Сыс і рай

У кватэры паэта вісіць густы і цяжкі дух чалавечай крыві. «Вось тут ён ляжаў. Бачыш плямы? Сястра замывала, але не замыла», — суседка Ала ня можа адвесьці вачэй ад цемных плямінаў на жаўтавата-залацістым ліноліюме. Праходжу зь вітальні ў пакой. «Хаваць будзем на Раданіцу, бо 10 траўня, на Раданіцу, брама ў рай адчыненая; і наш Цішка пойдзе адразу ў рай. Цішка… У нашым Гарошкаве Сысаў многа, таму нас клікалі Цішкамі. Бацька наш — Цішка, і мы ўсе ягоныя Цішкі, а ня Ціханавічы», — твар сястры паэта — Валянціны — зморшчваецца ад пакутлівай горычы, і яна пачынае плакаць. Іду на кухню, састаўляю пад стол пустыя бутэлькі з-пад гарэлкі і віна. Куру. Сыходжу. Па дарозе дамоў пішу разьвітальны верш:

Вядро віна цябе заўжды чакае.

Ты п’еш, бадзяешся, буяніш, п’еш,

А геніяльная душа твая сьпявае

За добрым вершам новы лепшы верш…

Здарожаны, зьнясілены пакутнік —

Ты зачыняешся ў захламлены пакой,

Дзе ў змроку тытунёва-каламутным

Бясконца п’еш любімы свой напой.

Кроў з горла выцякае на падлогу.

Кроў выцекла, зьмяшаная зь віном.

Ты — чысты — выпраўляешся ў дарогу,

У сьветлы і празрысты, райскі дом.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0