Чаму гітлераўцы атакавалі Савецкі Саюз ужо летам сорак першага, будучы яшчэ ў два-тры разы слабейшымі?

Маючы менш усяго, і то значна: самалётаў, танкаў, артылерыі, урэшце, жывой сілы. Невыпадкова Сталін не адразу паверыў рапартам, што Нямеччына выступіла з вайною. Слабейшы пакрочыў на мацнейшага.

Афіцэрскіх кадраў драматычна не хапала пасьля масавых расстрэлаў 1930-х. Пушчана «ў расход» тады было пад сорак тысяч камандзіраў; у выніку такое чысткі камандавалі палкамі сяржанты, а дывізіямі — маладзенькія лейтэнанты. Словам, аматары. Немцы гэта разумелі як вялікую аказію і ўдарылі першымі, бо праз два гады не было б так лёгка ім ісьці ў Расею, бы той нож у масла. Акружылі і ліквідавалі велізарныя армейскія групоўкі, напрыклад, беластоцкую, у тры дні. Савецкая Армія здавалася ў нямецкі палон сотнямі тысяч.

Быў момант, што немцы разгубіліся, ня ведаючы, што рабіць зь незьлічонай чалавечай масай. Памятаю выган у Крынках, на якім густа сядзелі савецікі, а вэрмахтаўцы ня надта іх і пільнавалі. Куды пабягуць? Зноў у збожжа або ў жабраніну аб кавалак хлеба ў вёсках?

Салдат расейскай арміі ніколі ў сваіх ня быў у пашане, а ў савецкай існаваў ён, як быдла. Падлічана было пасьля, што сьмерць аднаго вэрмахтаўца абыходзілася пяцьцю савецкімі сьмерцямі. Былі выпадкі, што слалі ў бой няўзброеныя атрады (на ржэўскім напрамку). Славутыя энкавэдоўскія «заградительныя отряды» мелі заданьне біць з кулямётаў па сваіх, калі тыя, не вытрымліваючы нямецкага націску, кідаліся адступаць. Было толькі «Вперёд!» — тады, можа, выжывеш, бо, назад адыходзячы, напэўна накладзеш галавою ад кулямётаў энкавэдыстаў.

У тых жа Крынках, памятаю, у ліпені сорак чацьвёртага палегла сотня наступаючых саветаў і… адзін немец. Чаму так? Бо саветы лезьлі на нямецкія акопы… п’янымі! Які камандзір дадумаўся б напаіць свой атрад сьпіртам?! Паслаць малапрытомную салдатню на немінучую сьмерць. Немцам аўтаматы пераграваліся!..

Што сьвяткавалі цяпер у Маскве? Савецкую безгаловасьць ці ганьбу Савецкай Арміі, якая ў фінале татальна рабавала Нямеччыну?

Паводле «Czasopisu»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0