Дэмакратыя — гэта фашызм. Гэта не цытата з раману Оруэла «1984». Гэта асноўны ідэйны пасыл Беларускага тэлебачаньня нашых дзён.

Другая сусьветная вайна назаўсёды адыходзіць у эпоху мітаў — разам з дырыжаблямі. Але тапаніміку ўсё яшчэ спрабуюць выкарыстоўваць для зьвядзеньня рахункаў з палітычнымі апанэнтамі. Піша Віталь Тарас.

Напярэдадні 9 траўня 2005-га беларусы даведаліся аб перайменаваньні дзьвюх галоўных вуліц сталіцы. Праспэкт Скарыны цяпер будзе праспэктам Незалежнасьці, праспэкт Машэрава — Пераможцаў. Прынясеньне нацыянальнай гісторыі ў ахвяру сучаснай палітыцы сталася амаль рытуальным. Затушоўваньне імёнаў нядаўняга мінулага — характэрная прыкмета нашага часу. Імя Пятра Машэрава пакінута за меншай вулічкай. Выкарыстаньне тапанімікі ў мэтах зьвядзеньня рахункаў з палітычнымі апанэнтамі (у дадзеным выпадку — з дачкой былога кіраўніка БССР) сустракалася і ў ранейшай гісторыі...

У астатнім 9 траўня было амаль такім самым, як заўжды. Начныя рэпэтыцыі параду, сьвяточныя трыбуны — вялікія й малыя, з высокім і ня надта высокім начальствам на іх, дэфіляда тэхнікі, шэрагі вэтэранаў, сагнутых пад цяжарам узнагародаў, зухаватыя сувораўцы, начны салют і гуляньні. Але ў той самы час цяжка было пазбавіцца ўражаньня, што ўсё гэта назаўжды адыходзіць у нябыт. Так бы мовіць — апошні парад наступае...

Абы не было вайны

Расьцяжкі й транспаранты на вуліцах: «9 мая — 60 год Вялікай Перамогі!» — усе былі на аднолькавы лад, як быццам па зацьверджанай недзе невядомымі ваеннымі цэнзарамі кальцы. На гэтым тле віншаваньне ад фірмы «Вэлком» магло падацца нават арыгінальным. На бігбордзе зь лягатыпам гэтай кампаніі можна было прачытаць: «Дзякуй за 60 гадоў мірнага жыцьця!». А з плякату ўсьміхаюцца маладыя сэксапільныя дзяўчаты... Аднак жа і тут зусім відавочна скарыстаная на новы лад старая няхітрая формула: абы не было вайны.

Дык яе й не было. І не магло быць. Проста ня можа быць тае вайны, пра якую пісалі савецкія пісьменьнікі, якую малявалі савецкія мастакі, паказвалі ў савецкім кіно, пра якую распавядалі з экранаў тэлебачаньня савецкія вэтэраны. Тая праўда аб вайне, аб якой здолелі напісаць Адамовіч, Быкаў, пахаваная пад тонамі твораў баталістаў-марыністаў, сьмершаўцаў-гэбістаў, рознага рангу запісных партыйных кіраўнікоў. Некалькі адносна праўдзівых фільмаў і тэлеперадач сталіся толькі дадаткам, заўвагай на палях шматтомнай афіцыйна-патрыятычнай эпапэі «гісторыя Вялікай айчыннай».

Клімаўская карціна «Ідзі й глядзі» паводле Адамовіча, якая выйшла ў 1985-м, была прыхільна сустрэтая часткай тагачасных кінакрытыкаў і вельмі халодна — беларускімі кінематаграфістамі. А далей, як у вядомай п’есе — цішыня. Адзін суцэльны бясконцы кінафотарадыётэлесэрыял пра гераічных воінаў і партызанаў.

60 — лічба магічная. Ва ўсходнім календары, як вядома, ёсьць 12-гадовы цыкл, дзе за кожным годам замацаваная назва пэўнай міталягічнай жывёлы. Кожны знак мае пяць розных праяваў — паводле колеру й прыналежнасьці да розных відаў стыхіі. Пяць 12-гадовых пэрыядаў утвараюць поўны завершаны цыкл.

З гледзішча чалавечага веку, 60 гадоў — гэта той адрэзак часу, які чалавек здольны ўсьвядоміць як нешта цэласнае і агляднае, тое, што можна супаставіць са сваім жыцьцём. Далей пачынаецца гісторыя. Альбо міталёгія... Гэта ўжо залежыць ад таго часу, у якім жыве чалавек. І ад яго ўласных здольнасьцяў, зразумела. Напрыклад, ад уменьня й жаданьня думаць.

