Ножыкі

Борхесу прысьвячаецца

Калі б мне давялося складаць сьпіс рэчаў, якімі ў дзяцінстве ці падлеткавым узросьце захапляўся і якія хацеў мець, то сьцізорыкі, нажы, ножыкі займалі б ці ня першыя радкі. У герархіі сапраўдных каштоўнасьцяў халодная зброя значна пераўзыходзіла кніжкі, асадкі-самапіскі, модную вопратку, ровар, прыёмнік «Сьпідолу», скураны футбольны мячык, гадзіньнікі…

На старэйшых сяброў-знаёмых, тых, у каго меліся добрыя нажы, глядзеў з прыхаванай павагай, з захапленьнем і зайздрасьцю.

Нож — сьвятое. Такая тады, пры канцы семдзясятых і на самым пачатку восемдзясятых, у маім гарадзкім пасёлку была мода. Няма сапраўднага нажа — ты не чалавек. Нажамі хваліліся, ганарыліся, забаўляліся, палохалі…

Віцька зь Лёнькам у свае сямнаццаць баяліся, можа, толькі міліцыі…

1982 год. Чэрвень. Бераг возера, а насамрэч — вялікай копанкі.

Жыцьцё за дзесяць гадоў, пакуль Лёнькі не было ў г.п., моцна зьмянілася. Знакамітай танцпляцоўкі ў парку ня стала — дошкі згнілі, іржавую агароджу разабралі. Ліпы, каштаны ды клёны вырасьлі. Падшыванцы зрабіліся хлопцамі, дзядзькі — дзядамі. У Віцькавай малодшай сястры за дзесяць гадоў — трое дзяцей. Лёнькавы бацькі пайшлі з жыцьця. Спачатку бацька на сваім сінім мапэдзе трапіў пад колы рэйсавага аўтобуса. Дожджык папырскаў — асфальт сьлізкі, вось мапэд і панесла на скрыжаваньні вуліцы і шашы. А праз тры гады маці не стала. Пайшла зранку па хлеб — самлела на вуліцы пад крамай. Сьпёка стаяла, парыла перад навальніцай — сэрца і спынілася.

Ён распытваў пра знаёмых, я адказваў, калі ведаў. Ён смактаў з рыльца піва і глядзеў на возера, быццам там у вадзе нешта адбывалася.

Лёнька гаварыў зь ледзь заўважнай, амаль няўлоўнай грэблівасьцю да свайго мінулага: «…у мяне быў нож.

І ў майго стрыечнага брата Віцькі быў нож.

Мы іх разам зрабілі. Стараліся. Сабе ж…

У мяне з чорным вузкім лязом і касьцянымі тронкамі, зь цьвёрдага ласінага рога. Зграбны такі ножык атрымаўся. А Віцькаў — зь лязом шырокім, на два пальцы, бліскучым, як тое люстэрка. Пры вялікай ахвоце паглядзецца ў халоднае жалеза можна, а пры жаданьні — зайчыкаў у вочы пускаць. Віцька на паўгалавы за мяне вышэйшы, і рукі ў яго, вядома ж, даўжэйшыя. А мяне і тады, і потым Малым клікалі. Я свой так навастрыў, што правядзеш па руцэ ледзь чутна — кропелькі крыві праз імгненьне высыпаюць. А Віцькавым паперу можна было кроіць — такі востры. У майго нажа лязо на два кулакі, а ў Віцькавага — на паўтара. Мералі ўсё, ці дастане да сэрца…

Схапіліся з братам стрыечным за танцпляцоўкай у парку. Вясной. Пры канцы траўня. Танцы яшчэ з Палацу культуры ў парк не перайшлі. Вечар. Выпілі віна. Слова за слова. Як заўсёды і пачынаецца… Я не хацеў… Ён першы пачаў. Сказаў, каб я да яго сястры ня лез, не чапаў. Казаў так, нібыта і ня ведаў, што ў мяне зь ёй даўно ўсё было. Мне ж сямнаццаць, а ёй шаснаццаць…

Віцька выхапіў свой бліскучы ножык, махануў мне перад тварам, секануў паветра. Як нос не адцяў… Я ж гэтаксама свой чорны выцягнуў. Кажу яму, каб суняўся і ня лез, — дзе там… Кажу, што з малой ягонай мы безь яго парад разабрацца зможам. А ён не — насядае, лезе. З твару зьбялеў, як той сыр зрабіўся, адно вочы чарнеюць. Кідаецца на мяне — у горла пацэліць хоча. Я, вядома ж, адскокваю. Крычу, каб ён суняўся ды супакоіўся, падла. Дзе там! Віцька ж шалёны. Калі што не па-ягонаму — адразу біцца лезе. Натура такая, кроў гарачая. Не глядзіць, хто перад ім — стары ці малы, яму бяз розьніцы. Каб я тады ўцёк — не зразумелі б… Як тады жыць? Свае і засьмяюць. Адыходжу. А ён хрыпіць, зыркае, як мяне ня бачыць ці не разумее, хто я такі. Ножыкам сваім бліскучым паветра сячэ… Бух! А за сьпінаю пруты жалезныя — агароджа танцпляцоўкі. Няма куды далей сунуцца. Віцька перакрывіўся радасна, як пад нагамі знайшоў нешта каштоўнае. Прыгнуўся і на мяне кінуўся. Я хоць і худы тады быў, але не настолькі, каб праз пруты ржавыя прашчаміцца.

