Тапанімічныя забабоны ўладаў — не суб’ектыўны капрыз, як сьцьвярджае апазыцыя, а заранак культурнай рэвалюцыі.

Фэльетон Лёліка Ушкіна.

Калдырна, што і казаць, адрэагавала наша грамадзкасьць на зьмену назваў цэнтральных праспэктаў сталіцы. Дружна сьпісалі навацыі на эгацэнтрызм кіраўніка дзяржавы, быццам бы яму недаспадобы езьдзіць па праспэкце імя Машэрава.

Я разумею нашых інтэлектуалаў. Пакуль яшчэ цяжка без эмацыйнага ступару асэнсаваць згаданыя рэформы. Фэномэну вандруючых назваў вуліц гісторыя яшчэ ня ведала. Калі такая ратацыя будзе працягвацца і далей, то да 2045 году праспэкт Скарыны пераедзе на Вэлясыпэдны завулак.

Між тым, сэнс тапанімічнай рэформы куды больш маштабны. Дэ-факта гаворка ідзе пра новы падыход да партызанскай спадчыны. Цяпер яна, відавочна, трактуецца ўжо не як эпізод (нават супэргераічны эпізод) гісторыі, а, выкарыстоўваючы тэрміналёгію Яспэрса, як нацыянальны «восевы час». Час, калі ў беларусаў прабудзілася нейкая калектыўная рэакцыя на знадворныя геапалітычныя раздражняльнікі.

Натуральна, узьнікае крамольная думка: калі партызанскі рух быў самай маштабнай праявай беларускай справы, то чаму б яго інстытуты не адаптаваць да сучаснасьці? Чаму, напрыклад, не замяніць адмінвэртыкаль партызанскай вэртыкальлю? Наверсе павінен знаходзіцца камандзір брыгады, які без усялякіх падзелаў паўнамоцтваў аддае загады. За выкананьне якіх, па законах вайсковага часу — чытай, залатога веку беларускай гісторыі, — «піф-паф». Сапраўды, вельмі эфэктыўны грамадзкі мэханізм, зь якім можна лёгка вырашаць праблему падваеньня ВУП.

І натуральна, можна і трэба паставіць пытаньне пра ролю вэрбальнай формулы і лінгвістычнай адзінкі ў працэсе вяртаньня да партызанскіх вытокаў нацыі.

Гэта заўважыў яшчэ Канфуцый, які на пытаньне кіраўніка царства Вэй, што б ён зрабіў, прыйшоўшы да ўлады, у першую чаргу, адказаў: «Абавязкова выпраўлю імёны… калі імёны ня выпраўленыя, то мова не ідэальная; калі мова не ідэальная, то ў справах няма посьпеху; калі у справах няма посьпеху, то рытуал не карыстаецца аўтарытэтам — у такім разе пакараньні не дасягаюць мэты». Як вынік — рэзультат: «Народ зьбіты з толку і ня ведае, што рабіць».

Іншымі словамі, мова (і перш за ўсе, назвы) — стратэгія адміністрацыйнага кіраваньня, мэта якога — канструкцыя этычных паводзін.

Праблема палягае ў тым, што прысутнасьць новай тапанімікі вельмі фрагмэнтарная і, калі не перанесьці новыя павевы ў штодзённае жыцьцё, экспэрымэнт можа накрыцца бумбаўлітаўскім тазікам.

Таму фіналам сучаснай кампаніі за правільныя назвы павінна быць нешта падобнае да рэформы імёнаў у Турэцкай Рэспубліцы. Каб давесьці сьвецкі характар дзяржавы, прэзыдэнт Мустафа Кемаль загадаў усім туркам выбраць новыя імёны, якія не нагадвалі б пра асманскае мінулае. Натуральна, падчас гэтага шапачнага разбору Кемаль адхапіў сабе самую «пятку», выбраўшы імя Атацюрк, што ў перакладзе азначае «бацька ўсіх турак».

Чым мы, беларусы, горшыя — няхай кожны выбера сябе новае імя, зьвязанае з часамі ВАВ. Напрыклад, я б без балды з задавальненьнем узяў сабе імя Падполі, а калі б быў кабетай — Вялікая Зямля. Ну а Яму сам бог загадаў перахрысьціцца ў «Бацьку ўсіх партызан» (БУП).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0