Ня толькі штатныя ідэолягі ды інжынэры чалавечых душаў канструявалі міт пра вайну. Самі яе ўдзельнікі-вэтэраны ахвотна прымалі ўдзел у стварэньні ідэалізаванага (паводле савецкіх узораў) аблічча вайны. Ім не навязвалі вобразаў герояў — яны самі хацелі сябе такімі бачыць. Дакладней, лічылі, што так трэба. І не памыляліся, бо гэтага вымагала ад іх дзяржава, заснаваная на мітах. Пры гэтым вэтэраны самі добра ведаюць цану сваім расказам «на тэлекамэру».

Гераіні кнігі Алексіевіч «У вайны не жаночае аблічча» распавядалі ёй пра сваё вайсковае жыцьцё так, як распавядалі б сваім сяброўкам. Але ўбачыўшы свае апавяданьні надрукаванымі, абурыліся і нават падалі на аўтарку ў суд. Вядома, аб вайне так пісаць няможна. Яны ж павінны быць гераінямі, прыкладам для нашчадкаў...

Склероз як сымбаль

Апатэозам такой манеры можна лічыць 10-сэрыйную стужку, паказаную на БТ адмыслова да сёлетняга юбілею.

Фільм распачынае закадравы аповед старога чалавека, які спрабуе ўспомніць нешта пра 22 чэрвеня 1941 году, але хутка пачынае плакаць, не разумеючы цалкам, пра што і да чаго ён гаворыць. Рэжысэр, які ў адмысловай тэлеперадачы назваў яго «новым словам у дакумэнтальным кіно», без усялякага сораму выстаўляе гэты маразматычны плач як свайго роду сьцяг, эмацыйны зачын... Амнэзія выдаецца за... праўду аб вайне. Вось ужо сапраўды сымбаль сучаснай кінадакумэнталістыкі!

Рэжысэру й заказчыкам фільму не прыходзіць да галавы, што выкарыстаньне сьлёз няшчаснага склеротыка дзеля ілюстрацыі «народнага подзьвігу» ў вайне выглядае амаральна — хаця б у дачыненьні да саміх вэтэранаў.

Зразумела, што міты паасобку не нараджаюцца. Часьцей за ўсё яны ствараюцца парамі. Так, побач зь мітам пра савецкага, чыстага, як крышталь, воіна або партызана створаны міт пра паліцая-калябаранта. А паколькі ў сучаснай Беларусі паліцаяў не павінна было застацца, бо тады, хочаш ня хочаш, губляецца вобраз беларусаў, якія «ўсе як адзін» сталі на абарону Радзімы, то ворагаў шукаюць у суседніх Польшчы ці краінах Балтыі. І знаходзяць, зразумела. У асобе былых жаўнераў Вафэн-СС, напрыклад. «Гэтыя фашысты», маўляў, шпацыруюць па вуліцах Рыгі ці Таліна, прыцясьняюць рускае насельніцтва ды пагражаюць мірнаму стваральнаму жыцьцю новай Беларусі...

Пра тое, колькі засталося тых вэтэранаў, ці могуць яны камусьці чымсьці пагражаць, гаворкі няма. Гэта трэба глытаць з тэлеэкрану, таксама як і міт пра гераічны подзьвіг савецкага народу, без разважаньняў — рэфлекторна.

Прапагандысцкія міты ствараюцца не дзеля таго, каб у іх верылі. Міты ствараюцца дзеля зручнасьці, каб кожны хутка мог вызначыцца на практыцы: свой—чужы. Савецкі (значыць, часьцей за ўсё, расейскі) — свой, беларускі нацыяналіст — чужы. Масква — надзея і апірышча. Захад — асяродак зла й распусты…

Наколькі даўгавечнымі застануцца міты, зьвязаныя з вайной? Ці доўга ўдасца іх яшчэ выкарыстоўваць кіроўнаму рэжыму? Каб адказаць на гэтае пытаньне, варта ўспомніць гісторыю іншага міту, які яшчэ нядаўна здаваўся такім самым вечным, як міт пра Вялікую Перамогу. 60-годзьдзе Вялікага Кастрычніка таксама адзначалася надзвычай пампэзна, у абстаноўцы «патрыятычнага ўздыму ўсяго савецкага народу». Так пісалі газэты, але ніякага ўздыму ці хаця б падабенства на энтузіязм у сапраўднасьці не назіралася. Бо не было ўжо амаль нікога з вэтэранаў Кастрычніцкага перавароту, як называлі яго самі бальшавікі.

