Падтрымка палітвязьняў ці сем’яў зьніклых, абарона Ліцэю ці гарадзкой тапанімікі — у кожным прынцыповым пытаньні незалежнае грамадзтва дзейнічае выключна салідарна.

Людзі розных поглядаў, мовы і веры выяўляюць выяўляе поўнае адзінства на грамадзянскім узроўні, у базавых пытаньнях. Гэта непазьбежна знойдзе свой адбітак на палітычным узроўні.

ПУЦІН НЕ ЗГАДАЎ БЕЛАРУСІ ў сваёй прамове на Краснай плошчы 9 мая. Не згадаў і Ўкраіны, Польшчы. Не было мовы пра нашы краіны і ў ягоных шматлікіх інтэрвію эўрапейскім СМІ. Гэтага можна было чакаць, хоць гэта, у прынцыпе, абуральна. Усё ж менавіта нашы краіны найбольш пацярпелі ў той вайне. Па справядлівасьці, дык і з трыбуны мусіў бы выступіць не адзін Пуцін, а хоць бы хтосьці з цэнтральнаэўрапейскіх кіраўнікоў разам зь ім. Перамога належыць Беларусі, Украіне ў роўнай ступені з Расеяй. На жаль, у Расеі былі занятыя самасьцьвярджэньнем, а кіраўнікі Беларусі і Ўкраіны занадта розныя, каб салідарна дзейнічаць у інтарэсах дзьвюх краінаў.

ЗАСТАЕЦЦА ЗАГАДКАЙ, ЧАМУ ЛУКАШЭНКА, ЯК І СААКАШВІЛІ, Адамкус і Руйтэль, манкіраваў парад 60-годзьдзя ў Маскве, насуперак ранейшым плянам. Прычыны гэтае прыніжальнае адсутнасьці будуць, трэба думаць, у цэнтры ўвагі СМІ на гэтым тыдні.

ЗА ПОМПАЙ І ПАТЭТЫКАЙ сьвяткаваньня Дня перамогі прасьвечваў фармалізм і цынізм. Абы не парушыць зацьверджаны сцэнар параду ў Менску, падлеткаў трымалі пад халодным дажджом. Усё дзеля таго, каб зрабіць з вайны пачатак беларускай гісторыі. Пра гэта піша Віталь Тарас.

ГЭТЫ НУМАР “НН” сабраўся з гістарычных матэрыялаў. Драматычная і рамантычная гісторыя жыцьця былога вязьня Ўладзімера Лялькова — гэта гісторыя каханьня, мацнейшага за турэмныя муры. Яна будзе цікавая ня толькі старэйшаму пакаленьню, якое памятае сьцюжныя гады сталінізму. Іншую гісторыю каханьня апавядае Ўладзімер Содаль. Яе героі — пэрсанажы рэальныя і гістарычныя, Зоська Верас і Фабіян Шантыр. Нарэшце, на старонцы 17 — новыя акцэнты ў палеміцы вакол Саюзу вызваленьня Беларусі, што працягвае публікацыі мінулых нумароў. Але вядома ж, пачніце з Соф’і Менскай. І як толькі гісторыкі не заўважалі такой гісторыі?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0