На артыкул «Палута ці Ларыса» ў «НН» адгукнуўся чытач з Горадні. Ён паведаміў, што бачыў запаветную фатаграфію ў гарадзенскім Музэі Максіма Багдановіча ў экспазыцыі, прысьвечанай Ларысе Геніюш.

Дырэктарка музэю Алена Гайко пацьвердзіла нам гэта. Але ўпэўненасьці ў тым, што на фота сапраўды Геніюш, ня выказала. Такім чынам, арыгінальны здымак знойдзены! Ён датаваны 1927 г.

Аналіз вопраткі пацьвярджае, што здымак адносіцца да 20-х гадоў ХХ ст. Для тае пары была характэрна свабода формы. Адзеньне не абцягвае цела. Мяккія тканіны маскіруюць натуральныя лініі фігуры. На той час модная кароткая стрыжка, ярка нафарбаваныя губы, рэзка падкрэсьленай формы бровы, вочы з апушчанымі вейкамі. Характэрны для тагачаснай моды капелюшы-званы, якія цалкам закрываюць валасы, або шыракаполыя капелюшы, але таксама глыбока пасаджаныя на галаву.

Фатаграфія трапіла ў музэй ад Дануты Бічель-Загнетавай, якая асабіста зналася з паэткай і атрымала ад яе фатаздымак у падарунак у 1982 г. Фатаграфія, паводле слоў спн.Дануты, была зроблена ў праскі пэрыяд жыцьця паэткі (пры канцы 1930-х), калі яна магла сабе дазволіць апранацца адпаведна эўрапейскай модзе, была маладой і прывабнай жанчынай і, магчыма, яшчэ ня мела звычкі падціскаць вусны пры фатаграфаваньні, калі пазавала перад фатакамэрай.

Думкі, што на здымку Ларыса Геніюш, прытрымліваецца таксама Пятро Рашэтнік, які пазнаёміўся з паэткай у савецкім канцлягеры і сябраваў з Геніюшамі да канца іхнага жыцьця.

Дасьледаваньне гэтай гісторыі на старонках «НН» не засталося без увагі кандыдата гістарычных навук Міхася Чарняўскага, які браў непасрэдны ўдзел у стварэньні зэльвенскага помніка паэтцы. На яго думку, малаімаверна, што на здымку-паштоўцы Ларыса Геніюш. Надпіс «Ваша Ларыса» цалкам мог быць, паводле меркаваньня гісторыка, жартоўным. Вочы, нос, вусны, прапорцыі рысаў твару не стасуюцца зь іншымі вядомымі здымкамі паэткі.

Падобнай думкі трымаецца і беларуская паэтэса, журналістка радыё «Свабода» Валянціна Аксак. На спрэчным здымку, паводле яе слоў, без сумневу, выява не Ларысы Геніюш. У паэткі на ўсіх вядомых фатаздымках сьціснутыя, расьцягнутыя вусны. Нідзе няма пачуцьцёвых, рамантычных рыс — наадварот, фатакарткі паэткі прэзэнтуюць твар мужнай, мэтанакіраванай жанчыны, падкрэсьлены, да таго ж, валявым падбародзьдзем.

А што думае Анатоль Сідарэвіч, які дасканала ведае гісторыю беларускай сацыял-дэмакратыі? Ён упэўнены, што на здымку дакладна не Палута Бадунова.

Архівістка Аляксандра Гесь трымаецца такога самага меркаваньня. Ня ведае, чаму зьявіўся гэты здымак у кнізе «Краіна Беларусь», і Ўладзімер Ляхоўскі, які рыхтаваў фотаматэрыялы з найноўшай гісторыі Беларусі для гэтага выданьня. Вядомы гісторык аўтарытэтна сьцьвярджае, што гэта не Палута. На думку сп.Уладзімера, іканаграфія гісторыі Беларусі ўвогуле слаба распрацаваная, і выпадкаў, калі аўтары ці рэдактары робяць памылкі ў анатацыях да фатаздымкаў, ня так ужо і мала.

Што ж мы канстатуем? Мы маем здымак нявыяўленай асобы, апазнаць якую няма магчымасьці. Больш-менш дакладна можна сьцьвярджаць, што гэта не Ларыса Геніюш (95%) і не Палута Бадунова (80%).

Будзем шукаць далей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0