«Прыйдзе Вялікая кастрычніцкая рэвалюцыя!»

Сярод агромністай колькасьці кніг і спэктакляў на тэму Кастрычніка не было ніводнага твору, які дажыў бы, застаўся цікавым да сёньня. Чапаеў зь Леніным разышліся на анэкдоты. Мюлер з Штырліцам чакалі свайго часу. Тады ў беларускім літаратурным асяродку была папулярнай пародыя на аднаго раманіста. Селяніна — героя ягонага раману, дзеяньне якога адбываецца пасьля Рэвалюцыі 1905 году, пакрыўдзіў нейкі пан. У адказ селянін пагражае крыўдзіцелю: «Ну, пачакай ужо — прыйдзе Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя!..»

І менавіта тады нарадзіліся абрэвіятуры для азначэньня вэтэранаў: ВОСРы і ВОВы. Ветераны Великой октябрьской социалистической революции и ветераны Великой отечественной войны.

75-годзьдзе рэвалюцыі ніхто ўжо ўрачыста не сьвяткаваў — нават камуністы. Бо не было ўжо тае дзяржавы, пачатак якой паклалі ў 1917-м Ленін і кампанія.

Вайна без канца

Упартасьць, зь якой Крэмль адмаўляецца прызнаць акупацыю балтыйскіх краінаў у

1940-м, нагадвае ўпартасьць, зь якой расейскія думцы, а таксама кіраўніцтва Беларусі спрабавалі рэвізаваць Белавескія пагадненьні ды абвесьціць развал СССР незаконным. Зрэшты, пуцінскае кіраўніцтва не хавае намераў адрадзіць Савецкі Саюз у тым або іншым выглядзе, і ключавая роля ў гэтым «адраджэньні» адводзіцца Беларусі.

І ў Маскве, і ў Менску «новыя рэваншысты» ўпарта не жадаюць заўважаць таго, што пасьля заканчэньня Другой сусьветнай вайны, Ялты й Нюрнбэргу была яшчэ трэцяя сусьветная вайна. Яна называлася «халоднай» толькі таму, што падчас яе ўжываць ядзерную зброю ўрэшце не спатрэбілася. Савецкі Саюз пацярпеў у той вайне, дакладней — у гонцы ўзбраеньняў, поўную і канчатковую эканамічную паразу.

Захад, аддаючы сёньня даніну мінуламу, шануючы памяць пра мільёны ахвяраў, уганароўваючы сваіх вэтэранаў вайны, даўно заняты постіндустрыяльнымі праблемамі сучаснасьці. Сучаснасьці, у якой няма больш процістаяньня дзьвюх супэрдзяржаваў. Новыя праблемы, што паўсталі перад Эўропай, ня менш, а мо й больш складаныя, чым тыя, што трэба было вырашаць у

ХХ ст. І вось гэтым, а ня тым, што нехта на Захадзе хоча прыменшыць значэньне вайны альбо ролю ў ёй Савецкага Саюзу, тлумачыцца той відавочны факт, што гадавіна перамогі над фашызмам ня ёсьць і ніколі ўжо ня будзе галоўнай падзеяй для Эўропы. Для эўрапейцаў гэта падзея гісторыі. Але не сучаснасьці.

А Менск і Масква ўсё яшчэ жывуць настальгіяй аб Перамозе. Бо акрамя гэтага міту больш ім пахваліцца перад сьветам няма чым.

Нехта сказаў, што генэралы заўсёды рыхтуюцца да мінулае вайны. Сёньняшнія беларускія й расейскія «генэралы» рыхтуюцца нават не да мінулай, але — пазамінулай вайны!

Калі верыць зьвесткам Інтэрнэту, нядаўна ў нетрах Міністэрства абароны Беларусі нарадзілася ідэя выкарыстоўваць у якасьці альтэрнатывы амэрыканскім самалётам-выведнікам АВАКС... дырыжаблі, які могуць несьці дзяжурства ўздоўж мяжы на вышыні 3—4 тысячы мэтраў. Дырыжаблі можна вырабляць з танных матэрыялаў, і яны эканамічныя ў эксплюатацыі. Карацей кажучы — наперад і вышэй! А можа, гэта чарговы крок да стварэньня новай рэальнасьці? Накшталт той, што адлюстраваная ў папулярным фільме «Авіятар»?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0