся.

Я вельмі тужыла па сямейным жыцьці, з зайздрасьцю глядзела на кожнае дзіця на вуліцы… Якраз тады я ізноў некалькі разоў спаткалася з Ш. Ну і — сталася…

Я выехала не адна — у 1919 г. радзіўся сын, ужо ў Горадні. Прозьвішча свайго бацькі ён дастаў пры хрысьце. Вось мой грэх. Строга судзіш? Што ж, мо і варта…»

(Зь ліста Зоські Верас да Ванды Лявіцкай ад 15 жніўня 1964 году.)

Фабіян Шантыр стаў першай бальшавіцкай ахвярай з так званай беларускай намэнклятуры. Зоська Верас праз усё жыцьцё лічыла Шантыра сваім першым мужам — бацькам свайго сына.

Таму нядзіўна, што Зоська Верас на сконе жыцьця адзіна гукала Шантыра:

— Фабіян! Фабіян! Фабіян!

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0