Дрэнна, калі СМІ становяцца сродкамі масавай прапаганды (ці прамыўкі мазгоў). Тады татальна, мэтанакіравана ачышчаецца сьвядомасьць чалавека ад відавочнага, разумнага, «неістотнага»… Мо толькі суровая рэальнасьць ці асобасная ўстойлівасьць могуць засьцерагчы ад ідэалягічнай навалы.

«З кім, на вашу думку, падтрымлівае сяброўскія дачыненьні Рэспубліка Беларусь?» — такое пытаньне было прапанавана жыхарам Маладэчна ў часе незалежнага сацыялягічнага дасьледаваньня ў лютым–сакавіку. «Думкі ў лічбах» звычайных грамадзян азадачылі… Аб’ектыўныя паказчыкі гістарычнага, культурнага, эканамічнага і стратэгічнага разьвіцьця нашай краіны зусім не дапускаюць таго шэрагу дружалюбных краін, які быў атрыманы. У парадку ўбываньня рэйтынгу гэта Расея, Казахстан, Украіна, Польшча, Кітай, Германія, Літва, Латвія. Прыгледзімся ўважлівей. Казахстан не ўваходзіць і ў пяцёрку нашых найважнейшых гандлёва-эканамічных партнэраў, знаходзіцца за тысячы кілямэтраў ад Беларусі, а тут упэўнена займае другую прыступку пасьля «нашай» Расеі, пераўзыходзячы ў працэнтных адносінах шматвяковых суседзяў Польшчу, Літву, Латвію разам узятых! Дый асацыюецца гэтая ўсходняя краіна ў масавай сьвядомасьці часьцей з тэлевізійным абліччам Нурсултана Назарбаева на бясконцых рытуальных самітах. Што Казахстан — вынік мітатворчасьці «на патрэбу сёньняшняга дня», ускосна пацьвярджае тое, што ў меркаваньнях больш пажылых людзей «замежнапалітычная вага» гэтай краіны для Беларусі зьмяншаецца. Дарэчы, як і Кітаю… Цікава, якім чынам адаб’юцца на «віртуальным» сяброўстве з Казахстанам у сьвядомасьці людзей падзеі ў суседнім Кыргызстане?

Колькі слоў пра найбліжэйшы «паўднёвы вэктар». Да аранжавай рэвалюцыі Ўкраіна ў нашых СМІ калі й прысутнічала, дык толькі ледзь-ледзь. Між тым аб’ём узаемнага гандлю нашых краін у 2004 г. дасягнуў аднаго мільярда даляраў, а сёлета «блакітныя экраны» гавораць пра рубеж у паўтара мільярда.

Такія вось замежнапалітычныя рэбусы «для народу»…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0