Мой нож па самыя вусы ў Віцькаў жывот увайшоў. Лязо ж вузкае, як той палец… А ён мне сваім бліскучым плячо разваліў, да самай косткі раскроіў…

Тут усе крычаць пачалі. А Віцька захроп. Мяне абшчапіў і плача. Кажа, што яму зусім не баліць. А можа, і ня гэта казаў — вакол крыку на ўвесь парк. Зь яго, потым чуў, і крыві не цякло. А зь мяне раўчуком лілася. Рукаво і бок — мокрыя. Чорныя, ліпкія… Я зьбег. Ножык свой схаваў. Потым на допыце сказаў, што ў возера закінуў. Шукалі. А каб і закінуў, то не знайшлі б. Глей тут на дне. Сам ведаеш… А ножык цяжкі.

Раніцай мяне і ўзялі.

Раніцай Віцька і памёр…

На суд ні яго бацькі, ні мае не прыйшлі.

І Віцькава сястра не прыйшла — не пусьцілі, відаць, малую.

Толькі мой старэйшы брат сядзеў пад акном закратаваным і на мяне глядзеў. Непрыемна так пазіраў, як на хворага здаровы. Я яшчэ яму ўсьміхнуўся: свой жа, брат родны. А ён адно галавой пакруціў. Асуджаў… Заля была поўная — моладзі сабралася, усе знаёмыя. Усім цікава на забойцу паглядзець, а яшчэ цікавей, колькі гадоў уваляць. Дзясятку адхапіў. Адседзеў цалкам. Ніякая амністыя, а іх хапала, мне не дапамагла…»

У мяне ёсьць той нож з чорным вузкім лязом і касьцянымі тронкамі. Лёнька схаваў яго пад шыфэрным дахам чырвона-цагляных старых, ці не даваенных, хлявоў, побач з возерам. Там ён і праляжаў дзесяць гадоў, пакуль гаспадара не было. Іржа лязо паела. Зрабіла шурпатым, няроўным, крыху шчарбатым. Лёнька яго дастаў, агледзеў, абсалютна без усялякіх эмоцый на худым твары, і аддаў мне. Яму той нож быў без патрэбы. Сэнтыментальных пачуцьцяў да мінулага ён ня меў, а можа, удала навучыўся хаваць, не паказваць, не выстаўляць навідавок.

Яму той шчарбаты нож быў без патрэбы.

Больш нікога ён забіваць не зьбіраўся.

Другі раз Лёнька сеў на чатыры гады.

Каму б іншаму такая бойка сышла з рук. А Лёнька іншым ня быў. Крымінальнае мінулае зрабіла сваю справу. За бойку на аўтобусным прыпынку з камандзіровачнымі мулярамі атрымаў напоўніцу. На той час ён пасьпеў ажаніцца, а жонка пасьпела нарадзіць дачку, здаецца — Анютай клікалі. Ні дзіця малое, ні жонка маладая дапамагчы яму не маглі. Яны засталіся ў бацькоўскай кватэры на першым паверсе старога, абшаляванага бараку. Старэйшы Лёнькаў брат на той час жыў зь сям’ёй асобна, на суседняй вуліцы, у белым каапэратыўным доме. Ён пачаў заходзіць да братавай і пляменьніцы — дапамагаць: дзе кран наладзіць, замок адрамантуе, дзе лямпачку заменіць, цукеркай ці яблыкам пляменьніцу пачастуе… Карацей, закруціліся адпаведныя адносіны… На зону да Лёнькі калі і езьдзілі, то паасобку, а каб разам — дык ніколі.

Далей я магу адно ўявіць…

Лёнька выйшаў датэрмінова на некалькі тыдняў. Яго ніхто не сустракаў і ніхто не чакаў. Ноччу, самым апошнім аўтобусам, прыехаў у г.п.

Канец траўня. Цёплая ноч. Бэз, язьмін, каштаны ў квецені, гронкамі бялеюць. Хрушчы, як кулі, носяцца, гудуць, пад ліхтарамі круцяцца. Ён прайшоў побач са сваім домам. Паглядзеў на цёмныя вокны бацькоўскай, яго, жончынай кватэры. Фіранкі на вокнах былі тыя ж, у дробныя кветачкі-ягадкі. Можа, каб ён убачыў дачку ці жонку з дачкой на руках, усё б склалася інакш. Ня ўбачыў… Спалі. Нават моладзь і тая той цёплай ноччу па вуліцах ня швэндалася.

Прыйшоў да старэйшага брата. Дзе была жонка зь дзецьмі, чаму дома не аказалася — ня ведаю, але старэйшы, якому раніцай на завод, сустрэў брата радасна. Селі піць гарэлку. Лёнька з сабой прывёз. Пляшку не дапілі. Лёнька схапіў са стала нож. Звычайны такі нож — самаробны. На заводзе ў сьлясарным такія і робяць. Шырокае лязо зь нержавейкі, наборная ручка стракатая. Такім і хлеб добра кроіць, і бульбу абіраць…

Лёнька сам міліцыю і выклікаў. Патэлефанаваў і растлумачыў, што да чаго, каб сумненьняў ня мелі. Сеў на падлогу, запаліў і стаў чакаць, пакуль па яго прыедуць.

А нож на стале ляжаў. Лязом пабліскваў.

Самы звычайны нож. У кожным доме такі ёсьць.

Менск. 2005, красавік

Уладзімер Сьцяпан (нар. у 1958 у г. Касьцюкоўка на Гомельшчыне) — паэт, празаік, мастак. Аўтар кніг прозы «Вежа», «Сам-насам». Жыве ў Менску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0