«Шалёныя скачкі» («Racing Stripes»)

Калі вы згубілі свой цырк і выхоўваліся на фэрме, калі вас не пускаюць да багатых суседзяў і з вас сьмяюцца чыстапародныя скакуны — толькі таму, што вы зэбра, — у вас усё роўна ёсьць шанец выйграць скачкі на іпадроме. Для гэтага трэба быць упартым, вучыцца, слухаць парады сяброў — і мець добрае сэрца.

Зэбраня Палосік, якое адстала ад свайго цырку, знаходзіць на фэрме Нолана (Брус Грынвуд) любоў і ласку дзяўчынкі Чэйні (Хейдэн Панэцьеры). У Ноланавай сям’і калісьці адбылося няшчасьце: маці Чэйні загінула на скачках. Пасьля гэтых падзей фэрмэр, які быў калісьці выдатным трэнэрам, адышоў ад коннага спорту. Але ягоная дачка мае мару. Мае мару і зэбраня.

Сямейная кінакамэдыя бэльгійца Фрэдэрыка Дзю Шо зробленая паводле ўсіх правілаў і з акуратным выкарыстаньнем кампутарных тэхналёгій. Жывёлы ў фільме (як у папярэдніх амэрыканскіх камэдыях коцікі, сабачкі, сьвінкі) размаўляюць, дэманструючы ўсё багацьце чалавечае мімікі й дасьціпнасьць (асабліва гаваркімі зьяўляюцца дзьве гнаявыя мухі-рэпэркі, ад якіх дастаецца адмоўнаму герою — каню-моцарталюбу).

Дабро перамагае, а кепская цёця-іпадромшчыца, якая змагаецца за чысьціню конскай крыві, ідзе адмывацца.

Антырасісцкі патас карціны, зробленай пры ўдзеле Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, увасоблены ў форму нясумнага й простага відовішча.

Сябры Палосіка — казачныя характары-маскі. Мудрая каза, дасьведчаны мул, прыдуркаваты певень-гадзіньнік і прыблудны пэлікан, гангстэр і выхваляка. Усе яны — і нават мухі-рэпэркі — шчыруюць на ніве выхаваньня сапраўднага пераможцы (якім можа стаць кожны, хто мае спагадлівае й добрае сэрца — і волю змагацца за сваю мару).

Гэтае кіно не хапае зорак зь неба; яно саступае бліскучаму «Ў пошуках Нэма», але фільм «Шалёныя скачкі» зроблены прафэсійна, лёгка й годна.

ЗША—ПАР, 2005, каляровы, 84 хв.

Жанр: кінакамэдыя для ўсёй сям’і

Адзнака: 5 (з 10)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0